Калі ўпершыню ўбачыла заслужаную артыстку Беларусі Надзею Мікуліч і яе мужа Барыса Белага, успомніла цытату з расказу Людмілы Уліцкай: «Яны, мала сказаць, кахалі адно аднаго — яны адно аднаму падабаліся». Сёлета Надзея і Барыс адзначаць 45-ю гадавіну сумеснага жыцця. Яны — неверагодная пара! За столькі гадоў не страцілі цікавасці адно да аднаго і пяшчоты ў адносінах. Надзея злёгку засмуцілася, што інтэрв'ю пра сямейнае жыццё дае адна, — Барыс тады ляжаў у бальніцы. Якраз падчас нашай размовы ён патэлефанаваў жонцы. Думаеце, гэта была справаздача пра стан здароўя ці, барані Божа, скаргі на самаадчуванне? Не! Ён сказаў, што засумаваў, хоць Надзя наведвала яго літаральна ўчора. А яшчэ гэтай пары не займаць аптымізму, пачуцця гумару і ўмення сябраваць.
— Раскажыце, як пачынаўся ваш службовы раман?
— Падчас рэпетыцыі ў залу прыйшоў наш гукарэжысёр з хлопцам — такім прыгажуном у белым плашчы. Люда Ісупава кажа: «Гэты — мой». А я ў адказ: «Ну, гэта мы яшчэ пабачым!» Як высветлілася, Барыс прыйшоў уладкоўвацца ў «Верасы» рабочым сцэны. Многія з нас, у тым ліку і я, жылі тады ў філарманічным інтэрнаце на Кахоўскай (Ён і цяпер там знаходзіцца. — Аўт.). Ядзя Паплаўская жыла з бацькамі ў тым жа раёне. Таму пасля рэпетыцый мы ўсім калектывам часта хадзілі ў кіно, і я ўжо старалася сесці побач з Барысам. Адпаведна, ён мяне і праводзіў.
Мы нейкі час прыглядаліся адно да аднаго (дарэчы, гастролі спрыяюць раскрыццю характару чалавека). Неўзабаве пачалі сустракацца як пара.
Але Барыс — хлопец амбіцыйны, ён вырашыў прайсці стажыроўку, каб стаць адміністратарам. Спачатку вучыўся, а потым працаваў у «Чараўніцах». Мы доўга не бачыліся, таму што графікі гастроляў не супадалі. А неўзабаве Барыс перайшоў у «Верасы» адміністратарам. І два гады мы практычна кожную хвіліну былі разам.
— І вы, і Ядвіга Паплаўская расказвалі, што пасля гастроляў вас «выхоўвала» кіраўніцтва філармоніі за ледзьве не амаральныя па тых часах паводзіны...
— Так, у савецкіх гасцініцах нельга было мужчыну і жанчыне сяліцца ў адным нумары, калі ў іх пашпартах адсутнічаў штамп аб шлюбе. Мы знайшлі выйсце: рэгістраваліся, як належыць, паасобку, але жылі па парах. Аднак жа знаходзіліся добрыя людзі, якія «сігналізавалі». Дзіўна, што чыталі натацыі толькі мне і Ядзі, хоць пар у ансамблі было больш. Саша з Барысам заўсёды чакалі нас пасля маральнай экзекуцыі.
— Надзея, цікава ваша меркаванне: наколькі ў той час, у пачатку 1970-х, было распаўсюджана сумеснае жыццё без штампа ў пашпарце? І ці не шкадуеце вы аб сваім такім вопыце?
— Магчыма, такіх пар было не так шмат, як цяпер, але ўсё ж людзі спрабавалі спачатку пажыць разам, потым ісці ў загс. Іншая справа, што ўсё гэта старанна хавалася, ды і сацсетак тады не было, каб паведамляць усяму свету пра свой статус. А мы аб нашым вопыце не шкадуем. У нас усё здарылася па каханні, а не таму, што «прыйшоў час», «сяброўкі ўжо паспрабавалі» ці, як кажуць, «са спартыўнай цікавасці».
— Як Барыс сватаўся?
— Так атрымалася, што мае бацькі пазнаёміліся з ім у дзень вяселля. Вядома, я расказвала ім, што ў мяне ёсць хлопец, і ў нас сур'ёзныя адносіны. Цяпер я разумею: паколькі яны не прасілі зладзіць «агледзіны», значыць, давяралі мне.
— А Барыс сваіх бацькоў загадзя пазнаёміў з нявестай?
— Тут яшчэ цікавейшая гісторыя атрымалася. Справа ў тым, што мы думалі — можна зарэгістравацца ў любы зручны для нас дзень. Але ў Мінску чарга была недзе на месяц, а ў нас — гастролі. Паспрабавалі ў Івацэвічах падчас тура, а нам кажуць: у нас нельга, едзьце па месцы жыхарства бацькоў. Так мы і паехалі да бацькоў Барыса. Пакуль я знаёмілася з імі, Барыс пайшоў у сельсавет дамаўляцца, каб нас зарэгістравалі. Вярнуўся ўжо з пасведчаннем і штампамі ў пашпартах. Так што ён распісаўся і за сябе, і за мяне. Але гэта не ўсе прыгоды. У Мінску мы паказалі пасведчанне аб рэгістрацыі шлюбу сябрам, а яны рагочуць. Аказалася, там дата рэгістрацыі шлюбу выпадкова стала і датай нараджэння абодвух маладых! У выніку нам выдалі ўжо не прыгожую кніжачку, а звычайны бланк — дублікат з дакладнымі датамі. А потым Барыс паехаў на гастролі, пакінуўшы мяне ў сваіх бацькоў. Я выклікала сваю маму, вось там яна ўпершыню ўбачыла зяця на фотаздымку. Потым нашы бацькі разам вырашалі, калі зладзіць вяселле.
— А чыё вяселле было раней — ваша або Ядвігі Паплаўскай з Аляксандрам Ціхановічам?
— Наша. Было б, вядома, выдатна зладзіць два вяселлі ў адзін дзень, але не маглі — жаніхам пінжакоў не хапала. (Смяецца.) Мы пажаніліся раней. За ўсімі клопатамі Барыс не паспеў купіць вясельны касцюм. А Саша Ціхановіч прывёз з гастроляў шыкоўны крымпленавы пінжак. Бора і папрасіў: «Пазыч ажаніцца». Праз год і сам Саша ў гэтым жа пінжаку распісваўся з Ядзяй.
— Барыс раўнаваў да прыхільнікаў?
— Так, часам вельмі моцна, хоць сур'ёзных падстаў не было. Я магла пакакетнічаць, усміхнуцца, але не больш за тое. Ён і цяпер раўнуе. Ужо да канцэртнага дырэктара. Кажу: «Борка, гэта смешна, ён жа нам у сыны падыходзіць!» А чаму гэта вы пытаецеся толькі, ці раўнаваў Барыс? Я таксама часам раўнавала — мужчына ён цікавы, жанчыны заглядаліся. А па маладосці даходзіла і да ўльтыматумаў з боку Боры: або я, або «Верасы». Ён тады ўжо зноў працаваў у «Чараўніцах».
— Напэўна, давялося б рабіць выбар, калі б не нараджэнне дачкі...
— Так, абставіны хутка змяніліся. Спачатку я страціла голас, потым зразумела, што ў «Верасах» мяне ўжо не чакаюць: ніколі не была худзенькай, а пасля родаў стала «пышкай». Як я разумею, ужо ў той час на эстрадзе хацелі не толькі чуць голас, але і бачыць танклявую постаць спявачкі... Маленькая дачушка радавала, мы з ёй вельмі часта і падоўгу гасцявалі ў бацькоў Боры. Турбавала, што я буду рабіць пасля выхаду з дэкрэтнага адпачынку. Неяк падзялілася сваімі хваляваннямі з вядомым беларускім артыстам і рэжысёрам 60—80-х гадоў Віктарам Сінайскім. Па яго рэкамендацыі голас мне дапамагла аднавіць «беларуская Шульжэнка» — спявачка і педагог ад Бога Ірына Палянская. Голас стаў на актаву ніжэй, але так нават цікавей... Я стала выступаць з некалькімі нумарамі ў канцэртах «Чараўніц». Калі назапасіўся ўласны рэпертуар, пачала сольную кар'еру. Зрэшты, трэба сказаць, што, калі я яшчэ спявала ў «Верасах», Барыс подштурхоўваў мяне да самастойнай работы.
Цяпер думаю, што ўсё добра склалася. Вядома, і ў мяне, і ў Барыса работа была звязана з гастролямі, і дачку, як спяваецца ў вядомай песні, часта даводзілася «подкинуть старикам». Да школы Олю гадавалі бабулі і дзядулі. А са школьных гадоў мы яе ўжо самі выхоўвалі і вельмі гэтаму рады. Канікулы яна праводзіла ў нашых бацькоў.
— Раскажыце пра дачку. Цікава, чаму яна не пайшла па вашых слядах?
— У нас не было жадання навязваць ёй музыку, а яна ў дзяцінстве спакойна так да яе ставілася. Ужо ў падлеткавым узросце з'явілася жаданне навучыцца іграць на гітары. Першую адукацыю Вольга атрымлівала на дзённым аддзяленні па спецыяльнасці «юрыст», але работу знайсці так і не змагла. Гэта як у анекдоце: усім патрабаваліся маладыя, але з вопытам работы... Тады дачка вырашыла яшчэ давучыцца па эканамічным профілі, і вось ужо будучы спецыялістам «два ў адным», знайшла цікавую работу. Вольга і ў студэнцкія гады старалася падпрацоўваць. Больш за тое, пры першай магчымасці пачала здымаць асобнае жыллё. Не таму, што ў нас дрэнныя адносіны, а таму, што толькі так можна стаць самастойнай.
— Надзея, а як вы ставіцеся да матэрыяльнай дапамогі дарослым дзецям?
— Я сама з таго пакалення, якому дапамагалі бацькі. У студэнцкія гады я зарабляла, умоўна кажучы, на сукенку і памаду, а боцікі і паліто куплялі тата з мамай. Таму я лічу, што дзецям дапамагаць можна. Мы дапамагалі Вользе будаваць кватэру — гэта базавая патрэба, і яна ж самая дарагая. Наогул, можна дапамагаць таму, хто і сам не сядзіць склаўшы рукі.
— А хто ў вашай сям'і галоўны фінансіст?
— Мы абодва галоўныя. Ніколі не патрабавалі адно ад аднаго справаздачы аб заробках да капейкі. Пра якія-небудзь буйныя пакупкі дамаўляемся, копім грошы і, як кажуць, скідваемся. А так у кожнага свой кашалёк, нейкія пастаянныя выдаткі мы падзялілі: адзін плаціць за святло і газ, другі — за бензін для машыны.
— А хто, напрыклад, прадукты купляе?
— У каго ёсць час, той займаецца хатнімі справамі, у тым ліку і закупкай прадуктаў. Муж выдатна гатуе. Наогул, у нас дома поўная свабода. Я лічу, што нельга «пілаваць» мужа, каб ён тэрмінова нешта рабіў. Калі яму хочацца паляжаць на канапе і пачытаць — на здароўе! Потым з'явіцца жаданне і настрой — уся работа будзе ў радасць. Дарэчы, на лецішчы Барыс пабудаваў шыкоўную цяпліцу, вырошчвае ў ёй добры ўраджай. А мне больш падабаюцца адкрытыя градкі. Калісьці лецішча было сапраўднай падсобнай гаспадаркай. Бульбы садзілі пару мяшкоў, я розныя салаты-марынады рабіла. Гэта і цяпер мая стыхія — усялякія смачныя нарыхтоўкі. Але зараз градак менш, усё ж такі дае пра сябе знаць узрост, хваробы часам даймаюць.
— А Вольга дапамагае на лецішчы?
— Мне здаецца, яна паволі ўваходзіць у смак. Хоць раней нават прыязджаць не хацела. А потым неяк пару разоў завітала з сябрамі на шашлыкі і стала частым госцем. Ведаеце, да жадання пасадзіць куст ружаў або градку пятрушкі трэба дарасці. На лецішчы ў нас дэвіз: добрыя адносіны ў сям'і даражэйшыя за чыста выпалатыя градкі.
— Ведаю, што вы — заўзятая рыбачка.
— Да гэтай справы мяне падахвоціў бацька. Рыбалка — гэта адпачынак, і колькасць вылаўленай рыбы не мае значэння, хоць часам мы з Борам ладзім спаборніцтвы. Як казалі ў старых добрых савецкіх фільмах, часцей за ўсё перамагае дружба.
— Калі ўжо прагучала слова «савецкіх», дык ці ёсць настальгія па тых часах?
— Хутчэй, настальгую па маладосці. У прафесійным плане нярэдка добрым словам успамінаю мастацкія саветы. Яны, вядома, маглі чапляцца да вусоў музыкантаў, што відавочна было пераборам, але ў той жа час дакладна не пускалі на сцэну безгустоўшчыну і прафнепрыдатнасць. Мне падабаецца цяперашні час — у людзей зараз больш магчымасцяў, няма «жалезнай заслоны». А колькі ўсяго зручнага для жыцця з'явілася! Я з цеплынёй прыгадваю мінулае, але жыву днём сённяшнім.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Фотаздымкі з асабістага архіва Надзеі Мікуліч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta