Распрацоўкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўвайшлі ў экспазіцыю выставы навукова-тэхнічных дасягненняў, прымеркаваную да Дня беларускай навукі. Пройдзе яна 25 студзеня ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр-т Незалежнасці, 66).
На стэндзе БДУ размесцяцца інавацыі з вобласці касмічных тэхналогій, прыборабудавання, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі і іншых галін. У прыватнасці, у экспазіцыю ўвойдзе макет нанаспадарожніку БДУ “BSUSat-1”. Нагадаем, што першы ўніверсітэцкі спадарожнік у сістэме беларускай адукацыі паспяхова быў выведзены на арбіту 29 кастрычніка 2018 года. Ён стаў трэцім аб'ектам айчыннага паходжання на калязямной арбіце. Параметры апарата складаюць 20x10x10 см3, маса — крыху больш за 1,6 кг. Пры нязначных габарытах ён валодае ўсімі характарыстыкамі вялікіх універсальных спадарожнікаў: абсталяваны сістэмамі энергазабеспячэння, кіравання, арыентацыі і стабілізацыі, тэлекамунікацыі, комплексам тэхналагічнай і навуковай карыснай нагрузкі. На спадарожніку ўстаноўлена лічбавая камера, радыяцыйны спектрометр, інфрачырвоны дэтэктар і іншае спецыяльнае абсталяванне. Асноўнай мэтай яго стварэння з'яўляецца павышэнне якасці адукацыі ў аэракасмічнай галіны і правядзенне навуковых эксперыментаў.
Сярод інавацый БДУ — таксама вакцына “ЦырКол”. Прэпарат не мае сусветных аналагаў і прызначаны для прафілактыкі і лячэння мультысістэмнага знясілення парсючкоў. Вакцына ўзмацняе імунітэт свіней і абараняе іх ад магчымага заражэння цыркавірусам, актыўна распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі і краін СНД.
У экспазіцыю БДУ ўвойдуць праграмна-апаратныя платформы для дыстанцыйнага здыму паказанняў з прыбораў уліку цяпла і кіравання абсталяваннем. Адна такая базавая станцыя, аснашчаная SIM-картай, можа ажыццяўляць збор інфармацыі з 1000 прылад. Платформы могуць выкарыстоўвацца як бесправадныя датчыкі для розных сістэм “разумнага дому”, назірання і рэгулявання за выдаткамі рэсурсаў, ранняга выяўлення аварый, сістэмы аховы, кантролю доступу і эфектыўнага выкарыстання абсталявання.
У ліку экспанатаў БДУ — прылада дыстанцыйнага маніторынгу мабільных аб'ектаў Агент У-607, супрацьпухлінны прэпарат, электронны студэнцкі білет, сумешчаны з банкаўскай аплатнай картай, ультрагукавыя прыборы ўліку газу, вадкасці, цеплавой энергіі і іншыя.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/navuka