Эскіз рэканструкцыі тэрыторыі вакол манумента Дружбы на мяжы Беларусі, Расіі і Украіны прадстаўлены ў Гомельскім аблвыканкаме. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі памятны знак будзе сёлета комплексна добраўпарадкаваны.
Манумент Дружбы, вядомы як «Тры сястры», быў узведзены ў 1975 годзе. Стэлы выкананы па праекце гомельскага архітэктара Леаніда Стукачова. Велічнае збудаванне стваралі сумесна прадстаўнікі трох рэспублік. Па ацэнцы спецыялістаў, нясучыя канструкцыі стэл, абліцаваныя інкерманскім каменем, не патрабуюць капітальнага рамонту — трэба толькі аднавіць абліцоўку. Рэканструкцыя закране падыходы да манумента з трох бакоў.
— Плітка будзе выкладзена малюнкам нацыянальных арнаментаў трох краін, — расказала галоўны архітэктар Гомельскай вобласці Святлана Кухацкаволец. — За аснову ўзята канцэпцыя, прапанаваная праектным інстытутам «Гомельграмадзянпраект».
Таксама ў планах — рамонт асфальтаваных пад'язных шляхоў, аднаўленне і пашырэнне зялёнай зоны. Рамонт будзе зроблены і на тэрыторыях, адведзеных пад тэматычныя выстаўкі і кірмашы. Добраўпарадкаванне манумента Дружбы плануюць завяршыць да пачатку чэрвеня.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/manument
[4] https://zviazda.by/be/tags/belaruska-rasiyskaya-myazha
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruska-ukrainskaya-myazha