Улічваючы тое, што не ўсе мелі магчымасць прайсціся па тэрыторыі прадпрыемства, даю справаздачу. Такі бездакорны парадак і насычанасць высокатэхналагічным абсталяваннем можна пабачыць не ўсюды. Нездарма прадпрыемства лічыцца ў вобласці адным з перадавых, яго назву можна знайсці на Дошцы гонару Кастрычніцкага раёна Магілёва. Але Аляксея Кушнарэнку ведаюць не толькі як моцнага кіраўніка, ён яшчэ і добрасумленны дэпутат. Вось ужо другое скліканне запар ён перавыбіраецца ў абласны Савет дэпутатаў. Пад яго адказнасцю знаходзіцца амаль 16 тысяч чалавек — 2400, якія працуюць непасрэдна пад яго кіраўніцтвам у сістэме «Магілёўаблгаз», плюс 13417 выбаршчыкаў ад Алтайскай выбарчай акругі № 39 Кастрычніцкага раёна Магілёва. У размове з карэспандэнтам «МС» Аляксей Кушнарэнка расказаў пра...
Работу з насельніцтвам
— Дэпутацкая работа перш за ўсё для мяне грамадзянская пазіцыя. Калі ёсць давер, я ўсё зраблю, каб яго апраўдаць. Пры гэтым я разумею, што маё прафесійнае становішча дапамагае мне вырашаць тыя ці іншыя пытанні, бо я ў сваёй дзейнасці сутыкаюся з кіраўнікамі рознага ўзроўню, розных галін, сфер і гэта дазваляе мне быць карысным людзям. Вельмі актуальная сёння тэма — навядзенне парадку на зямлі, добраўпарадкаванне двароў. Я бяру па магчымасці самы дрэнны двор у сваёй акрузе, спецыяльна аб'язджаю тэрыторыю, каб знайсці такі, і разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, дарэчы, вельмі часта з моладдзю ад БРСМ, прыводзім яго ў парадак. Сваімі рукамі зрабілі дзіцячую пляцоўку па бульвары Непакораных, 71—73, яшчэ дзве — па Сіманава, 29а і 45 — прывялі ў парадак.
У аблсавеце я ўзначальваю Пастаянную камісію па прамысловасці, будаўніцтве, транспарце, сувязі, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарцы, у якую ўваходзіць 11 чалавек. Дык вось, гэтую ініцыятыву з добраўпарадкаваннем двароў мы разгледзелі на нашай камісіі, і дэпутаты аднагалосна яе падтрымалі. Сёлета кожны прадстаўнік нашай камісіі ў сваёй выбарчай акрузе абярэ двор і навядзе там парадак.
Дэпутацкую вучобу
— Летась мы правялі шэраг выязных пасяджэнняў, дзе на прыкладзе канкрэтных арганізацый і прадпрыемстваў паказвалі перадавыя падыходы ў рабоце. Напрыклад, на базе СЭЗ «Магілёў» размова ішла аб стварэнні сучасных прадпрыемстваў, новых рабочых месцаў. Што датычыцца сферы паслуг, то такое пасяджэнне адбылося на базе нашага прадпрыемства «Магілёўаблгаз». Наша асноўная задача — бесперабойная і безаварыйная падача блакітнага паліва спажыўцам вобласці. У сваёй рабоце па максімуме выкарыстоўваем перадавыя тэхналогіі. Паказалі дэпутатам наш сэрвісны цэнтр, праграмы, з якімі працуем, аснашчанасць работнікаў газавай службы, якія кантактуюць непасрэдна з насельніцтвам, мабільнымі прыстасаваннямі і відэарэгістратарамі. Па выніках сустрэчы падрыхтавалі даведачную інфармацыю і даслалі яе ва ўсе раённыя і гарадскія выканкамы, а таксама мясцовыя Саветы дэпутатаў і арганізацыі, якія аказваюць паслугі насельніцтву.
Кадры і сучасныя тэхналогіі
— Шмат увагі аддаецца павышэнню кваліфікацыі нашых спецыялістаў, адукацыйнаму ўзроўню, магчымасці самавыяўлення праз грамадскія аб'яднанні, прафсаюзны камітэт. 70 чалавек завочна абучаецца ў вышэйшых навучальных установах, пяць з іх атрымліваюць веды ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Ёсць свой тэхнічны клас, дзе супрацоўнікі пастаянна павышаюць кваліфікацыю. Не дзіўна, што потым яны дэманструюць высокі прафесіяналізм на адпаведных спаборніцтвах на ўзроўні краіны. Летась мы сталі пераможцамі ў трох рэспубліканскіх конкурсах з чатырох. Па выніках работы за мінулы год «Магілёўаблгаз» стаў найлепшым у сістэме «Белпалівагаз» па ахове працы. А пяць нашых супрацоўнікаў атрымалі найвышэйшыя ўзнагароды — медаль «За працоўныя заслугі». Мы актыўна працуем з насельніцтвам, наш дэвіз — мы для людзей, а не людзі для нас. Сёння кожны ахвотны можа на нашым сайце зарэгістраваць свой асабісты кабінет і атрымліваць усю неабходную інфармацыю — тэхнічную, эканамічную, прававую. У нас ужо 1400 такіх абанентаў. Летась на нашым сайце пачаў працаваць анлайн-кансультант, і абанент можа ў рэжыме рэальнага часу задаць спецыялісту тое ці іншае пытанне. Штомесяц мы даём больш як 80 такіх адказаў.
Здаровы лад жыцця
— Сам з'яўляюся прыхільнікам здаровага ладу жыцця і паўсюль гэта прапагандую — і на прадпрыемстве і ў сваёй выбарчай акрузе. У маёй акрузе дзве школы — 13-я і 38-я. Штогод праводжу дэпутацкі турнір паміж дзвюма школамі. Сёлета правялі спаборніцтвы па міні-футболе, дзеці з задавальненнем дэманстравалі свае спартыўныя навыкі.
Бяспека перш за ўсё
На сённяшні дзень на абслугоўванні «Магілёўаблгаза» знаходзіцца 430 тысяч газіфікаваных кватэр і індывідуальных жылых памяшканняў, 7 тысяч кіламетраў газавых сетак, уся асноўная прамысловасць вобласці, а гэта — 560 арганізацый і прадпрыемстваў. У Магілёўскай вобласці газіфікавана 334 населеныя пункты, з якіх 136 — аграгарадкі. Такая вялікая гаспадарка абавязвае трымаць руку на пульсе і рабіць усё для таго, каб сістэма дзейнічала бесперапынна і без аварый.
Абслугоўванне ў рэжыме анлайн
Аварыйна-дыспетчарская служба «Магілёўаблгаза» — наглядны прыклад таго, як працуе прадпрыемства. З дапамогай тэлеметрычнай сістэмы ў анлайн-рэжыме арганізаваны кантроль за ўсімі газаразмеркавальнымі аб'ектамі і сеткамі газазабеспячэння ў Магілёўскай вобласці. Пры парушэнні работы спрацоўвае сігнал трывогі і на працягу пяці хвілін на месца здарэння адпраўляецца найбліжэйшая да яго «аварыйка». Па сутнасці, пад кантролем усё газавае абсталяванне вобласці. База для праграмнага забеспячэння «Панарама» складалася некалькі гадоў, і цяпер па кожнай пліце (або любой іншай адзінцы газавага абсталявання) сабраная такая вычарпальная інфармацыя, як у паліклініцы пра пацыента. Мне хаваць няма чаго, прапанавала навесці даведкі пра сябе. І нават не чакала ў лічаныя хвіліны атрымаць такую падрабязную справаздачу. Год выпуску пліты, яе марка, аплата за паслугі — гэта зразумела, але мне расказалі яшчэ і пра рамонт майго газавага абсталявання пяцігадовай даўніны, колькі гэта мне каштавала і хто канкрэтна ім займаўся. Наогул, перадавыя тэхналогіі магілёўскія газавікі выкарыстоўваюць на кожным кроку. Усе машыны абсталяваны GPS-навігатарамі, і можна адсочваць, дзе знаходзіцца аўтамабіль у пэўны момант, сістэма таксама раскажа, дзе ён прыпыняўся і па якім маршруце рухаўся на працягу дня. Па заяўках ад насельніцтва слесары ходзяць з планшэтамі і ўсе ўзаемаадносіны з абанентамі фіксуюць выключна ў электронным выглядзе. Апошнім часам яны бяруць з сабой яшчэ і відэарэгістратары. Гэта гарантуе якасць абслугоўвання канкрэтнага кліента. Дарэчы, пры «Магілёўаблгазе» працуе свой ІT-аддзел, які займаецца распрацоўкай як сваіх праграмных прадуктаў, так і абслугоўваннем запазычаных.
Гэта павінен ведаць кожны
Супрацоўнікі газавай службы гарантуюць нам безаварыйную і бесперабойную падачу блакітнага паліва, але бяспека — гэта справа кожнага, хто карыстаецца газавым абсталяваннем. І трэба не забывацца пра тое, што яно перыядычна павінна праходзіць тэхнічны агляд. Тэхнічнае абслугоўванне катлоў і сезонна працуючых апаратаў ажыццяўляецца адзін раз на год. А тэхнічнае абслугоўванне газавых пліт пры правядзенні поўнага тэхабслугоўвання запорных прылад на газаправодах-уводах і ўнутраных газаправодах, уводных газаправодаў і газавага абсталявання з адключэннем ад газаразмеркавальнай сістэмы і выпрабаваннем на герметычнасць паветра — адзін раз на 10 гадоў; без адключэння ад газаразмеркавальнай сістэмы — першы раз праз пяць гадоў пасля ўводу ў эксплуатацыю, наступныя — праз 10 гадоў.
Да ведама насельніцтва, сярэдні тэрмін службы газавых пліт складае 10—12 гадоў, воданагравальных праточных газавых і ацяпляльных апаратаў — 12 гадоў. Падоўжыць тэрмін службы можна толькі пасля агляду яго спецыялістам. Для гэтага трэба заключыць дамову з газазабеспячальнай арганізацыяй.
Што датычыцца дымавых і вентыляцыйных каналаў, то іх праверка і прачыстка праводзіцца спецыялізаванымі арганізацыямі з афармленнем адмысловага акта. Спажыўцы прыватных домаўладанняў могуць рабіць гэта самастойна пасля праходжання спецыяльнага абучэння і атрымання допуску да выканання такіх работ. У шматпавярховіках гэтым звычайна займаецца арганізацыя, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду. Няспраўныя дымавыя каналы — гэта просты шлях да трагедыі. Бо чадны газ не мае ні колеру, ні паху. Выратаваць ад няшчасця могуць спецыяльныя сігналізатары чаднага газу. Пры аварыі яны тут жа пададуць гукавы сігнал.
Быць бліжэй для кліента
Прадпрыемства паклапацілася, каб сэрвісны цэнтр абслугоўвання насельніцтва размяшчаўся ў найбольш зручным для спажыўцоў месцы Магілёва — па вуліцы Гагарына, 83. Тут спецыялісты працуюць непасрэдна з наведвальнікамі. А нядаўна на базе гэтай службы пачаў працаваць яшчэ і кол-цэнтр. На тэлефоннай сувязі з жыхарамі вобласці тут працуюць адразу пяць аператараў. Па кантактных тэлефонах 129 і 711000 сюды паступае штодзённа да тысячы званкоў. Прымаюцца заяўкі на дастаўку балонаў са звадкаваным газам, мантаж-дэмантаж газавага абсталявання, даюцца кансультацыі па газіфікацыі прыватных дамоў, тлумачыцца парадак разлікаў за газ.
— А нядаўна мы ўкаранілі тэрміналы, каб кліентам было прасцей разлічвацца за нашы паслугі, — кажа генеральны дырэктар прадпрыемства Аляксей
Кушнарэнка. — Пачыналі са Шклоўскага раёна і не прагадалі. Эксперымент прайшоў паспяхова, і зараз гэтую практыку мы ўкараняем паўсюдна. Наша задача — жыць турботамі кліента. Гэта мяне яшчэ і як дэпутата хвалюе.
*На правах рэкламы
УНП 700010367
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/reklama-na-partale