Беларусы ў Сібіры выкарыстоўваюць каштоўны досвед супольнага жыцця продкаў, каб прыўнесці ў зімовыя вечары беларускі каларыт
У чарговы раз у нашай пошце — абвестка пра тое, што ў сібірскім Іркуцку 29 снежня ў Доме афіцэраў ладзіліся Калядныя вячоркі: адметная, каларытная “Жаніцьба Цярэшкі”. “Іркуцк — шматнацыянальны горад: перамяшаліся ў ім традыцыі розных народаў, — піша ў рэдакцыю Алег Рудакоў. — Але ж тым і багатая наша супольная Іркуцкая культура. І ёсць у ёй беларуская традыцыя — “Жаніцьба Цярэшкі”. Гэтую дзею ладзіць наш Іркуцкі Беларускі клуб “Крывічы” не першы раз — і заўсёды з поспехам”.
Алег нагадвае: у ЖЦ злучаныя шматлікія кірункі народнай творчасці: музыка, танец, песні, гульні, жарты, прадстаўленне... Прычым у кожнага ёсць магчымасць неяк праявіць сябе, раўнапраўна паўдзельнічаць у забаве. ЖЦ — старадаўні беларускі абрад, пад час якога ў жартаўлівай форме ладзіцца “сватаўство” ды “жаніцьба” юнакоў і дзяўчат, мужчын і жанчын: “Пад час свята гучыць шмат жартаў, беларускіх народных Калядных песень. Мы водзім карагоды, танцуем і здорава праводзім час”. І што важна: гэта ж якраз тое, што цяпер называюць модным словам інтэрактыў. Бо на “Жаніцьбе Цярэшкі” няма гледачоў — усе, ад малога да вялікага, уключаюцца ў гульнявую, трохі тэатралізаваную дзею.
Раней абрад пашыраны быў там, дзе жыло племя крывічаў: ён быў абавязковым у Калядным цыкле святаў. Заслугоўвае павагі, што беларусы Іркуцка яго зберагаюць, адаптаваўшы да ўмоваў горада.
Рыгор Гарэшка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy