Ужо 23 раз у Мінску прайшла Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі»
Тысячы розных людзей, сярод якіх і мы, журналісты, а таксама прадстаўнікі каля 500 друкаваных, аўдыёвізуальных і электронных сродкаў масавай інфармацыі рэспубліканскіх і рэгіянальных выданняў, а гэта інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, аператары і дыстрыб’ютары кабельнага тэлебачання, распаўсюднікі, друкаванай прадукцыі, выдавецтвы пабывалі ў тыя майскія дні на свяце друкаванага Слова. Гэты яркі, гучны фестываль, дзе была прадстаўлена прэса Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі, Узбекістана і КНР, а таксама беларускай дыяспары, нас усіх аб’яднаў.
Крыху пра асабістае
Хто журналіст, той ведае, як прыемна раскрыць свежы нумар газеты альбо часопіса. Вось бярэш ты яго ў рукі, пачынаеш гартаць, і адчуваеш нейкую магію моманту. Ён не паддаецца дакладнаму апісанню, таму што гэта вельмі асабістае адчуванне. І яшчэ імгненне, якое хутка выслізгвае, а за ім ужо ляціць іншае. Ты гартаеш старонкі, адчуваеш пах друкарскай фарбы і шукаеш свой тэкст. Вачыма знаходзіш знаёмае імя, хай сабе нават пад маленькай нататкай, і становіцца цёпла на душы. Нават калі мы не задумваемся пра сэнсавую нагрузку, укладзеную у кожную фразу, кожны сказ — нам добра. Мяркую, кожнаму з маіх калегаў знаёмае гэтае пачуццё.
І мне не забыць яго, самае-самае першае… На экране ўнутранага майго зроку высвечваецца тая паласа нашай Ваўчанскай раённай газеты «Хлібороб», дзе ў левай калонцы — мой паэтычны наіўны опус пра вясновыя пупіхі, якія па вясне раскрываліся на вішнёвых дрэвах… З запаснікаў памяці здабываю імя сваё з дзявоцкім прозвішчам: Чаркашына… Я, школьніца гадоў 14‑ці, заміраю і з прыдыханнем усё чытаю і перачытваю радкі немудрагелістага верша і не магу адарвацца ад газеты… А цяперашняя Валянціна Ждановіч, успамінаючы школьнае юнацтва, з вышынь досведу работы адказнага сакратара, як гаворыцца, на аўтамаце ацэньвае вёрстку: маўляў, добра, што вершык быў пададзены курсівам і ў калонцы было шмат паветра…
А вось іншая карцінка. Рэдакцыя газеты «Хлібороб». Мы, некалькі вучняў-дзесяцікласнікаў, у якіх добра было з творамі, прыйшлі туды на сустрэчу з вядомым украінскім журналістам і паэтам Юрыем Стаднічэнкам, які прыехаў па нейкіх справах з Харкава. Здаецца, у той час ён яшчэ не быў галоўным рэдактарам часопіса «Березиль». Я, вядома ж, паказала яму газету з вершам. Але ён нічога не сказаў пра маё паэтычнае дараванне. Як ні дзіўна, я ўжо тады падсвядома адчувала: мне не варта пісаць вершы… Памятаю, як Стаднічэнка патрымаў у руках газету, пра нешта падумаў, а потым працытаваў, як потым я даведалася, Алішэра Наваі: так, словамі можна смерць прадухіліць, словамі можна мёртвых ажывіць… І дадаў: а ці не лепш табе, дзяўчынка, у журналісты?
Вось так і я сярод многіх іншых маіх калегаў даўно ўжо маю справу з друкаваным словам.
Не розумам адзіным…
Не адкрыю Амерыку, калі скажу: журналістамі становяцца не толькі дзякуючы дару слова, якім валодаем мы, людзі. І не толькі з‑за здольнасці выяўляць у ім думкі і захоўваць іх на паперы, альбо на іншых сучасных носьбітах. Гэтая прафесія перш-наперш падуладная тым, хто валодае ўменнем ажыўляць слова пазітыўнай энергіяй душы, неабыякавасцю. Хоць мы і ведаем, што журналістыка — гэта факт. А я дадам: факт, напоўнены тваім асабістым пачуццём. Працытую нашага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча. Як ён выказаўся, ёсць непахісныя, фундаментальныя асновы прафесіі журналіста:
«А гэта безумоўная прыхільнасць фактам, аб’ектыўнасць, непрадузятасць, прафесіяналізм, прага самарэалізацыі і творчы пошук. Але адным розумам журналіст не можа быць журналістам. Неабходна яшчэ і ўсведамленне сваёй адказнай місіі… Шчыра прадстаўляючы жыццё грамадства ва ўсёй яго разнастайнасці, не хаваючы праблем, нам усё ж трэба больш канцэнтравацца на прасоўванні пазітыўнага парадку дня: не руйнаваць, а ствараць».
Пэўна, з такім падыходам да разгляду шматлікіх заявак на ўдзел у конкурсе друкаваных СМІ «Залатая Літара» папрацавала і аўтарытэтнае журы. Узнагароды пераможцам уручаліся яго прадстаўнікамі ў 23 намінацыях.
Вядома ж, я не ведаю, як пішуць усе узнагароджаныя журналісты. Але не магу не выказаць здагадку, што ім вядомая ісціна: слова, якое ідзе ад сэрца, пранікае ў сэрца, і няма магіі мацней, чым магія словаў. Мае калегі, мяркую, таксама ведаюць, што слова, сказанае своечасова можа прывесці да аб’яднання — у сям’і, у дзяржаве, і нават проста двух ледзь знаёмых людзей, а іншае, кінутае бяздумна, здольнае разбурыць чыё-небудзь жыццё. І тое, што напісана — застаецца. Нам добра вядома, што гэта ісціна — неаспрэчная.
Пра значнасць узнагарод для журналистаў
Калі ўручалі «Залатую Літару», адзін з мэтраў журналістыкі распавёў пра тое, як гасцяваў у фермера ў Японіі. Той разводзіў авечак. Ён вельмі доўга расказваў, за што атрымаў тую ці іншую ўзнагароду. І толькі тады, прызнаўся журналіст, ён зразумеў, як важна, каб твая праца была заўважана і ацэнена. Зрэшты, лаўрэаты і пераможцы таксама казалі пра тое, што ім вельмі прыемна, калі іх працу адзначаюць. Перад тым, як аб’явіць уладальнікаў Гран-пры, Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў журналістаў з Днём друку, які ў Беларусі адзначаецца па традыцыі 5 мая. Міністр пажадаў нам натхнення і выказаў упэўненасць, што ўсе добрыя пачынанні журналістаў у краіне будуць падтрымлівацца.
Гран-пры ў намінацыі «Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ» атрымаў калектыў газеты «Навіны Камянеччыны» за праект «Камянеччына на старых фота». Пераможцам у намінацыі «Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў» прызнаны «Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» за праект «25.by — чвэрць стагоддзя дзяржаўнасці Беларусі». Спецыяльны прыз «За ўклад у журналістыку» атрымала Кацярына Дубінская, галоўны рэдактар газеты «Вечерний Минск» агенцтва «Минск-Новости». У намінацыі «Лепшы фотакарэспандэнт рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў» перамагла Аксана Манчук, фотакарэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелТА. Былі і іншыя пераможцы і лаўрэаты ў розных намінацыях.
У Выдавецкага дома «Звязда» на гэты раз дзве высокія ўзнагароды — газета «Звязда» стала пераможцам у намінацыі «Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі», а спецыяльны карэспандэнт Дар’я Лабажэвіч — у намінацыі «Лепшы рэпарцёр рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў». Таксама «Звязда» са сваім сталым праектам «Краіна здароўя» стала лаўрэатам у намінацыі «Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця».
Усяго было ўручана 23 статуэткі з дыпломамі пераможцам, а таксама 46 дыпломаў лаўрэатам.
Факты пра выставу СМІ
Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр» БелЭкспа», іншых органаў дзяржкіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.
У выставе, якая праходзіла з 2 па 4 мая, удзельнічалі больш чым 50 экспанентаў. Былі шырока прадстаўлены друкаваныя і электронныя СМІ, а таксама сеткавыя выданні, якія пачалі рэгістравацца ў нашай краіне згодна з новаўвядзеннем у заканадаўства з 1 снежня 2018 года. Наведнікам форуму была прапанавана насычаная праграма мерапрыемстваў, якая складалася з прэзентацый інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесій, майстар-класаў. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмеркавалі значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролі СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы. Шэраг мерапрыемстваў быў прысвечаны рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, якія распавялі пра ўдзел у сацыяльна-эканамічным развіцці сваіх рэгіёнаў. Адбылася прэзентацыя спартыўных выданняў.
Цэнтральныя тэмы выставы — 75‑годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, II Еўрапейскія гульні, сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі, адраджэнне малой радзімы. Сярод асаблівасцяў цяперашняга форуму — правядзенне 3 мая Першага тэматычнага Дня піяру, а таксама шырокая прэзентацыя сеткавых СМІ, сярод якіх было і інтэрнэт-выданне Мediana.by, заснаванае сумесна з факультэтам журналістыкі БДУ, Міністэрствам інфармацыі і Грамадскім прэс-цэнтрам Дома прэсы.
На сваіх стэндах беларускія СМІ прадставілі праекты ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае». Вялікае месца ў праграме выставы было адведзена праектам БелТА, прэс-службам і камунікацыйным агенцтвам. У прыватнасці, Беларускае тэлеграфнае агенцтва прадставіла на форуме ўнікальныя кадры фотаархіва 1941–1944 гадоў, пазнаёміла з партызанскімі часопісамі. Сярод кадраў — аэрафотаздымка палаючага Мінска пасля налётаў люфтвафэ 24–25 чэрвеня 1941 года, эшалоны савецкіх ваеннапалонных, нямецкай тэхнікі на сталічных вуліцах, пераможнае ўстаноўленне сцяга над Брэсцкай крэпасцю, радасная сустрэча вызваліцеляў і разбор завалаў у разбуранай сталіцы, там, дзе цяпер праспект Незалежнасці. Экспазіцыя ўключала і партрэт легендарнага фотакарэспандэнта БелТА Уладзіміра Лупейкі, які прайшоў усю вайну, а таксама яго здымкі, якія па праве сталі гонарам агенцтва. Таксама Беларускае тэлеграфнае агенцтва пачаставала наведнікаў выставы партызанскай кашай. Яна была настолькі духмяная і смачная, што шмат хто падыходзіў за дадаткам.
Пра барацьбу і жыццё беларускіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны вёў падрабязны аповед сумесны праект БелТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Партызанскі летапіс», прэзентацыя якога таксама адбылася на палях выставы. Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якія сёння часцяком з’яўляюцца адзінымі дакументальнымі крыніцамі, што расказваюць пра падзеі ваеннага часу.
Стэнд БелТА прэзентаваў традыцыі суверэннай Беларусі і мультымедыйны праект «Старонкі беларускага спорту», прысвечаны маючым адбыцца II Еўрапейскім гульням. Дарэчы, наведнікі змаглі атрымаць аўтографы ў вядомых беларускіх спартсменаў, якія прымуць удзел у II Еўрапейскіх гульнях.
На сумесным стэндзе класа Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Амбасады Кітая ў Беларусі наведнікі змаглі стаць удзельнікамі традыцыйнай кітайскай чайнай цырымоніі пад акампанемент гучжэн, а таксама атрымаць майстар-клас па баявым мастацтве тайцзіцюань. На стэндзе было прадстаўлена і каля 40 кітайскіх друкаваных выданняў і кніг.
Напярэдадні 75‑й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Белпошта» на палях форуму правяла прома-мерапрыемства «Адпраўце вестку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны». Наведнікі выставы змаглі падпісаць паштовыя карткі і паштоўкі і падзякаваць за мір на роднай зямлі тым, хто падараваў доўгачаканую Перамогу. Вестачкі ветэранам з добрымі і цёплымі пажаданнямі супрацоўнікі прадпрыемства дастаўлялі бясплатна ў любы населены пункт Беларусі.
У Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: «Часопіс «Беларусь. Belarus» як люстэрка жыцця ў краіне і па-за яе межамі»
Таксама прайшла прэзентацыя газеты «Голас Радзімы» ў сувязі з яе выхадам у новым фармаце. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Індыі ў Рэспубліцы Беларусь, спадарыня Сангіта Бахадур; дырэктар-галоўны рэдактар «Выдавецкага Дома “Звязда”» Павел Сухарукаў; драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў; народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч; Валянціна Мажароўская, кіраўніца службы культурных прэзентацый Вялікага тэатра Беларусі; галоўны рэдактар газеты «Голас Радзімы» Іван Ждановіч і іншыя.
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правёў цырымонію ўзнагароджання пераможцаў VIII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» з удзелам творчых калектываў і сольных выканаўцаў Белтэлерадыёкампаніі. «Беларусь 5» запрашала сваіх гледачоў на выставу. У абсалютна кожнага была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі каментатара спартыўных дысцыплін, якія стануць часткай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Запальныя кубінскія мелодыі гучалі на выставе 4 мая ў часе прэзентацыі тэлеканала «Беларусь 24». Прайшоў і майстар-клас па кубінскай сальсе.
У 15 раз праводзіўся Нацыянальны конкурс друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара». Заснавальнікам конкурсу выступіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У 2019 годзе на конкурс паступіла больш чым 330 заявак. У рамках XХIII Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі» ў «Дыпсэрвіс Холе» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Асноўная яго мэта — усямернае садзеянне развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, актуалізацыя значных тэматычных напрамкаў дзейнасці друкаваных СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэнне прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню друкаваных СМІ, стымуляванне творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці друкаваных СМІ.
Валянціна Ждановіч