Аляксандр Лукашэнка павіншаваў народную артыстку Беларусі Ядвігу Паплаўскую з юбілеем, паведамляе [4] прэс-служба Прэзідэнта.
«Дзякуючы выключнаму таленту і працаздольнасці Вы сталі ўзорам высокага прафесійнага майстэрства, прыкладам адданага і нястомнага служэння нацыянальнаму мастацтву», — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што шматгадовая плённая творчая дзейнасць артысткі з’яўляецца яркай старонкай у гісторыі беларускай эстрады. «Кожнай песні Вы аддаеце часціцу свайго сэрца, зачароўваеце слухачоў не толькі цудоўным голасам, але і багаццем пачуццяў, дзіўнай прыгажосцю жаночай душы, здольнай спадзявацца, верыць і любіць», — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка пажадаў Ядвізе Паплаўскай моцнага здароўя, поспехаў і дабра.
Насамрэч у народнай артысткі Беларусі цэлых два дні нараджэнні: фактычны — 25 красавіка, і юрыдычны — 1 мая 1949 года, так бацьку маленькай Ядвігі, вядомага хормайстра Канстанціна Паплаўскага ўгаварылі ў ЗАГСе Валожынскага раёна.
Паплаўская скончыла Беларускую музычную кансерваторыю двойчы: у 1972 годзе — па класу фартэпіяна, а ў 1988 — аддзяленне кампазіцыі. Яшчэ падчас вучобы разам з сяброўкамі-студэнткамі выступіла заснавальніцай вакальна-інструментальнага ансамблю «Верасы», дзе не толькі выконвала вакальныя партыі, але і займалася аранжыроўкай, іграла на клавішных. Спачатку ансамбль быў выключна жаночым, але пазней у ім з’явіліся і хлопцы, у тым ліку будучы муж Ядвігі Паплаўскай Аляксандр Ціхановіч.
У 1986 годзе Ціхановіч і Паплаўская вымушаныя былі пакінуць калектыў, працавалі ў Дзяржаўным канцэртным аркестры Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга У 1988 годзе яны перамаглі на конкурсе «Песня года» ужо як самастойны дуэт «Шчаслівы выпадак», пазней арганізавалі Тэатр песні і студыю пры ім, якая выпусціла мноства вядомых беларускіх выканаўцаў, а з цягам часу трансфармалавася ў прадзюсарскі цэнтр «Профіартвідэон», які дзейнічае і сёння. У 1991 годзе Ядвіга Паплаўская атрымала званні заслужанай, а ў 2005 — народнай артысткі Беларусі.
У шлюбе Аляксандр Ціхановіч і Ядвіга Паплаўская пражылі больш як 40 гадоў, выхавалі дачку Анастасію, якая таксама стала папулярнай спявачкай і прадзюсарам. У студзені 2017 года пасля цяжкай хваробы Аляксандра Ціхановіча не стала [5]. Але дуэт Ціхановіч — Паплаўская не знік, сёння народная артыстка выступае ў многіх канцэртных праграмах разам з дачкой, а таксама сольна, выконваючы як любімыя публікай хіты мінулых гадоў, так і новыя песні. Акрамя таго, Ядвіга Паплаўская — рэдактар і аўтар фартэпіяннага перакладу песень для нотнага альбому «Уладзімір Мулявін. Беларусь — я песня», таксама яна аўтар кантаты «Сын зямлі», сімфанічнай паэмы, дзіцячых п’ес для фартэпіяна, рамансаў, эстрадных песень, аранжыровак беларускага спеўнага фальклору. Яна з поспехам гастралюе па Беларусі і за межамі краіны, а таксама робіць аранжыроўкі песень, піша музыку для тэатра і кіно. Сёлета Ядвіга Паплаўская стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года-2018» у намінацыі «Духоўнасць і культура».
Вікторыя ЗАХАРАВА
Фота з архіва артысткі і Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/muzyka
[4] http://president.gov.by/ru/news_ru/view/pozdravlenie-narodnoj-artistke-belarusi-jadvige-poplavskoj-21005/
[5] http://zviazda.by/be/news/20170128/1485587008-pamyor-narodny-artyst-belarusi-alyaksandr-cihanovich
[6] https://zviazda.by/be/tags/yadviga-paplauskaya