Адзiн з найлепшых дзiцячых санаторыяў Беларусi «Случ» да новага летняга сезона рыхтуе шэраг сюрпрызаў для наведвальнiкаў. Тут адкрыецца сучасны спа-комплекс з трыма саўнамi: фiнскай, саляной, турэцкiм хамамам, а таксама абноўленым басейнам. Да тэнiснага корта, пляцовак па валейболе i пляжным футболе дабудуюць баскетбольную пляцоўку з прафесiйным пакрыццём. Дадайце сюды камфортныя нумары для пражывання, шасцiразовае харчаванне, поўны набор лячэбных працэдур i цiкава арганiзаваны вольны час — i вы зразумееце, чаму набыць пуцёўку ў «Случ» не так i проста.
Адзiн з найлепшых у краiне
— Два гады таму мы правялi вялiкае капiтальнае абнаўленне: рэканструявалi залы харчовага блока, закупiлi новае кухоннае абсталяванне. Пабудавалi культурна-забаўляльны комплекс «Вясёлка» — сучасную дыскатэчную пляцоўку, — расказвае дырэктар фiлiяла «Дзiцячы санаторый «Случ» ААТ «Белаграздраўнiца» Сяргей Марачкоўскi.
У той жа час быў здадзены новы спальны корпус «Мацi i дзiця», дзе стварылi камфортныя ўмовы для сямейнага адпачынку. Тут 23 пакоi на 40 чалавек. Акрамя гэтага, у санаторыi маецца пяць спальных карпусоў. Адначасова тут могуць размясцiцца 500 дзяцей.
— У 2018 годзе ў нашым санаторыi адпачыла больш за 7500 дзяцей з Беларусi, а таксама каля 200 з Расii. Ужо 15 гадоў мы працуем па праграме Саюзнай дзяржавы па арганiзацыi лячэння i аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусi i Расii, якiя найбольш пацярпелi ад катастрофы на ЧАЭС. Для гэтага штогод удзельнiчаем у адкрытым конкурсе, якi праводзiць Пастаянны камiтэт Саюзнай дзяржавы, дзе вызначаюць найлепшыя санаторыi. За паўтара дзесяцiгоддзя мы аздаравiлi каля 2,5 тысячы расiйскiх школьнiкаў з Бранскай, Калужскай, Тульскай абласцей i Алтайскага краю, — расказвае дырэктар.
Дарэчы, нядаўна Пастаянны камiтэт Саюзнай дзяржавы адзначаў санаторый «Случ» падзякай «За значны ўклад у развiццё беларуска-расiйскага супрацоўнiцтва i рэалiзацыю сацыяльна-значных праектаў Саюзнай дзяржавы». Зрэшты, узнагароды «Случ» атрымлiвае штогод. Напрыклад, сёлета ён заняў другое месца сярод дзiцячых санаторыяў краiны паводле вынiкаў работы за 2018 год. Чарговую Ганаровую грамату з гэтай нагоды Сяргей Марачкоўскi атрымаў ад дырэктара Рэспублiканскага цэнтра па аздараўленнi i санаторна-курортным лячэннi насельнiцтва Генадзя Балбатоўскага.
— Аздараўляюцца ў нас i спартыўныя каманды. Ужо некалькi гадоў, напрыклад, прыязджаюць юныя баскетбалiсты клуба «Цмокi-Мiнск». Не першае лета ў нас праводзяць выхаванкi сталiчнай балетнай школы Вежнавец, — кажа Сяргей Марачкоўскi.
Штогод у санаторыi ўдасканальваюць матэрыяльна-тэхнiчную базу. Вялiкую ўвагу аддаюць бяспецы дзяцей.
— Дзiцячы санаторый адносiцца да тых аб'ектаў, дзе забеспячэнне бяспекi адыгрывае ключавую ролю, — падкрэслiвае дырэктар. — Нядаўна мы цалкам мадэрнiзавалi сiстэму супрацьпажарнай абароны. Падтрымлiваць бяспеку на належным узроўнi дапамагае ўстаноўленае ў жылых карпусах, на тэрыторыi санаторыя, у харчаблоку i iншых памяшканнях вiдэаназiранне.
Жывая прырода i спа-працэдуры
Санаторый «Случ» знаходзiцца ў найпрыгажэйшым месцы — пасярод змешанага лесу, побач са штучным вадасховiшчам. Таму тут можна зранку ўбачыць саву, кажаноў цi зайца — жывая прырода падступае нязвыкла блiзка. Акрамя традыцыйных бяроз, дубоў, каштанаў i елак, на тэрыторыi растуць туi, ядловец, барбарыс, брызглiна, дуброўка, фарзiцыя. А сапраўдным упрыгажэннем з'яўляецца лiпавая алея, якая цягнецца ўздоўж тэрыторыi санаторыя. Галасы птушак i чыстае паветра — што яшчэ патрэбна для шчасця?
Дзецi традыцыйна праводзяць тут тры тыднi. Гэтага часу хапае, каб умацаваць здароўе. Тут ёсць увесь набор неабходных працэдур: спелеалячэбнiца, лячэбныя гразi i ванны, iнгаляцыi, розныя вiды масажу, электра-, цепла- i святлолячэнне, лазератэрапiя, кабiнеты функцыянальнай дыягностыкi i залы лячэбнай фiзкультуры. На тэрыторыi маецца ўласная свiдравiна з мiнеральнай вадой.
Штат медработнiкаў цалкам укамплектаваны. Тут працуюць чатыры ўрачы-педыятры, тэрапеўт, фiзiятэрапеўт, зубны фельчар. Паводле слоў намесніка дырэктара Ларысы БОНДАРАВАЙ, у санаторыя некалькi кiрункаў аздараўлення: сiстэмы кровазвароту, органаў дыхання, касцёва-мышачнай сiстэмы, органаў стрававання i мочапалавой сiстэмы.
Апошнiм часам пашыраецца выбар касметалагiчных i спа-працэдур. Адна з самых папулярных — прэсатэрапiя, або пнеўмакампрэсiйная тэрапiя. Гэта масаж сцiснутым паветрам, якое падаецца праз спецыяльны касцюм. Уздзейнiчаць можна як на ўсё цела, так i асобныя яго часткi, напрыклад спiну i ногi. Падчас працэдуры — нiякага болю, толькi рэлаксацыя i адчуванне прыемнага цяпла нейкi час пасля. Працэдура спрыяе стымуляцыi лiмфаадтоку i ўмацаванню сасудаў, карэкцыi фiгуры, у прыватнасцi, яе лiчаць эфектыўным сродкам у барацьбе з цэлюлiтам i вяласцю скуры.
Яшчэ адна з навiнак эстэтычнай медыцыны — карбаксiтэрапiя, або лячэнне медыцынскiм вуглякiслым газам.
— Гэта ўнiкальны спосаб палепшыць якасць скуры i авал твару. Таксама мае добры эфект для лячэння суставаў, пазваночнiка, выкарыстоўваецца, у прыватнасцi, пры спiннамазгавых грыжах, пятачнай шпоры, галаўных болях i iншых хваробах, — расказвае ўрач агульнай практыкi санаторыя «Случ» Уладзiмiр Гузман. — Працэдура цалкам бясшкодная. У любой тканцы нашага арганiзма маецца вуглякiслы газ, мы толькi павялiчваем яго канцэнтрацыю, уводзячы пад скуру. I атрымлiваем рэакцыю ў адказ — у нас пашыраюцца крывяносныя, лiмфатычныя сасуды, паскараецца i паляпшаецца абмен рэчываў. Гэта своеасаблiвая зарадка для клетак. У вынiку атрымлiваем абязбольвальны i супрацьзапаленчы эфект. Да нас на гэту працэдуру (а курс у iдэале павiнен складацца з 10 сеансаў), прыязджаюць нашы пастаянныя клiенты са Слуцка i Салiгорска, тыя, хто адчуў станоўчы эфект, лечацца самi i рэкамендуюць знаёмым.
У хуткiм часе з'явiцца яшчэ адна падобная працэдура — азонатэрапiя. Унiкальнай методыкай валодае i ўрач-фiзiятэрапеўт санаторыя Аляксандр Барушка. Метад спалучае лазератэрапiю i лазерную рэфлексатэрапiю.
— Гэта ўздзеянне на «кiтайскiя» кропкi па прынцыпе iгларэфлексатэрапii, толькi без выкарыстання iголак, а з дапамогай магнiтных iмпульсаў — тлумачыць Аляксандр Сяргеевiч. — Таму гэта прыемная i камфортная працэдура, якая праходзiць пад рэлаксуючую музыку. Яна рэкамендуецца пры хваробах, якiя дрэнна паддаюцца лячэнню традыцыйнымi метадамi, у прыватнасцi пры бранхiяльнай астме, мiгрэнях, заiканнi, начным энурэзе, неўрозападобных цiках у дзяцей, астэахандрозе, радыкулiтах. Гэта методыка апрабавана на працягу дзесяцiгоддзяў. Мiгрэнь, напрыклад, гэта спазма сасудаў, i зняць яе нават медыкаментозна вельмi складана. А гэты метад лiквiдуе прычыну спазмы. Для дасягнення максiмальнага эфекту патрабуецца тры курсы такiх працэдур на працягу года. А вось пры лячэннi начнога энурэзу значны эфект адчуваецца нават ад аднаго курса.
Актыўны вольны час i здаровая дыета
— Наш санаторый дзецi выбiраюць у тым лiку з-за цёплай атмасферы i адносiн выхавацеляў, педагогаў, медыкаў i iншых супрацоўнiкаў, — упэўнена намеснiк загадчыка аддзела выхаваўчай i культурна-масавай работы санаторыя «Случ» Валянцiна Салавей,
якая, дарэчы, працуе тут ужо 36 гадоў. — Ёсць дзецi, якiя прыязджаюць да нас ужо 11-ы раз! Мы iмкнёмся, каб яны не толькi аздаравiлiся, але i актыўна i з карысцю правялi час. Штодзённа арганiзуем iнтэлектуальныя, пазнавальныя, забаўляльныя i фiзкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы. Улiчваем кола цiкавасцяў дзяцей, пажаданнi бацькоў. Кожнаму дзiцяцi мы ствараем умовы для самарэалiзацыi, а таксама стараемся даць душэўны спакой i камфорт. Напрыклад, у нас ёсць такая акцыя як «СМС любiмай маме», дзе кожны пiша добрыя словы i пажаданнi. I мы заўсёды настройваем дзяцей, што ад нас яны павiнны паехаць крыху больш добрымi i пяшчотнымi. Бацькi, дарэчы, нярэдка тэлефануюць нам з падзякамi.
У санаторыi маецца свая школа i ўсе неабходныя ўмовы для бесперапыннага адукацыйнага працэсу. Тут 13 абсталяваных вучэбных кабiнетаў з тэхнiчнымi сродкамi, нагляднымi дапаможнiкамi, метадычнай лiтаратурай, тэлевiзарамi, якiя дазваляюць дэманстраваць вучэбныя фiльмы. У кабiнетах фiзiкi i хiмii, напрыклад, маецца ўсё неабходнае для правядзення вопытаў i выканання лабараторных работ.
У сталоўцы — толькi здаровае харчаванне.
— Пятнiца ў нас — дзень беларускай кухнi. Наша нацыянальная кухня прыдатная для прыгатавання дыетычных страў. Мы гатуем бульбяныя аладкi, дранiкi, свiнiну па-дамашняму, кашы, — расказвае загадчык харчаблока Лiдзiя Замараева. — Афiцыянты ў гэты дзень надзяваюць нацыянальныя касцюмы, такiм чынам дзецi далучаюцца да беларускiх традыцый.
Планы на будучае ў кiраўнiцтва санаторыя самыя амбiцыйныя. Гэта i паляпшэнне жыллёвага фонду, матэрыяльна-тэхнiчнай базы, пашырэнне спектру медыцынскiх паслуг i набыццё новага абсталявання.
— Не буду раскрываць усе планы, але скажу, што ў 2019 годзе санаторый «Случ» стане яшчэ больш сучасным i камфортным, — кажа Сяргей Марачкоўскi. — Запрашаю ўсiх ахвотных упэўнiцца ў гэтым i адпачыць у нас.
Алена КРАВЕЦ
Аксана МIСЕЛЯ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Супрацоўнiца рэдакцыi газеты «Звязда» Аксана Мiселя, якая адпачывала з дзецьмi ў санаторыi «Случ» у сакавiку, выказвае асаблiвую падзяку за цёплы прыём кiраўнiцтву i персаналу аздараўленчай установы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/reklama-na-partale