Спецыялісты падатковай галіны расказалі аб навінках у рабоце з насельніцтвам і падзяліліся планамі на будучыню.
Усё па рэгламенце
Начальнік Галоўнага ўпраўлення развіцця падатковых органаў Міністэрства па падатках і зборах Сяргей Шкут паведамляе, што яны плануюць завяршыць распрацоўку рэгламентаў для паслуг.
«У кожным з іх будзе ўстаноўлены час, за які плацельшчык павінен атрымаць тую ці іншую паслугу. Да канца года ў нас з'явіцца 15 такіх рэгламентаў. Ахоплены будуць фактычна ўсе асноўныя працэдуры, якія мы ажыццяўляем у дачыненні да плацельшчыкаў», — растлумачыў ён. Рэгламенты будуць размешчаны на сайце міністэрства.
За мінулы год насельніцтва звярталася ў падатковыя органы па атрыманне 60 паслуг. Самымі запатрабаванымі былі падача падатковай дэкларацыі (40,8 %), растлумачэнне заканадаўства (8,1 %), здача ўнаём жылых і нежылых памяшканняў (6,7 %).
Выразная рэгламентацыя стала магчымай дзякуючы ўкараненню з 2016 года новага фармату зносін падатковых органаў з насельніцтвам — цэнтраў абслугоўвання плацельшчыкаў (ЦАП). Там працуе электронная чарга, што і дало магчымасць прааналізаваць час аказання паслуг, а таксама час чакання кліентаў. Так, паводле звестак міністэрства, у сярэднім плацельшчык стаіць у чарзе да падатковага інспектара 3 хвіліны 28 секундаў, а на абслугоўванне аднаго кліента ідзе 6 хвілін 7 секундаў. Пры ўзнікненні спрэчных сітуацый, а таксама скаргаў на якасць паслуг, бясспрэчным аргументам з'яўляецца аўдыя- і відэазапіс.
Такія цэнтры функцыянуюць у 23 інспекцыях краіны. Сёлета плануецца адкрыць яшчэ 11 цэнтраў.
Будучыня за электроннымі сэрвісамі
Для аказання электронных падатковых паслуг на афіцыйным сайце ведамства створаны і пастаянна ўдасканальваюцца рэсурсы «Асабісты кабінет юрыдычных асоб і ІП», «Асабісты кабінет фізічнай асобы», а таксама дванаццаць адкрытых сэрвісаў.
У раздзеле «Дэкларацыя па падаходным падатку» з'явілася магчымасць атрымаць папярэдне запоўненую падатковую дэкларацыю (так званы праект дэкларацыі) на падставе звестак, што атрымліваюцца падатковымі ад дзяржаўных органаў і арганізацый, ад крыніц за межамі нашай краіны і іншых.
Цікавы раздзел «Папярэдняя рэгістрацыя», які дазваляе запісацца ў інспекцыю на зручны час. Неабходна толькі выбраць адрас, мэту візіту, дату і час, які даступны. Згаданы сэрвіс актуальны для тых інспекцый, у якіх укаранёна паслуга «электронная чарга».
Ёсць і мабільная праграма для тэлефонаў (або планшэтаў) з сістэмай androіd. У ёй можна падаць заяўку на атрыманне дакументаў, запісацца на асабісты прыём да кіраўніцтва інспекцый, атрымаць паведамленне на выплату зямельнага падатку і падатку на нерухомасць.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/padatki
[4] https://zviazda.by/be/tags/padatak
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-pa-padatkah-i-zborah-0