Прапановы па напаўненні новай чарнобыльскай рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН абмяркоўваліся на пасяджэнні міжустаноўскай групы ААН па Чарнобылі ў штаб-кватэры Праграмы развіцця ААН у Нью-Ёрку. Мерапрыемства было арганізавана па ініцыятыве Беларусі, паведамілі [1] БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства замежных спраў.
Удзельнікі пасяджэння прааналізавалі ход ажыццяўлення рэзалюцыі Генасамблеі ААН "Доўгатэрміновыя наступствы чарнобыльскай катастрофы" і вынікі супрацоўніцтва на гэтым напрамку за апошні год. Абмеркаваны прапановы па арганізацыі далейшага ўзаемадзеяння і магчымыя элементы новай чарнобыльскай рэзалюцыі, прыняцце якой плануецца ў ходзе наступнай сесіі Генасамблеі ААН.
Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб мерах, што прымаюцца беларускім бокам у мэтах сацыяльна-эканамічнага развіцця пацярпелых рэгіёнаў, адзначыўшы назапашаны Беларуссю ўнікальны вопыт у гэтай сферы і гатоўнасць дзяліцца ім. "Беларускі дыпламат прадставіў прапановы па напаўненні міжнароднага супрацоўніцтва па чарнобыльскіх пытаннях з удзелам арганізацый сістэмы ААН і заклікаў СААЗ, ФАО і ЮНІСЕФ да больш актыўнага ўключэння ў праектную дзейнасць на гэтым напрамку", - адзначылі ў МЗС.
Валянцін Рыбакоў таксама расказаў, што Беларусь сумесна з Ірландыяй, Украінай і ірландскай дабрачыннай арганізацыяй "Міжнародны праект дзецям Чарнобыля" арганізуе ў штаб-кватэры ААН спецыяльнае мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/politics/view/u-shtab-kvatery-praan-abmerkavali-novuju-charnobylskuju-rezaljutsyju-genasamblei-aan-77447-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/charnobylskaya-zona
[3] https://zviazda.by/be/tags/genasambleya-aan-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/praan-1
[5] https://zviazda.by/be/tags/mzs-belarusi