На хвалі часу, у плыні жыцця [1]
Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»
Маштабны сумесны праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва і часопіса “Маладосць”, які ладзіцца да 100-годдзя літаб’яднання “Маладняк”, распачынаецца імпрэзай “Мы будзем жыць! Жыццё за нас...”, прысвечанай беларускаму паэту і перакладчыку, “маладнякоўцу” Валерыю Маракову.
На мерапрыемстве будзе прэзентаваны пачатковы этап працы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі над віртуальным праектам “На хвалі часу, у плыні жыцця”, прымеркаваным да 100-годдзя Усебеларускага літаратурнага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк” (1923–1928). У межах праекта, які будзе папаўняцца на працягу пяці гадоў (2019–2023), быў распрацаваны раздзел, прысвечаны 110-годдзю з дня нараджэння Валерыя Маракова (1909–1937).
Да імпрэзы музеем падрыхтавана часовая экспазіцыя, якая змяшчае фотаздымкі і кнігі паэта з фондаў Дзяржаўнага музея і Нацыянальнай бібліятэкі. На вечарыне выступяць літаратуразнаўцы, гісторыкі, якія займаюцца даследаваннем міжваеннага перыяду (1920–1930) і непасрэдна творчасці Валерыя Маракова, – Кастусь Цвірка, Ірына Багдановіч, Віктар Жыбуль, Ганна Севярынец, Антон Рудак і іншыя.
Першая імпрэза сумеснага праекта прысвечана асобе паэта Валерыя Маракова, які быў прыняты ў “Маладняк” у 1926 г. Ён пражыў нядоўгае жыццё, пакінуўшы пасля сябе толькі чатыры паэтычныя зборнікі – "Пялёсткі" (1926), "На залатым пакосе" (1927), "Вяршыні жаданняў" (1930), "Права на зброю" (1933).
Амаль да пачатку ХХІ стагоддзя асоба Валерыя Маракова чытачу была мала вядомая. Лепш пазнаёміцца з творчасцю паэта дапаможа зборнік яго выбраных твораў В. Маракова "Рабінавая ноч" (2003), укладзены і выдадзены яго пляменнікам Леанідам Мараковым. Ён вывучаў рукапісы Валерыя, знаёміўся з яго лёсам. Вынікам такой працы стала кніга "Валеры Маракоў. Лёс, хроніка, кантэкст" (1999).
Вечарына пройдзе 14 сакавіка а 16-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры (вул. М. Багдановіча, 13).
Запрашаем усіх зацікаўленых!
Спасылкі
[1] https://www.nlb.by/by/infarmatsyynyya-resursy/elektronnyya-infarmatsyynyya-resursy/resursy-natsyyanalnay-bibliyateki-belarusi/virtualnyya-praekty-vysta-ki-i-kalektsyi/virtualnyya-praekty-bibliyateki/virtual/na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya/?back_url_admin=%252Fbitrix%252Fadmin%252Fiblock_list_admin.php%253FIBLOCK_ID%253D66%2526type%253Dprojects_by%2526lang%253Dby%2526find_section_section%253D4604
[2] https://www.nlb.by/by/news/nacyjanalnaja-biblijatjeka/praekt-na-khvali-chasu-u-plyni-zhytstsya-da-100-goddzya-litab-yadnannya-maladnyak/