18 студэнтаў Сумеснага інстытута Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (Dalian University of Technology, ДПУ) і БДУ прайшлі навучанне ў зімовай школе па фізіцы і матэматыцы для кітайскіх студэнтаў. Яна была арганізавана на базе фізічнага і механіка-матэматычнага факультэтаў БДУ. У школе навучаліся першакурснікі і другакурснікі спецыяльнасцяў «Прыкладная фізіка» і «Інжынерная механіка».
Праграма праводзілася на англійскай мове. Расклад кітайскіх слухачоў уключаў лекцыйныя гадзіны і практычныя заняткі па фізіцы, матэматыцы, механіцы і англійскай мове. Акрамя таго, для студэнтаў падрыхтавалі экскурсіі ў музеі БДУ, Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі», Парк высокіх тэхналогій і Індустрыяльны парк «Вялікі камень».
«У нашых студэнтаў ёсць вялікая цікавасць да Беларусі. Навучанне ў зімовай школе дае шанц даведацца не толькі пра БДУ, яго гісторыю, навуковыя дасягненні, выкладчыкаў, але і пра краіну», — падзялілася ўражаннямі кіраўнік групы кітайскіх студэнтаў Лю Сулін.
Кіраўнік Сумеснага інстытута ДПУ-БДУ з беларускага боку Аляксей Тоўсцік лічыць, што правядзенне такіх школ спрыяе збліжэнню ўніверсітэтаў і наладжванню сяброўскіх кантактаў. У будучыні плануецца рэгулярна ажыццяўляць падобныя адукацыйныя праграмы.
Заключным мерапрыемствам зімовай школы стаў міжнародны конкурс «International Public Speaking Competition». На ім кітайскія і беларускія студэнты распавялі пра ўклад выбітных вучоных сваёй краіны ў развіццё сусветнай навукі. Па выніках спаборніцтва ўдзельнікаў узнагародзілі дыпломамі і памятнымі прызамі.
Сумесны інстытут Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў створаны ў 2017 годзе. У яго склад уваходзяць тры факультэты: прыкладной фізікі, інжынернай механікі, матэматыкі і прыкладной матэматыкі. Сумесная адукацыйная ўстанова функцыянуе ў горадзе Далянь (КНР). Навучанне ў ёй праходзяць 80 студэнтаў першага курса і 79 студэнтаў другога курсу. Выкладанне 30% курсаў забяспечваюць выкладчыкі фізічнага і механіка-матэматычнага факультэтаў БДУ. Навучанне і абарона дыпломаў ажыццяўляецца ў ДПУ на англійскай мове. Пасля заканчэння інстытута студэнты атрымаюць два дыпломы — ДПУ і БДУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-dzyarzhauny-universitet
[6] https://zviazda.by/be/tags/kitayskiya-studenty