Шматкватэрныя дамы для грамадзян, якія стаяць у Мінску на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, долевым спосабам прапануецца будаваць у Рудзенску, заявіў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі міністэрства Аляксандр Аўраменка падчас круглага стала [1] ў газеце "Рэспублiка".
Аляксандр Аўраменка зазначыў, што развіццё будаўніцтва ў сталіцы абмежавана генеральным планам. У горадзе практычна не засталося не абцяжараных зносам пляцовак, таму абраны шлях трансфармацыі тэрыторыі. Разам з тым на бягучы год устаноўлена заданне па будаўніцтве ў Мінску жылля для 1896 шматдзетных сем'яў, вызначаны 15 жылых дамоў, дзе кватэры будуць вылучацца дадзенай катэгорыі чаргавікоў.
"Але для развіцця ў перспектыве, мы выдатна разумеем, гэтага недастаткова, каб цалкам забяспечыць патрэбнасці ў жыллі шматдзетных. Прытым што аб'ёмы будаўніцтва ў сталіцы штогод скарачаюцца. Менавіта таму зараз актыўна напрацоўваем практыку ўзвядзення такога жылля ў гарадах-спадарожніках. У прыватнасці, у Смалявічах ", - сказаў Аляксандр Аўраменка.
Ён нагадаў, што ў сакавіку падпісаны ўказ №103, па якім долевым спосабам у 2019-2020 гадах будзе пабудаваны эксперыментальны шматкватэрны дом для сталічных чаргавікоў. "У бліжэйшых планах - Рудзенск. Рыхтуем адпаведныя нарматыўна-прававыя акты і спадзяемся, што яны будуць падтрыманы", - распавёў начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі міністэрства.
Паводле яго слоў, мінчукі гатовыя будаваць жыллё ў гарадах-спадарожніках. "Мы думалі, а ці пойдуць людзі? Ці пойдуць. Скажу больш. На сёння заявак будавацца ў гарадах-спадарожніках набралася ўжо мінімум на 10 дамоў. І шматдзетным сем'ям, я лічу, у гарадах-спадарожніках значна больш выгадна будаваць жыллё, чым у Мінску. Адрозніваюцца ўмовы па крэдытаванні. У горадзе-спадарожніку насельніцтва менш за 20 тыс., ёсць дадатковыя льготы. Стымул добры ", - лічыць Аляксандр Аўраменка.
Спасылкі
[1] https://www.sb.by/articles/nastanet-metr-peremen.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/rudzensk
[3] https://zviazda.by/be/tags/zhyllyo