Кожную суботу ў Мірскім замку можна не толькі паглядзець музейную эскспазіцыю, прагуляцца па парку, але й патрапіць на цікавую пленэрную імпрэзу
Выстаяў і аднавіўся
Мірскі замак я наведала ў суботу, калі там ладзіцца праграма open-aіr і збіраецца найбольш гасцей. У гэты дзень у замкавым дворыку адзначаўся Міжнародны дзень музеяў, сярод якіх годнае месца займае цяпер і замак-палац. Па-рознаму складваўся яго лёс на працягу 500‑гадовай гісторыі. Шмат разоў ён трапляў у эпіцэнтр гістарычных падзей, неаднойчы быў разграблены й разбураны. Але выстаяў, адбудаваўся, і сёння захапляе гасцей сваёй прыгажосцю й веліччу. Не толькі на рыцарскія турніры, канцэрты, выставы, фестывалі, тэатралізаваныя прадстаўленні з’язджаюцца турысты з розных краін, але й для таго, каб паглядзець на музейную экспазіцыю.
Мне пашчасціла, і я адразу далучылася да цікавай экскурсійнай групы. Гэта былі дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў Баранавічаў: Бяла Падляскі й Гдыні (Польшча), Новавалынска (Украіна), Елгавы (Латвія), якія прыехалі на “Баранавіцкую вясну‑2019”. Гаспадары свята вырашылі паказаць гасцям славутасці Беларусі. Летась, як мне расказалі, іх вазілі ў Нясвіж, а цяпер — у “Замкавы комплекс “Мір”. Турысты былі ў прадчуванні чагосьці незвычайнага. Мне таксама карцела паглядзець, а што там унутры. Бо як звонку выглядае Мірскі замак, цяпер ведаюць многія. Памятаю, у 90‑я стаяла пры яго руінах, і ніяк не магла паверыць, што з іх можа паўстаць велічны будынак. Пазней, калі на вочы патрапіўся фотаздымак замка-волата у рэкламным буклеце, зразумела: цуд адбыўся. Цяпер, калі ўсе залы адкрытыя для наведнікаў і паўнюткія цікавых артэфактаў, цяжка ўявіць: тут не было нават перакрыццяў, не кажучы пра інтэр’еры. Таму многія імкнуцца на свае вочы ўбачыць: што гэта за Мір?
Рэстаўрацыйныя работы пачаліся ў 1983 годзе. А ў 2000‑м Мірскі замак быў уключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА ў першую чаргу за тое, што ўвабраў розныя культурныя стылі: готыку, рэнесанс, барока. 16 снежня 2010 года было яго ўрачыстае адкрыццё. А праз тры месяцы замак атрымаў статус самастойнага музея (з 1987 па 2011 год быў філіялам Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі).
Экскурсавод нашай групы, намесніца дырэктара Вольга Навіцкая, кажа: самае галоўнае ў Мірскім замку — яго сцены, якія выстаялі й захаваліся на працягу 500 гадоў. Асноўная музейная экспазіцыя размешчана ў Паўночным корпусе. На другім паверсе там — залы, экспанаты якіх распавядаюць пра абарончае дойлідства ВКЛ у XІV–XVІІ стагоддзях і пра былых уладальнікаў замка — гэта Ільінічы, Радзівілы, Вітгенштэйны і Святаполк-Мірскія. Нашчадкі апошніх жывуць у Польшчы, Англіі, Францыі, Германіі, ЗША, Аргенціне. Некаторыя з іх неаднаразова бывалі ў Мірскім замку ў якасці ганаровых гасцей. Напрыклад, у 2002‑м замак наведалі Марыя Святаполк-Мірская з Вялікабрытаніі ды Іаланта Вільконска з Польшчы. (Іаланта Вільконска — дачка Кіры Іванаўны, княгіні Святаполк-Мірскай. — Рэд.). У экспазіцыйнай зале Мірскага замка можна спыніцца ля карціны “Зімовы пейзаж”, якую спадарыня Марыя падаравала ў музей. Гэта карціна яе маці Надзеі, што жыла ў Мірскім замку да 1939 года. Другая спадкаемца, Ірэна Святаполк-Мірская з Германіі, наведала замак у 2012 годзе. У Беларусі яна была з дачкой Алівіяй і ўнукам Васілём. Ірэна пакінула радзіму ў 1939‑м, у 8‑гадовым узросце. За гэты час яна 38 разоў пераязджала з месца на месца, пабываўшы ў 7 краінах. Перад візітам у Беларусь пастаралася ўспомніць родныя для яе ў маленстве мовы, рускую і беларускую. Марыя Святаполк-Мірская з Вялікабрытаніі наведала Мірскі замак у 2012‑м ужо ў другі раз. З некаторымі прадстаўнікамі роду, напрыклад, з Бернадэт Святаполк-Мірскай з Францыі і Марыяй Святаполк-Мірскай з ЗША, навуковыя супрацоўнікі замка падтрымліваюць сувязь па электроннай пошце, атрымліваюць ад іх дакументы й фотаздымкі, якія маюць дачыненне да Мірскага замка.
Парадныя залы размяшчаліся на трэцім паверсе палаца, і мы змаглі ўбачыць узноўленыя інтэр’еры некаторых: “Столовой избы” і Партрэтнай залы. Як і раней, яны ўражваюць гасцей сваім убраннем, дэманструюць моц уладальнікаў замка. Для іх афармлення выкарыстаны паляўнічыя трафеі, упрыгожаная разьбой мэбля, карціны лепшых жывапісцаў Еўропы, рыцарскія даспехі. Многіх здзіўляюць шпалеры.
“Захапляе тое, як старадаўнія майстры маглі падабраць столькі рознакаляровых нітак і выткаць не толькі габарытныя прадметы й будынкі, але й перадаць эмоцыі на тварах рыцараў і дам”, — дзеліцца Алена Грысле, якая ў складзе дэлегацыі ў Баранавічах прадстаўляла Елгаўскае гарадское самакіраванне (Латвія). Мы ж яе ведаем як кіраўніцу беларускай суполкі “Лянок”, пра якую неаднойчы пісала наша газета. У Мірскім замку Алена — не ўпершыню. Але штораз у яго інтэр’ерах заўважае нешта новае. Два гады назад яна была тут з намесніцай мэра Елгаўскага гарадскога самакіравання Рытай Вецціранэ, і яны дамовіліся аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй Мірскага замка. Як вынік: летась у замку былі выстаўлены карціны выбітнага латвійскага мастака й мастацтвазнаўцы Гедэрта Эліаса (міжнародны праект “Маё жыццё — жывапіс”) з фондаў Елгаўскага гістарычнага й мастацкага музея імя Гедэрта Эліаса. У Латвію з замка паехала выстаўляцца калекцыя старадаўніх веераў.
Намесніку мэра Новавалынска Аляксандру Громіку (Украіна), які ў замку ўпершыню, акрамя ўсяго спадабаліся падвалы. Яго зразумелі многія. Па-першае, падвальныя памяшканні менш за ўсё змяніліся з даўніх часоў. І векавыя сцены там найбольш уражваюць. Па-другое, “Кухонная изба” й вінныя скляпы могуць найбольш яскрава расказаць пра грандыёзныя балі, пышныя прыёмы, якія ладзілі князі. З напояў мясцовай вытвочасці ў замку, аказваецца, любілі піва й “пітны мёд”. Лепшым лічыўся мёд “паўтарак”, пілі й “двайны”. Тыя два гатункі называліся “каралеўскімі”, бо патрабавалі вялікага тэрміну вытрымкі. Кошыкі з агароднінай і садавінай, рыба, ракі, сыр, цукар, падвешаныя на драўляным шасце ў скляпеннях кольцы каўбас, кумпякі, цыбуля і часнок — прадукты, якія ўжываліся і ў даўнія часы.
Артэфакты даўніны
Што турысты, наведваючы замак у другі, трэці раз, адкрываюць яго наноў — не выпадкова. Сёння для гасцей адкрыты ўсе залы замка, якія актыўна напаўняюцца. “Наша экспазіцыя артэфактаў налічвае каля 5 тысяч адзінак. І мы прадаўжаем купляць каштоўныя рэчы, якія адразу выстаўляюцца, — расказаў дырэктар замка Аляксандр Лойка. — Мы імкнемся да таго, каб экспанаты замка былі набліжанымі да часоў панавання іх уладальнікаў”. Толькі летась куплены 172 прадметы, якія аздобілі інтэр’еры пакояў замка. Самая значная з тых артэфактаў — французкая шпалера XVІІІ стагоддзя (тканы дыван) “Пейзаж з млынам”, 11‑я па ліку ў калекцыі шпалер у замку. Сёлета куплена 12‑я шпалера: XVІІ стагоддзе. Такім чынам, Замкавы комплекс “Мір” валодае найвялікай калекцыяй заходнееўрапейскіх шпалер сярод усіх беларускіх музеяў. Новыя шпалеры куплены з дапамогай беларускай Амбасады ў Парыжы й беларусаў, якія жывуць у Францыі.
Яшчэ адзін значны артэфакт мінулага года — гэта пісьмы апошніх уладальнікаў Мірскага замка: князёў Святаполк-Мірскіх. 24 лісты з закончаным тэкстам і 32 асобныя аркушы разрозненых пісем купілі на французкім аўкцыёне праз беларускага калекцыянера. Эпісталярная спадчына ахоплівае перыяд з 14 верасня 1936 па 7 ліпеня 1937 года. Не менш цікавыя й вітражы XVІ — першай паловы XVІІ стагоддзяў, якія набыты летась. Яны з так званых “кабінетных вітражоў”, надзвычай папулярных у тыя часы ў Швейцарыі. Летась быў набыты і алавяны “Неф” XVІІІ стагоддзя. Гэта настольнае ўпрыгажэнне, якое выкарыстоўвалася ў каралеўскіх і магнацкіх сем’ях для сервіроўкі стала. Радзівілы, як багацейшы род ВКЛ, напрыклад, мелі ў нясвіжскай скарбніцы некалькі залатых і срэбных нефаў. Цяпер эксклюзіўны прадмет можна пабачыць на выставе ў Мірскім замку пад назвай “Таямніцы забытых рэчаў”.
А такі артэфакт, як кніга ваеннага інжынера ВКЛ Казіміра Семяновіча на лацінскай мове “ARTІS MAGNE ARTІLLІRІE” (“Вялікае мастацтва артылерыі”), выдадзеная ў Амстэрдаме (1650 г.), заняла ганаровае месца ў музеі. Гаспадары Мірскага замка вельмі цанілі й збіралі кнігі: бібліятэка Святаполк-Мірскіх налічвала каля 2 тысяч экзэмпляраў на ангельскай, французкай, нямецкай, італьянскай, польскай, рускай, арабскай і кітайскай мовах. На жаль, яна была знішчана 17 верасня 1939 года, пасля прыходу ў мястэчка Мір Чырвонай арміі.
Летась фонды музея папоўніліся калекцыяй прадметаў са шкла XVІІІ — XІX стагоддзяў, якія, верагодна, былі выраблены на Налібоцкай шкляной мануфактуры князёў Радзівілаў. Увагу прыцягвае графін з гравіроўкай шляхецкага герба “Шрэнява” і 3 куфлі першай чвэрці XІX стагоддзя.
Дырэктар Аляксандр Лойка прызнаўся: супрацоўнікі замка не супраць набыць арыгінальныя даспехі XVІ — XVІІ стагоддзяў. Пакуль уяўленне пра ахоўнае ўзбраенне шляхетных ліцвінаў ВКЛ даюць толькі рэканструяваныя даспехі тых часоў, якія можна пабачыць у Рыцарскай зале.
Калі экскурсія па залах — хутчэй пазнавальная, то ў вежы замка, іх чатыры, можна ісці па прыгоды. З пачатку XVІ стагоддзя амаль поўнасцю захавалася пяціярусная Паўднёва-Заходняя вежа з вузкай і каменнай лесвіцай. Яе канструкцыя дазваляе зразумець арганізацыю бою ў старадаўнія часы. Наша група пабывала не ў адной вежы — у некалькіх, рухаючыся па сістэме патаемных хадоў у сценах, ідучы следам за экскурсаводам. Хоць лесвіцы былі ну вельмі крутымі й вузкімі, але перамагала цікаўнасць. І калі нам аб’явілі, што мы падняліся на вышыню сучаснага васьміпавярховага будынка, усе палічылі гэта за ўласны подзвіг. Праз арку Уязной вежы група спусцілася ў адзіную на сённяшні дзень у Беларусі сярэднявечную замкавую турму.
Артысты — у замку
Апоўдні ў Мірскім замку прагучалі гарматныя стрэлы ў гонар “Мірскай харугвы”. Міжнародны дзень музеяў адзначаўся пад слоганам “Увесь Мір — тэатр”. Пасля абеду ў Слановай зале наведнікам з розных краін паказалі батлеечнае прадстаўленне “Ад Рыма — да Міра”, своеасаблівую мастацкую фантазію на тэму знаёмства князя Радзівіла ды італьянскага архітэктара Яна Марыі Бернардоні. А ў замкавым дворыку на свежым паветры студэнты Беларускай дзяржакадэміі мастацтваў прадставілі пастаноўку “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” паводле Уладзіміра Караткевіча.
Пасля імпрэзы многія гулялі па ангельскім ды італьянскім парках, а таксама каля возера, якія маюць статус помнікаў прыроды Беларусі. Праменаду спрыяў і сонечны дзень.
Ганна Лагун
Фота аўтара
Дарэчы. Залп з гарматы ў Мірскім замку быў дадзены 21 мая ў гонар эстафеты “Полымя міру”. Дырэктар замкавага комлекса Аляксандр Лойка падкрэсліў, што знакавы культурны аб’ект апынуўся ў цэнтры спартыўнага жыцця Беларусі, прыняўшы эстафету ІІ Еўрапейскіх гульняў.
Сімвалічна, што медалі спартыўнага свята ўпершыню былі прадстаўлены публіцы ў Мірскім замку, назва якога сугучная з назвай акцыі “Полымя міру”.