Беларусы Еўпаторыі ўшанавалі памяць пра Адама Міцкевіча, які бываў у старажытным горадзе ў 1825 годзе
Актывісты мясцовай Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Крым — Беларусь” 24 снежня ўшанавалі памяць пра Адама Міцкевіча. Спачатку мы ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі, што на доме па вул. Караімскай, 53. Дошка нагадвае: у 1825 годзе вялікі паэт быў у нашым горадзе. Затым у бібліятэцы імя Лесі Украінкі мы правялі імпрэзу, прысвечаную 220-м угодкам паэта. Глядзелі фільм на беларускай мове “Нарадзіўся я літвінам” (Белвідэацэнтр, 2006), дзе ёсць аповед і пра Адама Міцкевіча, па-беларуску гучалі й вершы паэта.
Варта яшчэ нагадаць: у сяброў суполкі цяпер ёсць традыцыя: праводзіць гасцей з Беларусі (як творчыя гурты, так і асобных) па турмаршруце “Малы Ерусалім” і ля дома №53 на Караімскай распавядаць пра жыццё і творчасць нашага земляка Адама Міцкевіча. Летась я запрашала ў Еўпаторыю пагасцяваць узорны вакальны гурт “Чиполлино” з Мазыра (Гомельская вобласць), якім кіруе Клаўдзія Пуш. Дарэчы, і я ж — таксама родам з Гомельшчыны. Гэты калектыў — лаўрэат і дыпламант міжнародных конкурсаў і фэстаў. Правяла для гасцей экскурсію па горадзе, расказала пра Адама Міцкевіча. Вядома ж, у юных беларускіх сяброў быў выдатны настрой, весела блішчалі вочы — і я прапанавала ім паспяваць беларускія песні. Адгукнуліся, дружна ўступілі ў шматгалосы хор. Праспявалі адну песню, потым яшчэ. Гэта было так здорава! Бо песні ж гучалі вельмі зладжана, да таго ж — беларускія народныя. Такі лірычны экспромт, мяркую, ацаніў бы й сам Адам Міцкевіч! А ў нашым часе сабраліся вакол гледачы: слухалі ў захапленні, прытанцоўвалі, апладзіравалі.
Адам Міцкевіч, як вядома, нарадзіўся паблізу Наваградка, быў ахрышчаны, дзіцячыя гады правёў у тым горадзе. Пісаў творы — на польскай мове, аднак знакамітая паэма “Пан Тадэвуш” пачынаецца словамі “О Lіtwo! Ojczyzno moja...”, што ў перакладзе азначае: “О, Літва! Мая Айчына...” І мы ж ведаем: Літвою ў той час называлася якраз гістарычная частка Беларусі — тэрыторыі пад Наваградкам. У 1824-м распачынаўся ягоны шлях выгнанніка. У 1825-м паэт наведаў паўвостраў Крым. У Еўпаторыі агледзеў караімскія кенасы, дзе гутарыў са старэйшым газзанам Іосіфам-Саламонам Луцкім. (Кенаса — малітоўны дом караімаў ва Усходняй Еўропе. Кенасамі называюць і караімскія храмы ў Еўпаторыі. А караімамі на сярэднявечным усходзе называлі цюрак і крымскіх візантыйцаў, якія вырашылі вызнаваць юдаізм. Газзан — караімскі святар, які праводзіць набажэнствы ў кенасе. — Рэд.)
Гасцяваў паэт і ў доме еўпатарыйскага гарадскога галавы й кіраўніка крымскіх караімаў Хаджы-ага Бабовіча — якраз на тым доме і ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Для гасцей з Мазыра прачытала я на беларускай мове санет “Выгляд гор са стэпаў Казлова” Адама Міцкевіча — ён пяты ў цыкле, напісаны пасля наведвання Еўпаторыі. (Гэты санет у перакладзе Уладзіміра Мархеля друкаваў часопіс “Наша Вера” (№4, 2008). Распавяла пра знаходжанне паэта ў Крыме, міцкевічавы “Крымскія санеты”: гэта 18 лірычных вершаў. Вось так паэзія Адама Міцкевіча, беларускія песні ды нашы сяброўскія стасункі з землякамі-мазыранамі й перакінулі масток дружбы паміж народамі. А сярод удзельнікаў імправізаванага канцэрту былі беларусы, украінцы, рускія, крымскія татары.
Цяпер я рыхтую новы нумар часопіса, які раскажа пра жыццё, дзейнасць беларусаў, якія ў розныя гады гасцявалі й жылі ў Крыме, пра іх творчасці. Мяркую адкрыць нумар публікацыяй пра вялікага сына беларускай зямлі, класіка сусветнай літаратуры Адама Міцкевіча, якога ўшаноўваюць і беларусы Крыма, горада Еўпаторыя.
І яшчэ трохі — пра повязь часоў. У суполцы “Крым — Беларусь” зберагаецца ксеракопія каштоўнай кнігі “Крымъ въ русской поэзіи. Сборникъ стихотвореній”. Зборнік склаў вялікі беларус Арсень Маркевіч, які жыў і працаваў у Крыме, кніга выйшла ў Сімферопалі ў 1897 годзе. У прадмове да зборніка ўкладальнік пісаў: “Усім, каму мілая прырода Крыма, каму дорага яго мінулае, прысвячаецца гэты зборнік”. Ён выбраў лепшыя вершы, на якія творцаў натхніла цудоўная прырода Таўрыды, яе жыццё ды лёсы з мінулага. Якраз там у раздзеле другім пад назвай “Горы, долины и степи” надрукаваны лірычны верш Адама Міцкевіча “Видъ горъ изъ степей Козлова” ў перакладзе Міхаіла Лермантава. “Стэпы Казлова” — так раней называліся Еўпатарыйскія ваколіцы.
У нашай суполцы ёсць і кніга “Адам Міцкевіч. Выбраныя творы” (“Беларускі кнігазбор”, 2003), дзе змешчаны гэты ж верш, пераствораны Максімам Танкам. І якраз гэты тэкст па-беларуску я й чытала 24 снежня ля мемарыяльнай дошкі ў гонар Адама Міцкевіча ў Еўпаторыі.
Дзіна Шаўчэнка, старшыня праўлення Беларускай нацыянальна- культурнай аўтаноміі “Крым – Беларусь”
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy