Прафесійна адлюстроўваць падзеі, што адбываюцца ў культуры нашай краіны, рэагаваць на з’яўленне ўсяго новага ў творчым жыцці — з гэтай задачай «ЛіМ» спраўляецца, зазначылі ўдзельнікі выніковага пасяджэння рэдакцыйнай калегіі выдання. На працягу года на старонках штотыднёвіка былі рэалізаваны адметныя праекты, аднымі з якіх з’яўляюцца «Лира», «Сілуэты спадчыны», настаўніцкі конкурс «Урокі сучаснасці», пабачылі свет вершы 113 айчынных паэтаў і апавяданні 52 празаікаў, сярод якіх — і творы маладых літаратараў, прадстаўленыя на конкурс «Першацвет», а таксама шматлікія творы пісьменнікаў блізкага і далёкага замежжа, пераствораныя па-беларуску.
Традыцыйна склалася, што сёння асноўны чытач выдання — узроставы. Моладзь жа найбольш чытае газету ў інтэрнэце. Таму задачай на найбліжэйшы час бачыцца пашырэнне чытацкай аўдыторыі праз трансфармацыю старонкі прасторы ў інтэрнэце, дзе можна будзе чытаць творы айчынных пісьменнікаў, крытычныя артыкулы, заўжды актуальную пісьменніцкую публіцыстыку.
З мэтай далучаць да больш актыўнага ўдзелу ў культурным жыцці краіны творчую інтэлігенцыю на старонках выдання быў аб’яўлены конкурс на найлепшую публікацыю года ў трох намінацыях: «Паэзія», «Проза» і «Крытыка». Пераможцы, вызначаныя па выніках 2019 года, будуць узнагароджаны ў пачатку 2020-га.
Змястоўны праект, які быў задуманы ў канцы мінулага года і пачаў рэалізоўвацца сёлета, — знаёмства з творчым жыццём абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі: перыядычна будуць выходзіць літаратурныя старонкі, прысвечаныя творчасці сябраў абласных аддзяленняў.
Яна БУДОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/naviny