Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл наведае Ваенную акадэмію, паведамляе БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы даложаць аб структуры, задачах і сістэме падрыхтоўкі ваенных кадраў, ён наведае выставачную залу ваеннай гісторыі, папрысутнічае на занятках з курсантамі, азнаёміцца са структурай і задачамі роты інфармацыйных тэхналогій. Чакаецца таксама, што Аляксандр Лукашэнка паразмаўляе з асабовым складам Ваеннай акадэміі.
Цяпер Ваенная акадэмія ўваходзіць у лік буйнейшых ВНУ краіны, забяспечвае атрыманне вышэйшай адукацыі, падрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў ваеннага профілю.
Зала ваеннай гісторыі Беларусі створана ў ВНУ ў красавіку 2017 года. Гэта было прымеркавана да 100-годдзя Узброеных Сіл Беларусі і правядзення IV Міжнароднай алімпіяды курсантаў вышэйшых ваенных навучальных устаноў дзяржаў СНД па ваеннай гісторыі. Асноўная мэта стварэння залы - абуджаць інтарэс да нацыянальнай гісторыі беларускага народа, у тым ліку ваенна-гістарычнай спадчыны як неад'емнай часткі гісторыі Беларусі.
Што датычыцца нядаўна створанай роты інфармацыйных тэхналогій (РІТ), то яна прызначана для распрацоўкі сістэмнага і прыкладнога праграмнага забеспячэння сумесна з падраздзяленнямі Ваеннай акадэміі і іншымі навуковымі і навучальнымі ўстановамі. Стварэнне такога падраздзялення дало магчымасць захаваць кадравы патэнцыял пры прызыве на ваенную службу ІТ-спецыялістаў. Плануецца, што найбольш запатрабаванымі напрамкамі дзейнасці РІТ будзе з'яўляцца распрацоўка прыкладнога праграмнага забеспячэння ў сферах робататэхнікі, радыёлакацыі, радыёнавігацыі і радыёэлектроннай барацьбы, тэлекамунікацый і сувязі, сістэм аўтаматызаванага кіравання і камп'ютарнага мадэлявання, праграмна-інфармацыйных комплексаў, ваеннай лагістыкі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/vaennaya-akademiya
[2] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka