Нацыянальны мастацкі музей Беларусі да 80-гадовага юбілею падрыхтаваў свой гімн, паведаміў на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар установы Уладзімір Пракапцоў. Да лістапада ўстанова плануе абзавесціся і адмысловым сцягам, які будуць вырабляць у Барысаве за кошт спонсарскіх сродкаў.
Упершыню гімн прагучыць на святочных імпрэзах, якія пачнуцца з 24 студзеня. Менавіта ў гэты дзень 1939 года на вуліцы Карла Маркса, 29 адкрылася Мінская карцінная галерэя. Дарэчы, у цяперашнім будынку, на вул. Леніна, 20, музей знаходзіцца з 1957 года. На сёння ў экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах — больш як 30 тысяч твораў беларускага і замежнага мастацтва.
Права першага выкананння гімна даручана лаўрэату міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў канцэртнаму хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Глінкі пад кіраўніцтвам Аляксея Снітко. Музычны твор для Нацыянальнага мастацкага музея напісалі паэтэса Аліна Легастаева і кампазітар Аліна Безенсон. У гонар юбілею на будынку па вуліцы Карла Маркса, 29 урачыста адкрыта памятная дошка. На экран тэлеканала «Беларусь 3» выходзіць новы 8-серыйны дакументальны фільм «Дом, дзе жыве мастацтва». Кожная серыя прысвечана 10-годдзю дзейнасці музея. Рыхтуецца прэзентацыя салодкай прадукцыі, спецыяльна выпушчанай фабрыкай «Камунарка», — шакаладу з выявай будынка музея, скрынкі цукерак, упрыгожанай выявай твора Івана Хруцкага «Партрэт незнаёмкі», і набору шакаладу «Слуцкія паясы».
Асноўныя імпрэзы адбудуцца ў лістападзе, але на працягу ўсяго года ў музеі запланавана шмат розных мерапрыемстваў. Серыю мастацкіх праектаў ужо 25 студзеня пачнуць дзве выстаўкі. Адна пад назвай «Маляўнічыя мелодыі» прымеркавана да 100-гадовага юбілею дзвюх мастачак — Раісы Кудрэвіч і Валяр’яны Жолтак. Другая — «Адкрыццё сучаснасці» — прадэманструе вынікі 5-гадовай работы музейных рэстаўратараў і пазнаёміць больш як з 70 прадметамі мастацтва на розных этапах работ: ад навуковых даследаванняў помнікаў і працэсу іх аднаўлення да стану пасля завяршэння рэстаўрацыі.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yaugeniya-shycka
[2] https://zviazda.by/be/tags/naviny