У сярэдзіне сакавіка Брэст стане творчай сталіцай Беларусі: ужо стартаваў прыём заявак на ўдзел у Міжнародным фестывалі-конкурсе Millennium, які прымеркаваны да 1000 годдзя горада. Ён пройдзе 14-17 сакавіка.
Нягледзячы на тое, што да пачатку фестывалю яшчэ дастаткова часу, да яго ўжо праявілі цікавасць удзельнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Украіны, Малдовы, Іспаніі, Партугаліі і Венесуэлы, паведамляюць арганізатары фэсту.
Удзельнікі ад трох гадоў і больш змогуць пазмагацца за прызы і падарункі ў велізарнай колькасці намінацый і катэгорыі: вакальная, харэаграфічная, інструментальная, тэатральная і выяўленчая творчасць. Сярод больш чым дзесяці ўзроставых катэгорый прадугледжаны і раздел для дарослых “25 гадоў і старэй”.
У склад журы запрошаны дзеячы культуры і народныя артысты з розных краін, чые імёны сталі вядомыя дзякуючы асабістаму ўдзелу або ўдзелу іх выхаванцаў у вядомых конкурсах, праектах і тэлешоў (“Голас”, “Я спяваю!”, “Тануюць усё!”, “Еўрабачанне”, “Таленты краіны”, “Украiна мае талент” і многія іншыя).
За дні правядзення мерапрыемства будуць абраны найлепшыя ў кожнай намінацыі, хто і стане ўладальнікам прызавога фонду агульнай сумай 2000 расійскіх рублёў.
Акрамя таго, ідэю правядзення фестывалю падтрымала вялікая колькасць партнёраў. Дзякуючы гэтаму кожны ўдзельнік будзе ўзнагароджаны памятнымі падарункамі і сувенірамі. Лаўрэаты I, II, III ступені атрымаюць фірмовыя кубкі фестывалю, а лепшы з лепшых стане ўладальнікам дыплома Гран-пры і вялікага ВК тэлевізара.
Конкурс творчасці адбудзецца пры падтрымцы Брэсцкага гарадскога выканаўчага камітэта.
Падчас фестывалю пройдуць творчыя майстар-класы, квэсты, сучасныя камп’ютарныя гульні, выраб сувеніраў уласнымі рукамі, шматлікія іншыя пляцоўкі забаў для гасцей свята любога ўзросту.
Адным з магнітаў мерапрыемства для ўсіх жыхароў і гасцей Брэста стане фестываль вулічнай ежы GoFOOD, які размесціцца на пляцоўцы перад уваходам у Палац культуры па адрасе: вуліца Маскоўская, 275.
Заяўкі прымаюцца да 27 лютага па тэлефоне +375 29 846-67-67.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/festyval
[2] https://zviazda.by/be/tags/hareagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/vakal
[4] https://zviazda.by/be/tags/teatr
[5] https://zviazda.by/be/tags/mastactva
[6] https://zviazda.by/be/tags/millennium