Арганізацыйны камітэт Алімпійскіх гульняў 2020 года абвясціў аб запуску праекта Robot Tokyo 2020 — відавочнага прыкладу рэалізацыі інавацыйнага падыходу пры правядзенні мультыспартыўнага форуму.
Праект, распрацаваны Toyota Motor Corporatіon, дазволіць усім гледачам з вялікім камфортам назіраць за Гульнямі. На Алімпійскім стадыёне робаты будуць дапамагаць балельшчыкам у інвалідных крэслах, дастаўляць ежу і іншыя тавары гледачам на трыбунах, дапамагаць наведвальнікам шукаць сваё месца і даваць інфармацыю аб падзеях.
Іншыя робаты будуць выконваць шэраг дадатковых абавязкаў падчас Гульняў, падрабязнасці якіх абвесцяць пазней. У цэлым гэтая тэхналогія дапаможа правесці больш бяспечныя і камфортныя Гульні, і, хоць робаты падчас Алімпіяды будуць прадстаўлены толькі ў пэўных ролях, чакаецца, што праект прадэманструе іх патэнцыял для больш шырокага прымянення ў паўсядзённым жыцці.
Кіраўнік робататэхнічных праектаў Токіа-2020 Хірыхіса Хірукава адзначыў: «Гульні-2020 — унікальная магчымасць прадэманстраваць японскія тэхналогіі. Гэты праект прысвечаны дэманстрацыі не толькі робатаў, але і іх практычнага прымянення ў рэальным жыцці. Так што ў Токіа будуць прадстаўлены не толькі іх «спартыўныя» віды, але і некалькі іншых класных робатаў».
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyskiya-gulni-2020
[4] https://zviazda.by/be/tags/alimpiyada-u-tokia
[5] https://zviazda.by/be/tags/tokia-2020