Мінск ужо другі раз далучыўся да міжнароднага фестывалю «Сусветны дзень паэзіі», што пройдзе 21 сакавіка ў 60 гарадах 10 краін свету.
Галоўнай пляцоўкай свята ў беларускай сталіцы будзе Дом Масквы. Тут адбудзецца вялікі паэтычна-музычны канцэрт з удзелам музычных гуртоў і лаўрэатаў конкурснай часткі фэсту, выстаўка-кірмаш мастацкай і вучэбнай літаратуры і буккросінг усляпую. Уваход на мерапрыемства бясплатны, але пажадана мець з сабой кнігу на абмен — з дамашняй бібліятэчкі альбо напісаную вамі, калі вы пачынаючы ці вопытны аўтар. Палова кніг, якія прынясуць наведвальнікі фестывалю (сярод іх чакаюцца ў тым ліку прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі), будзе перададзена дабрачыннаму фонду «Белы бусел» і трапіць да маленькіх пацыентаў анкацэнтра ў Бараўлянах, а таксама да выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў у Вілейцы і Наваградку для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Дарэчы, на асобным стэндзе будуць прадстаўленыя і самвыдатаўскія кнігі, напісаныя дзецьмі з анкацэнтра.
Акрамя таго, арганізатары прапануюць гасцям мноства дадатковых цікавінак і забаў: выстаўку жывых скульптур ад эксперыментальнага тэатра-студыі «Залаты рэжысёр» у суправаджэнні сапраўднай кельцкай арфы, інтэрактыўнае тэатралізаванае прадстаўленне, раздачу скруткаў з прадказаннямі на вершах, сувенірны кірмаш і адмысловую фотазону. «Прыходзьце, мы раздадзім #усімпаэзіі», — запэўнівае куратар фестывалю ў Мінску паэтка Ганна Бухта.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/paeziya