У Лідскім раёне дзяржінспектары, супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС і раённай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў падчас сумеснага рэйду затрымалі аўтамабіль, у якім жыхар Бярозаўкі перавозіў незаконны ўлоў. Уся рыба ў ім вагой 40,5 кілаграма мела сляды ад сетак.
Нягледзячы на тое што ў самой машыне забароненых прыладаў лоўлі не выявілі, дома ў рыбака-нелегала знайшлі шэсць сетак, два пад'ёмнікі і два сачкі з электраправадам. Пры абследаванні вадаёма, дзе, як мяркуецца, магла быць здабыта рыба, таксама знайшлі ўстаноўленую сетку даўжынёй 700 метраў.
Сярод іншых рыб ва ўлове парушальніка было і 14 шчупакоў з ікрой. Вылаў гэтага віду зараз забаронены ў сувязі з нерастам. За кожнага шчупака, злоўленага падчас забароны, прыйдзецца пакрыць 229,5 рублёў. Агульная сума шкоды, нанесенай браканьерам, ацэньваецца ў 5,3 тысячы рублёў. Заведзена крымінальная справа.
Браканьеры-сеткавікі са шчупаком ва ўловах былі затрыманыя на мінулым тыдні ў Баранавіцкім (рака Смалянка), Клецкім (Чырвонаслабодскае вадасховішча), Жыткавіцкім (возера Чырвонае) раёнах і ў Рагачове (рака Днепр). Усім ім пагражае крымінальная адказнасць, паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/brakanerstva