«У кожнага чалавека ёсць месца на зямлі, якое яму асабліва дорага. У мяне гэта — вёска Гута, што на любай сэрцу Рагачоўшчыне. Там і сёння стаіць хата, у якой я нарадзіўся, а на вясковых могілках спяць мае продкі. Сустрэча з землякамі, з роднымі мясцінамі — заўсёды свята. Свята душы» — такімі словамі пачынаецца новая кніга Васіля Ткачова.
Знаёміць чытача з гэтым выдатным мастаком слова — празаікам, драматургам, перакладчыкам, публіцыстам — асаблівай патрэбы няма. Яго творы ведаюць і любяць многія, аб чым можна меркаваць па выніках апытання, якое праводзілася па ініцыятыве Саюза пісьменнікаў Беларусі па ўсёй краіне сярод чытачоў публічных бібліятэк: пісьменнік увайшоў у дзясятку самых запатрабаваных.
Выданне «Сцежкі-дарожкі» (Мазыр, «Калор», 2018) адзначыла яшчэ адзін бок таленту пісьменніка, і ён выявіў сябе і як выдатны літаратуразнавец, і крытык. Кніга гэта, дарэчы, была адзначана літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага.
У зборніку змешчаны артыкулы, рэцэнзіі, інтэрв’ю, з якімі Васіль Юр’евіч выступаў у часопісах і газетах на працягу сваёй больш чым саракагадовай творчай дзейнасці. Героямі яго публікацый былі многія слынныя пісьменнікі, сярод якіх — Іван Шамякін, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Ліпскі, народная артыстка Беларусі Людміла Корхава і іншыя літаратары і тэатральныя дзеячы Беларусі.
Многіх герояў кнігі ўжо няма на гэтым свеце. Васіль Ткачоў палічыў сваім абавязкам зберагчы, захаваць памяць пра іх — адлюстраваў тыя духоўныя сцежкі-дарожкі, па якіх яму пашанцавала хадзіць з гэтымі творцамі, гутарыць з імі, даведацца шмат важнага і цікавага.
Пад кожным матэрыялам аўтар пазначыў дату і назву часопіса або газеты, дзе ён быў апублікаваны ўпершыню, што мае вялікае значэнне для чытача. Бо, як адзначае пісьменнік, «гэтая кніга стваралася на працягу ўсяго майго творчага жыцця, яна як бы зафіксавала асобныя моманты з яго…»
Зразумела, не ўсё, што напісаў у гэтым жанры сам Васіль Ткачоў і што пісалі пра яго, увайшло ў кнігу, бо інакш атрымаўся б вельмі тоўсты том. Аўтар адабраў толькі тыя артыкулы, рэцэнзіі, інтэрв’ю, якія ствараюць яскравае ўяўленне пра літаратурны працэс — не толькі на Гомельшчыне, але і ва ўсёй краіне.
Без сумнення, кніга «Сцежкі-дарожкі» будзе цікавая і карысная бібліятэкарам, выкладчыкам роднай мовы і літаратуры, студэнтам і ўсім, хто любіць добрую літаратуру.
Міхась СЛІВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/krytyka