Майстар спорту па чатырох відах барацьбы, заслужаны трэнер Беларусі Валеры Глезер у чарговы раз адзначыў юбілей — у коле сваіх выхаванцаў, за салодкім сталом
Званок па тэлефоне. Бадзёры, як заўжды, голас: “Заходзьце на салодкі стол — адсвятуем чарговы мой юбілей. Я зноў сваіх вучняў запрасіў, на гэты раз дадому — прыйдуць”. — “Як, зноў юбілей?..” — “Так, 80 будзе. Пяць гадоў праляцела”. Валеры Якаўлевіч, сяброўствам з якім ганаруся, — з ліку тых моцных і адданых справе людзей, на якіх па гэты час трымаецца беларускі спорт. Дакладней — барацьба. Ён і сам адбыўся ў вялікім спорце, і выхаваў дзясяткі майстроў спорту, шэраг чэмпіёнаў свету па вольнай і класічнай барацьбе, самба і дзюдо. Да таго ж адзін з мінскіх паплечнікаў Аляксандра Мядзведзя, трохразовага алімпійскага чэмпіёна, па трэнерскай справе.
Пішучы нататкі, звярнуўся да тэкста пяцігадовай даўнасці (“Бальзам на трэнерскую душу” — ГР, 3.04.2014). Прывяду развагі майстра, які не адступае ад сваіх слоў і прынцыпаў. Мяркуйце самі: “Таму мая стратэгія і ў барацьбе, і ў жыцці такая: дабрыня, працавітасць, сяброўства… Увогуле сіла павінна быць добраю — інакш навошта яна? Грош ёй цана! Так і ўсім сваім вучням кажу”.
…Нашы дамы на Лагойскім тракце — па суседстве. Пры дамафоне сустрэліся з Эляй. Унучка юбіляра, і таксама “ў барацьбе”. Пазней, за святочным сталом, папрасілі старшакласніцу Элю сказаць слоўца. “Ён — сапраўдны дзядуля!” — трохі сумелася дзяўчына. Але па вачах вучняў, сяброў Майстра, якіх сабралася ў зале ягонай двухпакаёўкі чалавек 20, было відаць: ён і трэнер сапраўдны. І сябар верны. Прыйшла на сустрэчу Маша Пушкіна: цяпер ахітэктарам у адной прэстыжнай кампаніі працуе, а ў 2001–2006 годзе займалася дзюдо ў спартгрупе Глезера. Потым і вучылася на архітэктара там жа, у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце. Так што ішла ў прафесію — праз залу барацьбы. Віншавала трэнера і Анжэла Паім-Краскоўская, адна з апошніх “паспяховых” яго вучаніц: у 2014‑м перамагла на этапе Кубка свету ў Маскве. І цяпер у спорце: працуе трэнерам у адным з мінскіх мікрараёнаў. Моцны, у цудоўнай фізічнай форме Дзмітры Свінчук, былы спартсмен, які працуе ў Мінскай ваеннай камендатуры, прыйшоў на сустрэчу з сынам-сямікласнікам Андрэем: яму Валеры Якаўлевіч таксама быў за трэнера. І ад усіх — удзячнасць Майстру, цёплыя словы.
Цяпер Валеры Якаўлевіч не выходзіць на барцоўскі дыван, нават як трэнер. З акна кватэры відаць галубоўня: там гаспадарыць. Маючы вольны час, заняўся сабой — і скінуў кілаграмаў 10, для здароўя на карысць. Лёгкі ў хадзе, жывы ў размове. Ганарыцца ўнукам: Рэнат Валееў мае дзве вышэйшыя адукацыі, чорны пояс па дзюдо і сіні — па бразільскім джыа-джытсу, працуе як трэнер, і ён жа — у складзе вялікай каманды, якая ладзіць ІІ Еўрапейскія гульні ў Мінску. Так што, як бачым, жыццёвая стратэгія барацьбы майстра Валерыя Глезера дае добры плён.
Іван Ждановіч
Фота аўтара
[1]Нумар у ПДФ-фармаце [1]
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-08-2019_-_small.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy