Пачынаючы з сённяшняга дня і на працягу ўсяго нераставага перыяду Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспубліуі Беларусь праводзіць маштабную кампанію па канфіскацыі браканьерскіх сетак. Грамадзянам прапануецца добраахвотна здаць наяўныя ў іх сеткі, сеткаматэрыялы і сетные прылады. Пры гэтым прыцягваць да адказнасці за захоўванне забароненых прылад лоўлі іх не будуць.
У перыяд веснавога нерасту вылаў рыбы сеткамі наносіць найбольшую шкоду яе ўзнаўленню. Прычыненую шкоду, якую кампенсуюць парушальнікі, вылічваюць па трайных таксах. Таму інспектары стараюцца адбіраць браканьерскія прылады да таго, як яны патрапяць у вадаём, а іх гаспадары нажывуць масу праблем і фінансавых абавязацельстваў.
Да прыкладу, 18 сакавіка ў Столінскім раёне дзяржінспектары затрымалі траіх браканьераў, якія сеткамі налавілі больш за 40 кілаграмаў рыбы (45 ляшчоў і інш.) Цяпер ім трэба пакрыць амаль 4 тысячы рублёў шкоды. Калі б яны папаліся пасля ўвядзення нераставай забароны (з 20 сакавіка) -- ім прыйшлося б заплаціць каля 12 тысяч рублёў.
Адказнасць за захоўванне сеткаматэрыялаў і гандаль імі была ўведзена ў студзені 2018 года артыкулам 15.36 КаАП Рэспублікі Беларусь. Палова канфіскаваных у мінулым годзе сетак (145 кіламетраў з 309 кіламетраў) былі выяўленыя якраз у працэсе захоўвання або пры спробе рэалізацыі. Уладальнікам забароненых прылад лоўлі давялося заплаціць немалыя штрафы. У гэтым годзе работа па канфіскацыі сетак працягваецца -- з прыцягненнем міліцыі, следчых органаў і грамадскасці, паведамілі ў Дзяржінспекцыі.
У канцы лютага дзяржінспектары выявілі 7,5 кіламетра сетак у жыхара вёскі Пухавічы, размешчанай на беразе знакамітага возера Чырвонае. А на днях аператыўнікі Дзяржінспекцыі затрымалі прадаўца сетак -- жыхара Жлобіна. Мужчына сам хоць і не рыбачыў забароненымі прыладамі, але прывозіў іх на продаж з Расіі. У яго доме знайшлі новыя сеткі і сеткаматэрыялы агульнай даўжынёй каля 9 кіламетраў, а таксама 42 сетныя прылады. Цяпер жлобінцу пагражае буйны штраф.
У дачыненні да фізічных асоб санкцыя артыкула прадугледжвае ад 5 (127,5 рубля) да 50 (1275 рублёў) базавых велічынь штрафу, а ў дачыненні да прадпрымальнікаў, якія рызыкнулі падзарабіць на продажы сетак, -- ад 10 (255 рублёў) да 200 (5100 рублёў) базавых велічынь.
У Дзяржінспекцыі папярэджваюць: нягледзячы на тое, што заканадаўчая норма, якая забараняе захоўванне і рэалізацыю сетак, дзейнічае ўжо больш за год, далёка не ўсім вядома, што нават старыя дзедаўскія сеткі, якія вісяць на гарышчы, могуць стаць прычынай для разгляду. Здаць такі “арсенал” можна абсалютна без наступстваў пры ўмове добраахвотнай выдачы.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/setki
[2] https://zviazda.by/be/tags/rybak