Пры правядзенні Дня беларускага пісьменства неабходна павысіць статус гэтага свята, надаць яму сучаснае гучанне, злучыць традыцыі з сучаснасцю, знайсці новыя формы і падыходы. Аб гэтым заявіў на пасяджэнні нацыянальнага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА.
Лейтматывам свята сёлета мусяць стаць некалькі тэм: Год малой радзімы, 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама юбілеі класікаў беларускай літаратуры. Таму, паводле слоў віцэ-прэм'ера, канцэртная праграма адкрыцця мерапрыемства павінна стаць «не проста чарадой выступленняў беларускіх зорак і аматарскіх калектываў, рэжысёрска-пастановачнай групе неабходна стварыць сапраўдны спектакль». Акрамя таго, арганізатары плануюць шырэй выкарыстоўваць магчымасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, стэнд якой павінен стаць адной з цэнтральных тэматычных пляцовак.
Нагадаем, сталіцай 26-га па ліку Дня беларускага пісьменства ў першую нядзелю верасня бягучага года стане Слонім, жыхары якога па традыцыі не толькі атрымаюць падарункі: новыя сацыяльна-культурныя аб'екты і помнікі архітэктуры, рэканструяваныя дамы і вуліцы, абноўленыя зоны адпачынку, але і самі возьмуць удзел у добраўпарадкаванні горада і падрыхтоўцы інфраструктуры да прыёму шматлікіх гасцей.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzen-belaruskaga-pismenstva