У Мінску па адрасе пр. Машэрава, 35 (будынак Банка развіцця Беларусі) з-за пажару былі эвакуяваны 500 чалавек, пацярпелых няма. Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, паведамляе [1] БЕЛТА.
Паведамленне аб задымленні паступіла выратавальнікам ад дыспетчара СМС "Маланка" 18 студзеня ў 10.46. Пасля было ўстаноўлена, што загарэлася ізаляцыя электрапровадаў і пластмасавых элементаў вентылятарнага даводчыка (фанкойл) у памяшканні архіва на сёмым паверсе будынка.
Яшчэ да прыбыцця ратавальнікаў з узгараннем справіліся работнікі добраахвотнай пажарнай дружыны арганізацыі, выкарыстоўваючы вогнетушыцель. Спрацавала сістэма спрынклернага вадзянога пажаратушэння і сістэма дымавыдалення. З будынка былі эвакуяваныя 500 чалавек, ніхто не пацярпеў.
У выніку здарэння пашкоджаны фанкойл, падкопчана памяшканне архіва. Прычына пажару высвятляецца, разглядаемая версія - кароткае замыканне.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/incident/view/v-minske-iz-zdanija-banka-razvitija-iz-za-pozhara-evakuirovali-500-chelovek-333325-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni
[3] https://zviazda.by/be/tags/mns