У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем аб выніках чэмпіянату свету па біятлоне і іншых важных падзеях выхадных.
1. У шведскім Эстэрсундзе гонкамі з масавага старту завяршыўся чэмпіянат свету па біятлоне.
Для зборнай Беларусі ён стаў няўдалым, нашы спартсмены засталіся без медалёў. «Дзякуй богу, скончыўся гэты чэмпіянат свету. Чакала, вядома, правал у хуткасці: пасля хваробы і атручэння гэта было прадказальна, але правал у стральбе мяне проста забіў. Выбачайце», — напісала Ірына Крыўко ў сваіх сацсетках.
Пасля чэмпіянату свету ў Эстэрсундзе біятлонны сезон завершыцца ў нарвежскім Халменколене, дзе з 21 да 24 сакавіка адбудзецца заключны этап Кубка свету. Наступны чэмпіянат свету па біятлоне пройдзе з 12 да 23 сакавіка 2020 года ў італьянскім Антэрсельве.
2. Арына Сабаленка і бельгійка Элізэ Мертэнс сталі пераможцамі парнага разраду турніру ў амерыканскім Індыян-Уэлсе з агульным прызавым фондам 8,3 млн долараў.
У вырашальным матчы беларуска-бельгійская пара сустракалася з чэшскім дуэтам Барбара Крэйчыкава / Кацярына Сінякова і атрымала перамогу ў двух сэтах — 6:3, 6:2. Гульня працягвалася 1 гадзіну 5 хвілін.
3. Анастасія Салас заваявала тры залатыя медалі на турніры па мастацкай гімнастыцы «Кубак Дзяругінай» у Кіеве.
Спаборніцтвы ў сталіцы Украіны праходзяць у трох узроставых катэгорыях: юніёркі, сеніёр і Гран-пры. У спаборніцтвах сеніёрак Анастасія Салас паднялася на першую прыступку п'едэстала ў практыкаваннях з мячом і стужкай, а таксама выйграла «золата» ў мнагабор'і. У актыве беларусак дзве сярэбраныя ўзнагароды: Анастасія Салас заняла другое месца ў практыкаванні з булавамі, Юлія Еўчык — з абручом.
У катэгорыі Гран-пры ў індывідуальным мнагабор'і беларуска Аліна Гарнасько стала дзявятай.
4. Валейбалісткі «Мінчанкі» прайгралі на выездзе калінінградскаму «Лакаматыву» ў перадапошнім, 21-м туры рэгулярнага чэмпіянату Расіі ў суперлізе з лікам 0:3.
Такім чынам, беларуская каманда працягвае займаць у турнірнай табліцы суперлігі 10-е месца. У заключным туры рэгулярнага сезона чэмпіянату «Мінчанка» згуляе 24 сакавіка на сваёй пляцоўцы з саратаўскім «Пратонам».
5. Гандбалісты БГК імя Мяшкова пяты раз у сезоне абыгралі мінскі СКА ў чэмпіянаце Беларусі.
Па ходзе другога тайма мінчане вялі ў ліку з розніцай у шэсць мячоў, але не змаглі ўтрымаць гэту перавагу — 31:30. Адрыў БГК ад галоўнага пераследніка (Мінскага
СКА) вырас да 11 ачкоў.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/shtotydnyovy-spartyuny-aglyad-zvyazdy