У пачатку красавіка на палігоне пад Барысавам праходзіць тактычнае вучэнне са 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадай. Яго тэмай стала падрыхтоўка і рэалізацыя баявых дзеянняў у абарончай аперацыі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. На вучэнні задзейнічаны больш як 1100 ваеннаслужачых і 130 адзінак баявой тэхнікі. У ліку апошняй — каля 40 танкаў і 60 баявых машын пяхоты.
— Беларусь прытрымлівацца прынцыпу транспарэнтнасці, і таму на вучэнне былі запрошаны прадстаўнікі краін НАТА — Германіі, Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы, а таксама ваенныя аташэ, якія маюць акрэдытацыю пры Міністэрстве абароны, — адзначыў начальнік упраўлення верыфікацыі дэпартаменту міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Міністэрства абароны Андрэй Царык. — Гэта самая буйная ваенная дзейнасць сёлета на тэрыторыі Беларусі. Згодна з палажэннямі Венскага дакумента, зыходзячы з колькасці асабовага саставу і тэхнікі, што прыцягваецца да вучэнняў, не падпадае пад катэгорыю назіраемых. Але кіраўніцтва Узброеных Сіл прытрымлівацца прынцыпу павышэння ўзроўню адкрытасці паміж суседнімі краінамі ў ваеннай сферы. Таму мы і запрасілі замежных назіральнікаў.
Кіруе вучэннямі камандуючы войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Андрэй Жук.
— Мы адпрацавалі два пытанні, якія тычыліся вядзення абароны і падрыхтоўкі да яе. Асабовы склад адбіваў атакі на пярэдні край. Ацэнку дзеянням падраздзяленняў паставім тады, калі будуць выкананы ўсе задачы, але магу ўжо цяпер сказаць, што брыгада падрыхтавана добра і здольная выканаць задачы, якія перад ёй пастаўлены. Таксама мы надалі ўсебаковую ўвагу тылавому, тэхнічнаму, медыцынскаму забеспячэнню. А для карэкціроўкі агню мы выкарыстоўваем беспілотныя комплексы.
За вучэннямі прыехалі паназіраць і парламентарыі. Сяргей Бобрыкаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, засяродзіў увагу на скарачэнні колькасці адтэрміновак ад прызыву, якое апошнім часам шырока абмяркоўваецца [4] на высокім узроўні.
— Зараз мы назіраем істотны некамплект прызыўнікоў. Трэба пераглядаць пытанне адтэрміновак па адукацыі, таму што іх цяпер шмат. Гэта мера часовая, але трэба памятаць, што яшчэ не так даўно ў армію адпраўляліся прыдатныя па стане здароўя юнакі, якім спаўнялася 18 год нават падчас вучобы ва ўніверсітэце. Мы ў парламенце прааналізавалі сітуацыю, якая склалася апошнім часам. Сёлета студэнтамі стануць каля 40 тысяч чалавек. З іх палова — дзяўчыны. Паводле разлікаў, прыкладна 50% хлопцаў будуць «адсеяны» падчас праходжання медыцынскага асведчання. Застаецца 10 тысяч — столькі, колькі і трэба для прызыву. У магістратуру паступае з іх толькі 8%. І вось ім і належыць вучыцца вайсковай справе.
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] http://zviazda.by/be/news/20190226/1551180847-u-belarusi-skarocyac-kolkasc-adterminovak-dlya-prahodzhannya-sluzhby-u
[5] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-abarony