Менавіта такі грант атрымала магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў. Яе праект «Эфектыўнае ўзаемадзеянне. Сучаснае кіраванне. Устойлівы вынік» падтрыманы Фондам Пасольства Нідэрландаў у Варшаве (праграма MATRA). У рамках рэалізацыі праекта ў Магілёве адбыўся першы семінар з удзелам старшынь райсаветаў, прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, дэпутатаў.
Можна лічыць, што гэта першыя сур'ёзныя грошы, прыцягнутыя асацыяцыяй звонку. Дагэтуль разліковы рахунак папаўняўся выключна за кошт узносаў саміх жа дэпутатаў. Зрухі адбыліся летась, калі была ўдасканалена работа асацыяцыі, перавыбраны яе актыў, канкрэтызаваны мэты і задачы. Узначаліў утварэнне старшыня Савета дэпутатаў Чавускага раёна Анатоль Мацюлін. Менавіта пад яго кіраўніцтвам і распрацоўваўся праект.
— У нашым раёне ўжо быў станоўчы вопыт праектнай дзейнасці і прыцягнення сродкаў. Нашы спецыялісты дапамаглі зрабіць заяўку і накіраваць яе для ўдзелу ў конкурсе, — расказвае дэпутат. — Яшчэ ў самым пачатку, калі стварылі асацыяцыю, мы шукалі спосабы, як нам рэальна выконваць свае ўстаўныя функцыі. Адной з іх з'яўляецца забеспячэнне Саветаў метадычнай дапамогай у пытаннях мясцовага самакіравання, арганізацыя супрацоўніцтва паміж імі, павышэнне кваліфікацыі дэпутатаў і асоб, якія працуюць у мясцовых Саветах дэпутатаў, узаемадзеянне з іншымі органамі. Для выканання гэтых мэт і задач мы і шукалі крыніцы фінансавання, у тым ліку і знешнія. У рамках праекта, які быў прафінансаваны, плануем правесці навучанне маладых, толькі выбраных дэпутатаў — як узаемадзейнічаць, паводзіць сябе з людзьмі, як прыцягнуць іх да работы разам з органамі самакіравання для вырашэння канкрэтных праблем. На атрыманыя грошы набываем неабходнае абсталяванне, якое можна будзе выкарыстоўваць на выязных пасяджэннях, на сустрэчах з выбаршчыкамі. Зробім сайт асацыяцыі, які будзе рэгулярна напаўняцца цікавай інфармацыяй. Там змогуць прачытаць пра наш вопыт узаемадзеяння, супрацоўніцтва.
На першым пасяджэнні ў Магілёве былі разгледжаны пытанні існуючага заканадаўства ў сферы самакіравання, а таксама вопыт работы раёнаў па рэалізацыі праектаў мясцовага значэння з прадстаўнікамі самакіравання. У якасці лектараў у ім прымалі ўдзел прадстаўнікі нацыянальнага Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і старшыня фонду імя Л. Сапегі Міраслаў Кобаса.
— Такія семінары з удзелам прадстаўнікоў ад кожнага з раёнаў будзем праводзіць яшчэ не раз, — кажа Анатоль Мацюлін. — У рэшце рэшт выйдзем на вывучэнне вопыту на практычных пляцоўках. Зробім такіх тры, хутчэй за ўсё яны будуць у Крычаве, Магілёве і Бабруйску, каб ахапіць усю вобласць. І паспрабуем правесці конкурс заявак. Найбольш цікавыя прафінансуем за кошт гэтага праекта. Наша задача — навучыцца разам вырашаць праблемы. Ёсць, напрыклад, ахвотныя зрабіць нешта дадатковае ў двары жылога дома, чаму б і не?! Галоўнае — навучыць актыўных людзей супрацоўнічаць з грамадскімі аб'яднаннямі, органамі ўлады, насельніцтвам. На семінары было шмат інфармацыі пра тое, як працуюць на месцах старасты органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, пра тое, што яны робяць за межамі таго фінансавання, якое ажыццяўляюць бюджэты. Ёсць добры вопыт, калі справе дапамагаюць фізічныя асобы, прадпрымальнікі, робяць за свой кошт дзіцячыя пляцоўкі, іншыя карысныя справы. Гэта добра, і асацыяцыя распрацоўвае дадатковыя ўмовы стымулявання для найбольш актыўных прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання. Збіраемся двойчы на год падводзіць вынікі на пярвічным узроўні, каб мець як найбольш станоўчага вопыту ў вырашэнні важных пытанняў.
Што датычыцца праектнай дзейнасці, то тут яшчэ ўсё наперадзе, запэўніваюць дэпутаты.
— Мы працуем у гэтым кірунку, — кажа Анатоль Мацюлін. — Зрабілі заяўку, калі здзейсніцца, раскажам якую. Наша галоўная задача — арганізаваць сумесную работу органаў самакіравання — дамавых, вулічных камітэтаў і гэтак далей — са службамі выканаўчай ўлады — ЖКГ, эколагамі, міліцыяй, ратавальнікамі і іншымі. Людзі павінны ведаць перспектыву развіцця іх раёна, мікразоны. Часам мы выходзім на абмеркаванне якой-небудзь тэмы, а ў зале няма людзей, якія глыбока ведаюць гэта пытанне. Гэта няправільна. Жыхары павінны быць у курсе ўсяго, што вакол іх адбываецца. Калі нехта збіраецца пасадзіць дрэва, ён павінен ведаць, якая перспектыва развіцця гэтай тэрыторыі, — можа, там заўтра будуць класці цеплатрасу або яшчэ нешта. Усе моманты павінны быць увязаныя. Таму працаваць трэба разам. А сустрэчы прадстаўнікоў мясцовай улады з органамі мясцовага самакіравання ў раёнах павінны быць змястоўнымі. Каб было жаданне нешта рабіць, а не даваць адпіскі.
Дзмітрый Харытончык, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў:
— Грант, які атрымала асацыяцыя, будзе накіраваны на актывізацыю, павышэнне ролі дэпутатаў як аднаго з органаў самакіравання. Плануецца ў рамках рэалізацыі праекта правесці навучанне маладых, так бы мовіць, нявопытных дэпутатаў. Акрамя гэтага, народныя абраннікі рэгіёнаў змогуць прыняць удзел у распрацоўцы праграм развіцця сваіх раёнаў, каб можна было выбраць найлепшыя праекты і прафінансаваць за кошт гэтага гранту. У рамках праекта прадугледжваецца распрацоўка сайта асацыяцыі, яго напаўненне і падтрыманне ў актуальным стане. Плануецца актывізаваць работу са СМІ, распрацаваць адмысловы дзённік дэпутата. Гэта будзе так званы зводны дакумент з усёй неабходнай для народнага абранніка інфармацыяй.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/grant
[5] https://zviazda.by/be/tags/magilyouskaya-voblasc