21 сакавіка ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук адкрыецца Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Акадэмічныя геранталагічныя чытанні”, прымеркаваная да 80-годдзя акадэміка Яўгена Каноплі.
У апошнія гады ў многіх развітых краінах змяняецца ўзроставая структура грамадства і павялічваецца доля пажылых людзей у адносінах да моладзі. "Старэнне" насельніцтва адбываецца як па прычыне нізкай нараджальнасці, так і за кошт павелічэння працягласці жыцця. У сувязі з гэтым узнікаюць пытанні матэрыяльнага забеспячэння пенсіянераў, паколькі зніжаецца колькасць працаздольнага насельніцтва, а павелічэнне эфектыўнасці іх працы не забяспечвае выдаткаў на ўтрыманне пажылых.
Існуе і медыцынскі аспект геранталогіі і герыятрыі. Зніжэнне фізічных нагрузак, паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання, больш камфортныя ўмовы пражывання паспрыялі павелічэнню працягласці жыцця, але ў значнай ступені не знялі пытанні герыятрыі, нават наадварот, назіраецца амаладжэнне шэрагу захворванняў. Гэта значыць, што захворванні, характэрныя раней для пажылых, пачынаюць выяўляцца ў больш маладых людзей, часцяком прыводзячы да смяротнага зыходу.
Такім чынам, само жыццё патрабуе інтэнсіфікацыі і паглыблення фундаментальных і прыкладных навуковых і медыцынскіх даследаванняў у галіне геранталогіі і герыятрыі.
Арганізатарамі акадэмічных геранталагічных чытанняў выступілі Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі і Беларускае Рэспубліканскае геранталагічнае аб’яднанне. У рабоце канферэнцыі прымуць удзел вядучыя навукоўцы з Беларусі, Расіі, Казахстана і Чэхіі.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/akademiya-navuk-belarusi
[2] https://zviazda.by/be/tags/instytut-gistoryi-nan-belarusi
[3] https://zviazda.by/be/tags/chytanni
[4] https://zviazda.by/be/tags/pensiyanery