Сёння, здаецца, увесь свет перавярнуўся з ног на галаву. Рэдкія навіны абыходзяцца без паведамлення пра жахлівае забойства або няшчасны выпадак. Сын падымае руку на бацьку, дзяўчынка выскоквае з акна дзявятага паверха, маці выкідвае на сметніцу нованароджанае дзіця. І гэта толькі бачная вяршыня айсберга. Калі хварэе цела, не трэба тлумачыць, куды ісці. А калі чалавек знешне здаровы, але ўнутры яго творыцца нешта незразумелае? Тое, што прымушае яго рабіць усе гэтыя страшныя крокі? Пра такіх заўсёды казалі, быццам бы ў іх «нячысцік усяліўся». І лічылася, што дапамагчы справіцца з ім могуць толькі экзарцысты — тыя, хто выганяюць нячыстага. Карэспандэнт «Звязды» меў магчымасць паназіраць, як з гэтым спраўляецца адзіны дзеючы ў краіне праваслаўны экзарцыст.
Духоўная лячэбніца
Айцу Валерыяну са Смілавіч даў на гэта благаславенне яшчэ Мітрапаліт Філарэт. У Смілавічы часта арганізуюцца паломніцкія паездкі, нехта едзе туды сваім ходам. Маўляў, цікава паглядзець, як бацюшка чарцям хвасты накручвае. У сеціве шмат водгукаў з нагоды ўбачанага — ад экзальтавана-захопленых да крытычна-недаверлівых. І гэта таксама падагравае цікавасць.
Звязацца з храмам у гонар Георгія Перамаганосца, дзе служыць айцец Валерыян, можна па тэлефоне, які няцяжка знайсці ў інтэрнэце. Набіраю нумар. Спачатку спрацоўвае аўтаадказчык, які падказвае час найбліжэйшага малебну — адчыткі. Нарэшце, трубку бярэ айцец Мікалай. У адказ на маё «хачу пра вас рэпартаж напісаць» чую сухое: «Нам рэкламы не трэба». Павісае няёмкая паўза. «Але ж я не магу вам забараніць прыехаць», — змякчаецца суразмоўнік. І я еду.
Белае і чорнае
Да пачатку службы яшчэ гадзіна, але народ пакрысе пачынае падцягвацца. Падкаціла сямейства на крутым аўто, выйшлі на вуліцу і пачалі апранацца па каноне. Дзяўчына завязала хустку, зверху джынсаў нацягнула спадніцу. Заўважаю цыганку ў бліскучай жоўтай хустцы. Яна нервова ходзіць перад агароджай храма, кагосьці выглядае. Памятаючы свой колішні, амаль што дзіцячы, вопыт стасункаў з гэтымі «экстрасэнсамі», трымаюся далей ад жанчыны. А вось хударлявая дзяўчына ў доўгай шэрай сукенцы, што дзяжурыць каля дзвярэй храма, адразу бачна, рэгулярна наведвае такія месцы. «Падайце, колькі не шкада», — працягвае яна руку. І я не магу адмовіць, бо замест пальцаў у яе кароценькія куксы.
Хутка пачатак службы, а айца Мікалая яшчэ няма. Падмануў? «Ну што вы, калі сказаў, то прыйдзе, чакайце», — падбадзёрвае работніца храма. Слова за слова, і высвятляецца, што завуць жанчыну Валянціна, што яна мая зямлячка з Магілёва, што нават жывём у адным раёне. «Як я сюды трапіла? — паціскае яна плячыма. — Ды вось аднойчы аказалася паміж жыццём і смерцю. Спачатку лячылася ў адной бальніцы, потым у другой — нічога не дапамагала, наадварот, станавілася горш. Сабрала манаткі і сюды. Бацюшка не прагнаў, дзякуй яму за гэта. Нясу паслушэнства пры храме. Кінула сваю кватэру без нагляду, дачу, на якой здароўе падарвала, — і вучуся існаваць у гэтым свеце па-новаму. Толькі тут я ўбачыла, што ён падзяляецца на белы і чорны...»
Айцец Мікалай
Ён з'яўляецца, ужо калі я амаль страчваю надзею. Усміхаецца: «Ну што, не перадумалі пісаць рэпартаж?» Разам заходзім у храм, а потым у нейкі маленькі пакойчык, збоку ад іканастаса. У ім шмат ікон і кніг. На стале ляжыць вялікае распяцце. Свяшчэннік паказвае па баках крыжа цёмныя кружочкі. «Гэта мошчы святых, — удакладняе ён. — Пасля адчыткі людзі прыкладваюцца да яго. Хтосьці робіць гэта з лёгкасцю, некаторыя наадварот».
Протаіерэй Мікалай Літвінчык — благачынны Чэрвеньскага раёна, настаяцель двух храмаў велікамучаніка Георгія Перамаганосца і Казанскай Божай Маці гарадскога пасёлка Смілавічы. Ён дапамагае айцу Валерыяну.
— У бацюшкі ёсць духоўны айцец, якому сёння болей за 90 гадоў, — Пётр Кучар, — расказвае ён. — З яго ўсё пачалося. Ён сам займаўся малітвай аб нядужых і айца Валерыяна блаславіў. Аўтар гэтага малебна мітрапаліт Пётр Магіла, які жыў у ХVІІ стагоддзі. Той самы знакаміты рэфарматар, які заснаваў Кіеўскі калегіум — Кіева-Магілянскую акадэмію, — адну са старэйшых вышэйшых школ ва Усходняй Еўропе. У перакладзе з грэчаскага малебен аб нядужых называецца экзарцызмам. Або, калі казаць простымі словамі, адчыткай. Спачатку айцец Валерыян займаўся гэтым пры храме Касмы і Даміяна ў гарадскім пасёлку Сноў Нясвіжскага раёна, а ў 1992 годзе пераехаў у Смілавічы — адправілі аднаўляць, які тады быў яшчэ ў сценах былой мэблевай крамы. Ну, а я прыехаў сюды праз некалькі гадоў. З бацюшкам мы пазнаёміліся яшчэ ў Нясвіжскім раёне, і ён мяне сюды пазваў. Разам з ім і дапамогай іншых клірыкаў пабудавалі ўжо сем храмаў.
Пра незразумелае
— А чаму ў нас у краіне так мала экзарцыстаў? — пытаюся ў бацюшкі.
— Кожны свяшчэннік павінен займацца сваёй справай. Гэта цяжкі крыж, не кожны зможа яго несці. Трэба весці вельмі аскетычны лад жыцця, абмяжоўваць сябе ва ўсім. Больш маліцца, чытаць Псалтыр і Евангелле.
— Праўда, што падчас службы незразумелыя рэчы адбываюцца?
— Некаторыя ўяўляюць сабе, што тут чэрці па храме скачуць, баяцца зайсці, каб на яго не заскочылі (усміхаецца). Нічога такога ў нас няма. Бывае, што чалавек стаіць, а потым з размаху падае на падлогу і пачынае біцца ў канвульсіях. Некаторыя наогул страчваюць прытомнасць. Людзі кідаюцца дапамагчы, але бацюшка просіць не чапаць. Такія рэчы — нармальная з'ява, на тое гэта і адчытка. Потым чалавек сам падымецца, яму будзе ўжо лягчэй.
— І адной адчыткі дастаткова?
— Па-рознаму бывае. Але так хутка нічога не робіцца. Вы ж прастуду тыдзень лечыце, а тут душа. Тым больш што духоўныя хваробы ў нас часцей за ўсё хранічныя.
— А адкуль гэтыя хваробы бяруцца?
— Няправільны лад жыцця. Да нас прыходзяць, калі аббегалі ўсіх бабулек ды экстрасэнсаў. А ў Евангеллі гаворыцца, што мы павінны даверыцца волі Госпада. Усё ад Бога. Ён не пярэчыць, калі чалавек нешта вырашыў зрабіць. Гэтым вораг і карыстаецца. Можна ісці вузкім шляхам, маліцца, пасціцца, працаваць, сям'ю даглядаць. А другі хоча піць, гуляць, весяліцца. Чалавек парушае духоўную раўнавагу, і вораг усяляецца ў яго.
Чаму хварэюць дзеці
Пачынаецца малебен, айцец Валерыян чытае малітву, і хутка з прытвора даносіцца нейкае скавытанне... Не вытрымліваю і іду глядзець. Хлопчык гадоў трох круціцца ў руках маці, як вужака і камусьці крычыць: «Адпусці! Пайшлі адсюль». Маладая маці, уся пунсовая ад напругі, толькі мацней прыціскае да сябе дзіця.
У храм заходзіць сям'я з хлопчыкам гадоў шасці-сямі. На яго твары павязка, як у хворых на грып. Хлопчык стаіць амаль у мяне за спінай і, калі ён пачынае выдаваць дзіўныя гукі, я ад нечаканасці ўздрыгваю. Хочацца адысці падалей. Але ў яго такі нешчаслівы твар, што мне становіцца сорамна за сваё маладушша.
Паўгадзіны малебна пралятаюць вельмі хутка. Самае цікавае, што пасля яго на душы сапраўды становіцца спакойна і ўтульна. Частка людзей разыходзіцца, але большасць выстройваецца ў дзве чаргі — да айца Валерыяна і да айца Мікалая. Сярод тых апошніх заўважаю тую самую жанчыну з дзіцем, што бачыла ў прытворы. Хлопчык сцішыўся і стомлена прынік да маці галавой. Тут жа і падлетак з павязкай на твары — стаіць побач са сваімі бацькамі. Наогул, сем'яў з дзецьмі вельмі шмат. Айцец Мікалай дазваляе папрысутнічаць на прыёме, каб можна было паназіраць за размовай збоку.
У пакойчык заходзіць малады чалавек. Дзмітрый прыехаў з Рэчыцкага раёна, ужо не першы раз. З размовы са свяшчэннікам зразумела, што хлопец мае моцную залежнасць ад інтэрнэту і не можа самастойна пазбавіцца ад дрэннай звычкі.
— Доўга не набліжаўся да камп'ютара, а нядаўна зайшоў у інтэрнэт — Нядзельную школу наведаць, і тут пальцы самі пачалі ціскаць не тыя клавішы. Каб не спакушацца, выключыў усё і доўга не мог апамятацца. Спачатку на душы было дрэнна, але пачытаў Псалтыр, і палягчэла.
Пасля Дзмітрыя заходзіць сям'я з маленькай дзяўчынкай. Малая пачынае пранізліва пішчаць. Бацюшка ціха чытае над ёй малітву, і яна супакойваецца, прыслухваецца. Потым зноў пачынае стагнаць. Бацюшка пырскае святой вадой і адпускае. Маці кажа, што ў дзяўчынкі быў вельмі моцны спалох.
Чарговы хворы — Дзяніс, якому ўсяго два гады восем месяцаў. Пішчыць, нервова смяецца, кашляе. Сям'я прыехала са Стоўбцаў. Пакуль маці з Дзянісам размаўляюць са свяшчэннікам, пытаюся ў бацькі хлопчыка: «Ён у вас толькі ў храме так плача?» «Не, — круціць галавой малады чалавек. — Яшчэ і ў бальніцы. Мы вось толькі адтуль. Хварэе сын, а на што — не ведаем».
— Чаму пакутуюць нашы дзеці? — пытаюся ў бацюшкі, калі выходзіць апошні наведвальнік.
— Гэта ўсё наступствы жыцця бацькоў і дзядоў — злоўжывалі, грашылі. Вось дзеці і расплачваюцца. Цяпер модна стала складаць радаводы, але вельмі карысна ведаць яшчэ і тое, чым займаліся вашы продкі. Калі яны бралі хабар, кралі або забівалі, не трэба здзіўляцца, адкуль няшчасці сыплюцца. На ўсё ёсць прычыны. Даём у першую чаргу духоўныя парады. Галоўнае, каб у сям'і былі мір, спакой і любоў. А цяпер у модзе пазашлюбныя сувязі, якая ж гэта павага да сям'і? Чалавек бяжыць ад адказнасці, жыве для сябе, а гэта самы вялікі грэх. Таму і дзеці нашы пакутуюць. Людзі часта скардзяцца, што да поўначы заснуць не могуць, нейкія свае справы ў галаве «пракручваюць». Трэба памаліцца, тады і сон будзе мацнейшы. Пражыў дзень — і дзякуй Богу. Прачнуўся — дзякуй Богу. Малітва павінна быць перш за ўсё. Чалавек складаецца з цела і душы. Цела даглядаем, а душу ігнаруем. Вось усё і назапашваецца. А душу трэба лячыць пакаяннем.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/religiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/religiya
[5] https://zviazda.by/be/tags/hram
[6] https://zviazda.by/be/tags/aycec
[7] https://zviazda.by/be/tags/smilavichy