Аўстрыя, Арменія, Бахрэйн, В'етнам, Гана, Канада, Туніс, Чарнагорыя, Чэхія і Эль-Сальвадор — дыпламаты з гэтых краін сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам сёння ў Палацы Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы сардэчна павітаў усіх паслоў і адзначыў, што пачатак іх дыпламатычнай місіі прыйшоўся на выдатны час, калі ў памяці яшчэ свежыя прыемныя ўспаміны пра светлыя святы. "Аднак мы ўжо ўключыліся ў імклівы тэмп новага працоўнага года. І я разлічваю на далейшае плённае супрацоўніцтва з вамі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Наша краіна гатова да ўзаемадзеяння з Захадам і Усходам, Поўначчу, Поўднем, калі яно будуецца на прынцыпах павагі, шчырасці і прыстойнасці".
Паводле слоў Прэзідэнта, з улікам геастратэгічнага становішча Беларусь вельмі зацікаўлена ў міры, стабільнасці, неканфліктным і эфектыўным партнёрстве. Толькі шляхам раўнапраўнага дыялогу прыбіраюцца стэрэатыпы і разбураюцца пабудаваныя на іх падмурку сцены непаразумення.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што за нашай краінай ужо трывала замацаваўся статус аднаго з ініцыятараў і актыўных удзельнікаў інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы. "Глыбока перакананы, што Мінск можа стаць месцам новага шырокамаштабнага дыялогу па пытаннях бяспекі дзяржаў у Еўра—Атлантыцы і Еўразіі. Мы будзем і надалей ініцыяваць міралюбныя праекты супрацоўніцтва, якія аб'ядноўваюць. І, вядома, падтрымліваць любыя добрыя пачынанні з вашага боку", — адзначыў ён.
Беларускі лідар таксама нагадаў, што сёння міжнародная сітуацыя імкліва змяняецца і часцяком яе складана спрагназаваць. Усё больш жорсткая канкурэнцыя ахоплівае сусветную эканоміку. У гэтых няпростых умовах ўсе дзяржавы імкнуцца выпрацаваць стратэгію супрацьстаяння традыцыйным і новым выклікам і пагрозам. Як паказвае практыка, рабіць гэта больш эфектыўна разам.
"Працуючы ў Беларусі, вы ўбачыце, што ў нашай краіне праводзяцца сур'ёзныя пераўтварэнні, асабліва ў эканоміцы. Увага акцэнтуецца на лібералізацыі дадзенай сферы, а таксама стварэнні спрыяльнага інвестыцыйнага клімату і ўмоў для вядзення бізнесу", — распавёў прысутным кіраўнік дзяржавы.
Паводле слоў Прэзідэнта, у нашу краіну прыцягваюцца з-за мяжы перадавыя тэхналогіі, але яны распрацоўваюцца і самастойна, мы пашыраем і дыверсіфікуем рынкі збыту айчыннай прадукцыі, якая славіцца сваімі высокімі стандартамі якасці.
Не менш важная ўвага ў Беларусі надаецца развіццю адукацыі, навукі, медыцыны і спорту.
"Чалавечы капітал — гэта інвестыцыі ў будучыню нашай дзяржавы, залог яго поспеху і працвітання. У кожнай з згаданых сфер у нас назапашаны значны вопыт, якім мы можам падзяліцца з нашымі замежнымі сябрамі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Азія
Беларускі лідар асобна спыніўся на развіцці адносін з кожнай з дзяржаў, чые паслы прысутнічалі на сустрэчы.
На думку кіраўніка дзяржавы, Арменія была і застаецца для Беларусі надзейным партнёрам, з якім нас звязвае шматпланавае супрацоўніцтва, у тым ліку ў Еўразійскім эканамічным саюзе і Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы.
"Мы нацэлены на пашырэнне гандлёва-эканамічнага складальніка беларуска-армянскіх адносін і гатовы ўдзельнічаць у любых праектах, у тым ліку і на тэрыторыі Арменіі, якія зацікавяць нашых армянскіх сяброў і братоў", — заявіў ён.
Цесны дыялог з В'етнамам на ўсіх узроўнях спрыяе эфектыўнаму вырашэнню актуальных пытанняў двухбаковага парадку дня. На думку беларускага лідара, сёння неабходна сканцэнтравацца на забеспячэнні росту ўзаемнага гандлю і рэалізацыі сумесных праектаў у прамысловасці, нафтахіміі, будаўніцтве, адукацыі, інфармацыйных тэхналогіях.
Беларускія прадпрыемствы гатовы актыўна ўдзельнічаць у праграмах па развіцці транспартнай інфраструктуры, здабычы карысных выкапняў і вытворчасці прадуктаў харчавання на тэрыторыі В'етнама.
"Мы зацікаўлены ва ўсебаковым і маштабным развіцці сувязяў з Бахрэйнам. Тым больш што пазітыўныя прыклады супрацоўніцтва з дзяржавамі Персідскага заліва ў нас ёсць", — адзначыў ён.
Што трэба зрабіць? Актывізаваць двухбаковы гандаль, аб'ём якога ў цяперашні час, на жаль, нязначны. Прэзідэнт падкрэсліў: мы прапануем бахрэйнскім партнёрам не толькі традыцыйныя тавары, але і высокатэхналагічную прадукцыю.
Еўропа
Паслядоўнае павышэнне ўзроўню і інтэнсіўнасці палітычных кантактаў з Аўстрыяй сведчыць аб новай якасці міждзяржаўнага ўзаемадзеяння.
Прэзідэнт высока ацаніў намаганні Вены па зніжэнні напружанасці ў Еўропе і свеце, навядзенню мастоў паміж ключавымі геапалітычнымі гульцамі. Падыходы нашых краін тут сугучныя. Паводле яго слоў, Беларусь зацікаўлена ва ўмацаванні выгаднага і канструктыўнага супрацоўніцтва, перш за ўсё ў гандлёва—інвестыцыйнай сферы.
Гранічна адкрыты прагматычны дыялог усталяваны ў нашай краіны з Чэхіяй. Рэалізуюцца сумесныя эканамічныя праекты, вядзецца праца на міжнародных пляцоўках.
"Перакананы, што далейшае развіццё двухбаковага гандлю, падтрыманне цесных сувязяў у культуры, навуцы і адукацыі будуць і надалей служыць трывалай асновай для ўмацавання адносін паміж нашымі краінамі", — сказаў Прэзідэнт.
Беларускі лідар звярнуў увагу, што ў нас ёсць нямала агульных поглядаў, якія могуць стаць апорай для пашырэння двухбаковага парадку дня з Чарнагорыяй.
Дарэчы, беларускія турысты на працягу многіх гадоў адпачываюць на чарнагорскім узбярэжжы. Ён выказаў надзею, што і народ Чарнагорыі па вартасці ацэніць выдатную прыроду Беларусі, яе культурную і гістарычную спадчыну.
Афрыка
Беларускі лідар звярнуў увагу на Афрыканскі рэгіён, які набывае для нас усё больш важнае значэнне.
Калійныя ўгнаенні і беларуская металургічная прадукцыя добра вядомыя ў сельскагаспадарчай і будаўнічай галінах Ганы. Кіраўнік дзяржавы бачыць далейшыя перспектывы для істотнага пашырэння супрацоўніцтва, перш за ўсё ў АПК і прамысловай кааперацыі.
Яшчэ, на яго думку, неабходна актывізаваць кантакты на ўсіх узроўнях з Тунісам. Гэта дапаможа прапрацаваць новыя напрамкі ўзаемадзеяння і вывесці адносіны паміж нашымі краінамі на якасна новы ўзровень.
Паўночная і Цэнтральная Амерыка
"З Канадай нас аб'ядноўвае не толькі любоў да хакея, але і шматгадовая дружба. Канадцы былі ў ліку тых, хто, не раздумваючы, працягнуў нам руку дапамогі ў цяжкія часы пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ваша краіна стала першай на Захадзе, хто цалкам адмяніў гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да Беларусі. Гэта залог далейшага пазітыўнага развіцця ўзаемадзеяння і вельмі добры прыклад для некаторых іншых нашых партнёраў. Мы гатовыя да пашырэння плённага, узаемавыгаднага супрацоўніцтва з Канадай ва ўсіх сферах".
Беларусь разглядае Эль-Сальвадор як перспектыўнага партнёра ў Цэнтральнай Амерыцы. Мы зацікаўлены развіваць двухбаковы дыялог, узмацніць гандлёва-эканамічны складнік, пашыраць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, уключаючы хімічную галіну.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь добра ведае гэтую краіну, але адносіны яшчэ вельмі слаба развіты. Кіраўнік дзяржавы выказаў надзею, што пры ўдзеле пасла сітуацыя зменіцца ў лепшы бок, паколькі нашай краіне неабходная магутная база дзяржаў для супрацоўніцтва ў Амерыцы.
У працы не забываць пазнаваць краіну
На заканчэнне Прэзідэнт шчыра пажадаў паслам поспехаў у выкананні адказнай дыпламатычнай місіі.
Ён выказаў надзею, што іх вопыт і прафесіяналізм стануць трывалай асновай для канструктыўнага ўзаемадзеяння нашых дзяржаў, а яго практычныя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць.
"Але, вядома, вырашаючы стратэгічныя задачы, не выпусціце магчымасць даведацца больш пра Беларусь. Адкрыць для сябе яе прыгажосць і ўнікальнасць, у поўнай меры адчуць ветлівасць, гасціннасць нашага народа, пазнаёміцца з культурай, гісторыяй і, вядома ж, сучасным ладам жыцця нашых людзей", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Каментарыі ў тэму
Раміз Башыч, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Чарнагорыі ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве:
— Беларусь для нас — сяброўская краіна. У нас добрыя перспектывы, мы будзем развіваць гэтыя адносіны. Тым больш, што Беларусь цяпер наладжвае адносіны з Еўрапейскім саюзам, а Чарнагорыя ўжо знаходзіцца ў гэтым перамоўным працэсе. Так што перспектывы добрыя.
Нам варта больш супрацоўнічаць у эканоміцы. Зараз таваразварот сімвалічны, паколькі Чарнагорыя і геаграфічна далёка, і ў нас маленькая эканоміка. Але я спадзяюся, што будзе лепш. А турызм у нас сапраўды вельмі добры. І нам трэба будзе больш супрацоўнічаць і ў міжнародных арганізацыях.
Ахмед Аль-Сааці, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Бахрэйн ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве:
— У першую чаргу, я б хацеў павіншаваць нашы народы і дзяржавы з тым, што мы ўсталёўваем дыпламатычныя ўзаемаадносіны, паколькі я з'яўляюся першым паслом у Рэспубліцы Беларусь. Я б хацеў звярнуць увагу на сферу развіцця нашых эканамічных адносін, хацеў бы ўсталяваць прамыя кантакты паміж прыватным і дзяржаўным сектарамі.
Акрамя таго, я планую развіваць нашы культурныя сувязі, паколькі ў вашай краіне вельмі багатая культурная спадчына. У вас выдатная музыка, выдатны тэатр. Дзяржава Бахрэйн, гісторыя якой налічвае ўжо без малога восем тысяч год, таксама валодае выдатнай культурнай спадчынай. У 2019 годзе мы плануем правесці мноства абменаў і розных выстаў, сустрэч.
Мы разглядаем Беларусь як вароты ў еўрапейскі рэгіён, тое ж самае можна сказаць пра Бахрэйн — гэта вароты для вашай краіны ў наш рэгіён.
Вядома, адкрыццё пастаяннага пасольства ў Беларусі з'яўляецца нашай мэтай, аднак мы будзем глядзець па меры таго, як развіваюцца нашы адносіны. На шчасце, Масква размешчана не так далёка ад Мінска, усяго гадзіну на самалёце, таму я буду частым госцем вашай краіны.
Фам Хай, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В'етнам у Рэспубліцы Беларусь:
— На мой погляд, падпісанне пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з'яўляецца станоўчым крокам, які значна паспрыяе паляпшэнню ўзаемаадносін паміж нашымі краінамі. Да сённяшняга дня, на жаль, нашы прадпрыемствы не маглі цалкам скарыстацца ўсімі магчымасцямі, якія адкрывае дадзены дакумент. Таму я лічу, што нам трэба прыкласці далейшыя намаганні для таго, каб зрабіць якасны рывок.
Ёсць вельмі вялікі патэнцыял для нарошчвання тавараабароту. У прыватнасці, мы зацікаўлены ў экспарце ў Беларусь сельскагаспадарчай прадукцыі. У сваю чаргу, мы зацікаўленыя ў тым, каб імпартаваць з вашай краіны рознае абсталяванне, прамысловую прадукцыю. Акрамя таго, наша насельніцтва зацікаўлена ў вашай мяса-малочнай прадукцыі.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[5] https://zviazda.by/be/tags/daverchyya-gramaty