Сёлетні студзень увайшоў у гісторыю касманаўтыкі — кітайская міжпланетная станцыя «Чан'э-4» з першай спробы паспяхова села на адваротным баку Месяца. Гэта важнае дасягненне для краіны, якая ўпершыню адправіла чалавека ў космас у 2003 годзе. Праграма «Чан'э» атрымала назву ў гонар багіні Месяца з кітайскай міфалогіі. Першы апарат гэтай серыі быў запушчаны на арбіту спадарожніка ў 2007-м. «Чан'э-4» мае абсталяванне для даследаванняў геалагічных параметраў спадарожніка. Таксама на яго борце — насенне раслін (у тым ліку бульбы) і лічынкі шаўкапрада. Пра свае планы наконт Месяца абвясцілі шэраг краін. Чым выкліканы такі ажыятаж?
Робаты на базе
Яшчэ са школьнай праграмы мы ведаем, што Месяц — натуральны спадарожнік нашай планеты, яе пастаянны найбліжэйшы сусед. Гэта скалістае шарападобнае цела без атмасферы і жыцця. Яго дыяметр 3480 кіламетраў — крыху больш за чвэрць дыяметра Зямлі. Сярэдняя адлегласць да Месяца 384 тыс. км. Касмічны карабель пралятае такі шлях менш чым за трое сутак. Першы апарат, які дасягнуў спадарожніка, — савецкі «Месяц-2» — быў запушчаны 12 верасня 1959-га. Першыя людзі ступілі на месяцавую паверхню праз дзесяць гадоў — 20 ліпеня 1969-га — гэта былі астранаўты амерыканскага «Апалона-11».
Ніл Армстранг стаў першым чалавекам, які ступіў на паверхню Месяца. «Гэта адзін маленькі крок для чалавека і вялізны скачок для чалавецтва», — сказаў тады амерыканскі астранаўт. Гэтая фраза стала крылатай. Затым да яго далучыўся калега Баз Олдрын. Спусціўшыся па прыступках пасадачнага месяцавага модуля «Арол», ён паглядзеў на пустынны ландшафт і сказаў: «Пышнае запусценне». Яны былі ўдзельнікамі місіі «Апалон-11», якая адбылася ў ліпені 1969 года. Апошні раз чалавек хадзіў па Месяцы ў 1972 годзе, але ў найбліжэйшы час сітуацыя можа кардынальна змяніцца.
Мяккая пасадка на адваротным баку спадарожніка, якую здзейсніла нядаўна кітайская станцыя «Чан'э-4», — няпростая задача, бо Месяц блакуе прамую сувязь паміж касмічным апаратам і Зямлёй. Таму для поспеху місіі быў запушчаны спадарожнік-рэтранслятар. Зонд апусціўся ў кратар Карман, а неўзабаве кітайскае аэракасмічнае агенцтва парадавала зямлян відэаролікам аб палёце месяцахода ад першай асобы. Нацыянальнае касмічнае ўпраўленне CNSA рыхтуе тры новыя місіі на спадарожнік. І гэта не лічачы «Чан'э-5», якая адправіцца на Месяц у снежні гэтага года. Па словах намесніка кіраўніка CNSA Ву Яньхуа, місія з парадкавым нумарам шэсць павінна будзе прывезці ўзоры грунту з Паўднёвага полюса Месяца. Сёмая правядзе комплексныя даследаванні ў тым жа рэгіёне. Але самую вялікую цікавасць уяўляе сабой восьмая місія. «Мы спадзяёмся, што «Чан'э-8» дапаможа выпрабаваць некаторыя тэхналогіі і правядзе разведку, неабходную для будаўніцтва сумеснай месяцавай базы, прызначанай для мноства краін», — сказаў Ву.
Першая база на Месяцы, хутчэй за ўсё, будзе рабатызаваная, як склады Amazon, адзначае The Conversatіon. Гэта дазволіць цалкам праверыць працаздольнасць неабходнай інфраструктуры і сістэм забеспячэння да прыбыцця людзей. Будаўніцтва месяцавай станцыі нічым не адрозніваецца ад будаўніцтва першай нафтавай вышкі ў акіяне. Трэба прадумаць лагістыку для рухомых будаўнічых дэталяў, распрацаваць тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні і ў даным выпадку вывучыць і апрабаваць узоры глебы. Кітай ужо робіць крокі ў гэтым кірунку. Знаёмства з месяцавым грунтам неабходна для будаўніцтва падземнага жылога комплексу і падтрымальнай інфраструктуры, якая абароніць базу ад суровых умоў паверхні. Акрамя таго, CNSA правяло эксперымент па вырошчванні насення раслін, якія прыбылі на борце «Чан'э-4». Вядома, што бавоўна паспела даць усходы, перш чым халодная месяцавая ноч паклала канец эксперыменту. Тым не менш гэта першы вопыт вырошчвання раслін на спадарожніку і важны крок на шляху стварэння сельскагаспадарчай вытворчасці на месяцавай базе.
З усіх магчымых тэхналогій, здольных дапамагчы ў будаўніцтве месяцавай базы, найбольшыя перспектывы адкрывае 3D-друк. З яго дапамогай можна ствараць што заўгодна — ад найпрасцейшых прадметаў побыту, накшталт кубкаў, да запасных дэталяў для станцыі. На Зямлі ўжо ствараюцца будынкі пры дапамозе 3D-друку, і будаўніцтва на Месяцы будзе адбывацца аналагічным чынам. Аднак 3D-друк у космасе — справа няпростая. Спатрэбяцца новыя тэхналогіі, якія змогуць працаваць ва ўмовах слабай гравітацыі Месяца. Трэба распрацаваць 3D-прынтары, здольныя фарміраваць дэталі ў касмічным вакууме.
«Водная ліхаманка»
«Многія краіны ўдзельнічаюць у месяцавай праграме з вельмі далёкім прыцэлам на месяцавыя рэсурсы, — паведаміў «Інтэрфаксу» член-карэспандэнт РАН, навуковы кіраўнік Інстытута астраноміі Барыс Шустаў. — Гаворка ідзе не пра золата і не пра нафту з газам, а пра касмічныя рэсурсы. Усе празаічна: у кожным з гаджэтаў, напрыклад, шмат плаціны. А гаджэтаў толькі ў Расіі многія дзясяткі мільёнаў. У той жа час, па розных ацэнках, плаціны на Зямлі засталося на тэрмін ад 30 да 1000 гадоў. Калі браць песімістычную ацэнку — 30 гадоў, то ўжо цяпер трэба шукаць яе новыя крыніцы. А такога роду матэрыялы, як плаціна і іншыя, — прысутнічаюць у астэроідах. Мы можам выявіць іх у метэарытах, якія зваліліся на Зямлю. А на Месяцы іх калі не залежы, то па меншай меры вельмі шмат, там жа ніхто не займаўся іх здабычай. Значыць, праз некаторы час плаціну і іншыя матэрыялы будзе выгадна атрымліваць там. Вось адна з практычных мэт месяцавай гонкі».
Касмічныя дзяржавы, спакушаныя навуковымі і эканамічнымі перспектывамі, расштурхваюць адна адну локцямі ў ходзе новага імклівага наступу на Месяц, піша Le Fіgaro. Акрамя Еўропы, сваю праграму па заваяванні Месяца, спыненую больш за сорак гадоў таму, аднавіла і Расія. Запуск касмічных апаратаў «Месяц-25», «Месяц-26» і «Месяц-27» можа быць ажыццёўлены ўжо ў найбліжэйшыя гады, адзначае Le Fіgaro. Японская кампанія іSpace плануе стварыць транспартную платформу Зямля — Месяц і правесці даследаванні вады, якая знаходзіцца ў цвёрдым стане ў кратарах на полюсах Месяца.
Амерыканцы, якія пры Абаме зрабілі сваёй прыярытэтнай задачай Марс, пераарыентавалі амбіцыі на наш зямны спадарожнік, адзначае Le Fіgaro. Нацыянальнае ўпраўленне па аэранаўтыцы і даследаванні касмічнай прасторы NASA ў канцы мінулага года абвясціла аб тым, што адбярэ дзевяць кампаній, з якімі абавязуецца супрацоўнічаць на працягу наступных дзесяці гадоў, згадваючы аб агульным пакеце фінансавых укладанняў у 2,6 мільярда долараў. Сярод іх буйныя карпарацыі, а таксама кампаніі-пачаткоўцы, якія прынялі ўдзел у конкурсе Google Lunar X Prіze. Конкурс, які быў пачаты ў 2007-м, абяцаў прыз у
30 мільёнаў долараў той прыватнай камандзе, якая створыць месяцаход, здольны праехаць 500 метраў і адправіць фатаграфіі і відэаролікі пра свае подзвігі. Нягледзячы на адмену конкурсу ў студзені мінулага года з-за адсутнасці патэнцыйнага пераможцы, хоць крайні тэрмін быў працягнуты да 31 сакавіка, такія прыватныя кампаніі, як Moon Express і Astrobіotіc, змогуць запусціць свой першы месяцаход ужо ў наступным годзе, піша Le Fіgaro.
Каланізацыя Месяца і космасу заўсёды была марай чалавецтва. Тэхналагічныя дасягненні і адкрыццё значнай крыніцы вады паблізу месяцавых полюсаў зрабілі яе больш прывабнай. «Месяц — гэта восьмы кантынент (мадэль з сямю кантынентамі — з падзеленай на Еўропу і Азію Еўразіяй — прынята часткова ў Заходняй Еўропе, у нас па традыцыі іх налічваюць шэсць, як і колькасць мацерыкоў. — Аўт.) у касмічным акіяне, першы востраў, які трэба будзе заваяваць, — лічыць Бернард Фойнг, дырэктар міжнароднай месяцавай групы, якая аб'ядноўвае чатырнаццаць агенцтваў, у тым ліку Еўрапейскае касмічнае агенцтва. — Спадарожнік нашай планеты з'яўляецца ідэальнай лабараторыяй для тэсціравання метадаў будаўніцтва або здабычы вады. У патэнцыяле гэта перадавая база: калі ўдасца выкарыстаць мільярды тон лёду, якія захоўваюцца ў яе нетрах, то яны могуць аказацца каштоўным рэсурсам для наступнага асваення Марса пры больш нізкіх выдатках».
Як заўважыў Барыс Шутаў, «самае галоўнае ў тым, што вада — гэта паліва для рухавікоў міжпланетных караблёў. Ці не сама вада, H2O, вядома, а яе складнікі. Калі ў вас ёсць энергія (у космасе сонечная), ёсць час, вы раскладаеце ваду на вадарод і кісларод з дапамогай электролізу, з дапамогай сонечнай энергіі, і ў вас атрымліваецца два кампаненты — вадарод і кісларод. Пры злучэнні атрымаем магутны вадародны рухавік. Гэта лічыцца зараз асноўным фактарам для забеспячэння магчымасці распаўсюджвання чалавецтва па Сонечнай сістэме! Трэба паліва, а з сабой шмат паліва з Зямлі не возьмеш — гэта вельмі дорага. Ды да таго ж для такой аперацыі патрэбна гіганцкая канструкцыя. А вось калі навучыцца знаходзіць ваду ў космасе і выкарыстоўваць яе як паліва — гэта адзін з перспектыўных метадаў, якія цяпер распрацоўваюцца. Можна сказаць, што «залатая ліхаманка» ператвараецца ў «водную».
Права на космас
У практычным сэнсе да 1969 года пытанне аб правах валодання тэрыторыямі Месяца і распрацоўкі яе нетраў было неактуальным, заўважае Бі-бі-сі. Але цяпер камерцыйная здабыча карысных выкапняў на спадарожніку Зямлі ўжо не здаецца фантастыкай з далёкай будучыні. У 1979-м у ААН было прынята Пагадненне аб дзейнасці дзяржаў на Месяцы і іншых нябесных целах, якое яшчэ называюць «Месяцавым пагадненнем». У ім абвяшчаецца прынцып выключна мірнага выкарыстання спадарожніка і падкрэсліваецца, што будаўніцтва і выбар размяшчэння месяцавых станцый неабходна ўзгадняць з ААН, растлумачыўшы пры гэтым прычыны іх узвядзення. У дакуменце гаворыцца, што Месяц і яго карысныя выкапні з'яўляюцца агульным здабыткам усяго чалавецтва, а дзяржавы-ўдзельніцы абавязваюцца «ўсталяваць міжнародны рэжым, уключаючы адпаведныя працэдуры, для рэгулявання эксплуатацыі прыродных рэсурсаў Месяца, калі будзе відавочна, што такая эксплуатацыя стане магчымай у найбліжэйшы час».
Галоўная праблема гэтага пагаднення ў тым, што яго ратыфікавалі толькі 11 краін. Сярод іх — Францыя і Індыя. Іншыя краіны з касмічнымі праграмамі, у ліку якіх Кітай, ЗША і Расія, дакумент не падпісалі. Таксама засталася ўбаку і Вялікабрытанія. Колішні галоўны рэдактар «Часопіса аб касмічным праве» Джаан Айрын Габрыновіч лічыць, што міжнародныя дагаворы нічога не гарантуюць. На іх выкананне ўплывае сумесь палітыкі, эканомікі і грамадскай думкі, сказала яна. У апошнія гады існуючыя пагадненні, якія забараняюць дзяржавам забіраць ва ўласнасць нябесныя целы, актыўна правяраюцца на трываласць.
У 2015 годзе ў ЗША быў прыняты закон аб канкурэнцыі ў пытанні камерцыйных касмічных запускаў, у якім гаворыцца аб праве грамадзян здабываць карысныя выкапні з астэроідаў. Ён не распаўсюджваецца на Месяц, але яго механізм дзеяння ў прынцыпе можа быць пашыраны. Адзін з заснавальнікаў кампаніі Planetary Resources Эрык Андэрсан назваў гэты закон самым вялікім у гісторыі прызнаннем права ўласнасці. У 2017 годзе аналагічны закон прынялі ў Люксембургу. У ім гаворыцца аб праве ўласнасці на рэсурсы, выяўленыя ў космасе. Намеснік прэм'ер-міністра краіны Эцьен Шнайдэр заўважыў, што дзякуючы гэтаму закону Люксембург стане еўрапейскім першапраходцам і лідарам у данай галіне.
У пакарэнні Сусвету агульны расклад відавочна змяняецца. Летась Кітай здзейсніў 39 касмічных запускаў — больш, чым любая іншая краіна. ЗША ў мінулым годзе ажыццявілі 34 запускі, а Расія — 20. Пры гэтым у 2016-м Злучаныя Штаты выдаткавалі на сваю касмічную праграму 36 млрд долараў, а КНР — каля $5 млрд. «Выкананне месяцавых даследчых місій прывяло да стварэння досыць добра развітой інфраструктуры для вывучэння далёкага космасу», — заўважыў намеснік кіраўніка Кітайскага нацыянальнага касмічнага ўпраўлення У Яньхуа. Першую місію на Марс КНР хоча адправіць налета ў ліпені, праз восем гадоў — даставіць адтуль узоры грунту. А да 2030-га мае намер дабрацца і да Юпітэра. І гэта найбліжэйшыя планы.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/kantynenty
[3] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[4] https://zviazda.by/be/tags/kosmas
[5] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty
[6] https://zviazda.by/be/tags/mesyac
[7] https://zviazda.by/be/tags/planeta-0
[8] https://zviazda.by/be/tags/kasmanauty