У краіне захоўваецца пераважна трэці-чацвёрты клас пажарнай небяспекі. Мінлясгас адсочвае становішча і па меры стабілізацыі сітуацыі ініцыюе зняцце забарон на наведванне лясоў. На дадзены момант забарона знята ў 14 раёнах краіны. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Гэта пяць раёнаў Гродзенскай вобласці (Воранаўскі, Іўеўскі, Ашмянскі, Смаргонскі, Астравецкі), два раёны Мінскай (Нясвіжскі і Слуцкі), пяць — Гомельскай (Калінкавіцкі, Мазырскі, Жлобінскі, Петрыкаўскі і Буда-Кашалёўскі) і два — Магілёўскай вобласці (Бабруйскі і Кіраўскі ). На сайце Мінлясгаса размешчана інтэрактыўная карта [1], па якой можна адсочваць зняцце абмежаванняў у сваім рэгіёне. Рашэнні па ўвядзенні і зняцці забароны на наведванне лясоў прымаюцца мясцовымі органамі ўлады па хадайніцтве лесагаспадарчых устаноў або раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях.
З пачатку года ў Беларусі адбылося 317 лясных пажараў (толькі за 1 мая — шэсць узгаранняў). Іх агульная плошча склала звыш 1,2 тысячы гектараў. Пры гэтым у статыстыцы не ўлічаны яшчэ тры буйныя пажары, плошча якіх удакладняецца, адзначылі ў прэс-службе. Найбольш складаная сітуацыя склалася ў Брэсцкай вобласці. У гэтым рэгіёне з пачатку года адбылося 125 лясных пажараў.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://www.mlh.by/maps/map.php
[2] https://zviazda.by/be/tags/minlyasgas
[3] https://zviazda.by/be/tags/lyasnyya-pazhary
[4] https://zviazda.by/be/tags/zabarona-na-navedvanne-lyasou