Аператыўнікі Кастрычніцкага РУУС сталіцы ўстанавілі такі факт: у 2012 годзе часткі зброі і боепрыпасы патрапілі да 54-гадовага мінчаніна ад суседа па пад’езду.
Пасля атрымання аператыўнай інфармацыі аб тым, што жыхар кватэры па вуліцы Чкалава незаконна захоўвае зброю на дачы, міліцыянеры Асіповіцкага РАУС правялі там вобыск. Падчас яго ў мужчыны была знойдзена самаробная зброя са скарочанай ствольнай каробкі і дэталяў вінтоўкі канструкцыі Мосіна, газавы пісталет з замененым ствалом, створаны на базе канструкцыі пісталета Макарава, чатыры магазіны і 77 патронаў рознага калібру.
Паводле заключэння эксперта, самаробна выраблены ствол з'яўляецца складовымі часткамі наразной агнястрэльнай зброі.
У ходзе праверкі было ўстаноўлена, што гэты арсенал у 2012 годзе мужчыну перадаў на захоўванне сусед па пад'ездзе, які пайшоў з жыцця ў тым жа годзе. Як стала вядома, памерлы захапляўся зброяй і займаўся раскопкамі ў месцах, дзе ў часы войнаў вяліся баявыя дзеянні, паведамілі ў Кастрычніцкім РУУС г. Мінска.
- Міліцыя нагадвае, што за незаконнае захоўванне зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў можа пагражаць да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
- Разам з тым асобы, якія добраахвотна здалі зброю і боепрыпасы, што захоўваюцца незаконна, у органы ўнутраных спраў, ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці вызваляюцца.
- Добраахвотна здаць зброю можна ў любым найбліжэйшай аддзеле міліцыі. За больш падрабязнай інфармацыяй можна звярнуцца па гарадскім тэлефоне: 8 (017) 212 22 66 або па тэлефоне 102.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/boeprypasy
[2] https://zviazda.by/be/tags/agnyastrelnaya-zbroya