Учора ў рамках рабочага візіту генеральнага сакратара Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы Раберта Антаніёне ў Беларусь адбыўся семінар для патэнцыйных бенефіцыяраў міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЦЕІ.
Спадар Антаніёне ў вітальным слове сказаў, што арганізацыя зацікаўлена ў фінансаванні самых розных праектаў у нашай краіне.
У семінары прынялі ўдзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі сістэмы адукацыі, культуры, навукі, аховы здароўя і іншыя. Удзельнікі змаглі падрабязна азнаёміцца з дзейнасцю ЦЕІ, а таксама з алгарытмам падачы праектных заявак для атрымання суфінансавання.
Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва сёлета адзначае 30-ю гадавіну з дня свайго заснавання. Сёння ў складзе гэтай арганізацыі налічваецца 18 краін. Беларусь стала ўдзельнікам ЦЕІ ў чэрвені 1996 года. Па словах начальніка ўпраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва Міністэрства замежных спраў Рамана Раманоўскага, за гэты час у краіну было прыцягнута больш за 8 млн еўра пад праекты ў сферы эканомікі, навуковых даследаванняў, адукацыі, культуры, СМІ і іншых галінах. Сёння Беларусь разглядае арганізацыю як эфектыўны інструмент пашырэння і ўмацавання рэгіянальнага супрацоўніцтва праз рэалізацыю сумесных праектаў па актуальных кірунках дзейнасці, уключаючы альтэрнатыўную энергетыку, устойлівае развіццё, экалогію і развіццё новых тэхналогій.
Вольга Пралюк
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-pralyuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/centralna-eurapeyskaya-inicyyatyva