Кампанія па добраахвотнай здачы сетак і сетных прыладаў і вызваленні ад адказнасці за іх захоўванне стартавала 20 сакавіка. Менш чым за месяц у Дзяржінспекцыю было здадзена 318 сетак даўжынёй 17,4 кіламетра і 34 сетных прылады.
Як расказалі тут, работу па інфармаванні насельніцтва інспектары вядуць як масава, так і кропкава -- наведваючы патэнцыйных парушальнікаў і тлумачачы: выбар за вамі. Пасля такіх гутарак некаторыя з іх сапраўды здаюць сеткі, каб спаць спакойна. Жыхар вёскі Ганалес, што на беразе Мінскага мора, выдаў 11 сетак даўжынёй каля 300 метраў. У вадаёме каля вёскі -- буйное нерасцілішча, спакуса вялікая, але штрафы яшчэ больш.
Шанец пазбегнуць дадатковага штрафу за захоўванне забароненых прылад лоўлі інспектары далі нават тым, каго затрымлівалі з сеткамі на вадаёме. Жыхар Лепеля рыбачыў сеткай і нератам на рацэ Аканіца, паспеў злавіць пяць асобін рыбы, за што ў дачыненні да яго інспектары пачалі адміністрацыйны працэс. Мужчына прызнаўся, што захоўвае дома яшчэ дзве сеткі і гатовы прынесці іх у інспекцыю. За незаконную лоўлю рыбы парушальніку будзе прызначаны штраф, а за захоўванне сетак -- не.
У падобнай сітуацыі апынуўся і жыхар Гомеля, вось толькі рашэнне ён прыняў іншае. Мужчыну выкрылі ў браканьерстве -- свае сеткі ён паставіў на затоцы ракі Сож. На пытанне, ці ёсць у яго іншыя прылады браканьерства, адказаў адмоўна. Па факце ж у доме парушальніка выявілі цэлы склад сетак -- 144 новых і 24 быўшых у карыстанні, а таксама незарэгістраванае ружжо. За захоўванне такога “арсенала” гамяльчанін атрымае дадатковыя штрафы.
Багатае браканьерскае мінулае і ў жыхара Жлобінскага раёна. Аднак, даведаўшыся пра кампанію па добраахвотнай здачы сетак, мужчына вырашыў больш не рызыкаваць і патэлефанаваў у інспекцыю. Здаў 18 сетак даўжынёй 528 метраў. На Гомельшчыне кампанія праходзіць з найбольшай актыўнасцю -- там адзначана ўжо 23 падобных фактах, заўважылі ў Дзяржінспекцыі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/amatarskae-rybaloustva