Валянціна Еранькова — тэатральны рэжысёр з імем, з якім асацыюецца пошук, эксперымент, кідкая тэатральная форма, — адзначыла свой юбілей паказам спектакляў, пастаўленых ёю і ў папярэднія гады. Праект доўжыўся на працягу тыдня на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. І завяршыўся прэм’ерай спектакля «Дзявочнік» паводле п’есы Лоры Канінгем.
Дзявочнік — не інтэлектуальныя вячоркі фэміністак
Прэм’еру ў Рускім тэатры, як мы прывыклі яго называць, прынялі на «ўра». І поспех ужо прагназуецца. Можна нават сказаць: спектакль, як добры жаночы раман, на поспех асуджаны. Чаму? Ды ўсё проста. Тэатр узяўся за вельмі смешную, вельмі жаночую п’есу папулярнага амерыканскага драматурга, пісьменніцы, журналісткі. Яе творы, чытаем у інтэрнэце, разыходзяцца мільённымі накладамі ў ЗША і ў многіх краінах. П’еса пад арыгінальнай назвай «Beautiful Bodies», якая ўбачыла свет у выглядзе кнігі, у свой час нарабіла вельмі многа шуму. Яе гераіні, досыць маладыя яшчэ амерыканкі, расказваюць пра свае праблемы мовай, зразумелай кожнай жанчыне незалежна ад яе нацыянальнасці альбо сацыяльнага становішча. Дарэчы, кніга «Beautiful Bodies» імкліва стала бестселерам спачатку ў ЗША, затым у Еўропе.
І вось п’еса — на сцэне Рускага тэатра. Як і ўласціва почырку Валянціны Ераньковай — у спектаклі шмат добрай музыкі, песень. Садружнасць рэжысёра-пастаноўшчыка і кампазітара Аляксея Еранькова даўняя. Яны да таго ж муж і жонка, агульную мову знаходзяць. І ў «Дзявочніку» ўсё ў Ераньковых атрымалася. Музыка і песні ў сцэнічнай канве спектакля ўспрымаюцца арганічна: не толькі апраўляюць характары гераінь у прыгожую карцінку, але і падсвятляюць тыя ці іншыя іх якасці і стаўленне да жыцця.
Кожную з шасці персанажаў п’есы аўтар адарыла складаным лёсам. Жыццёва? Болей чым. І кожны лёс выйгрышна — ці то са слязьмі, ці то з гумарам — раскрываецца на сцэне. Прычым у вельмі сімпатычным інтэр’еры гарадской кватэры. Тут ужо рэспект мастаку-сцэнографу Але Сарокінай. Яна дакладна паказала эстэтыку сучаснай кватэры маладой адзінокай журналісткі, якая не надае вялікага значэння камфорту. Рытм яе жыцця такі, што няма калі тым займацца: рэчы, кнігі і іншыя прадметы інтэр’ера не на сваіх месцах. Але ўсё — пледы, падушкі, вазы і іншыя дробязі — выглядае стыльна.
Па сюжэце шэсць былых неразлучных сябровак, звязаных мінулай вучобай у каледжы, шэсць маладых, прыгожых, незамужніх жанчын, якія прымудрыліся захаваць свае адносіны, збіраюцца на вечарынку, каб адсвяткаваць нечаканую цяжарнасць адной з іх. І ўручыць з гэтай нагоды падарункі задоўга да родаў. Ёсць, гавораць, у амерыканцаў такая старадаўняя традыцыя.
Такім чынам, шэсць сябровак збіраюцца разам. Першапачаткова вечарынка планавалася як прыемныя зносіны: лёгкі алкаголь, лёгкія закускі, а таксама ўспаміны пра юнацтва, віншаванні, балбатня — усяго патрошку…
Розныя — даверлівыя, гранічна адкрытыя і крыху зашпіленныя на гузікі, дамы не адразу пакажуць, хто ёсць хто. Не чакайце ад іх інтэлектуальных гутарак, філасафавання пра сэнс жыцця і яго пошукі. Ну хіба пра тое гавораць на дзявочніку? Усё адбудзецца так, як гэта здараецца ў падобных сітуацыях: сяброўкі абмяркоўваюць уборы, прычоскі, абменьваюцца кампліментамі, кпяць адна з адной, глядзяць старыя фотаздымкі, да якіх у канчатковым выніку зводзяцца ўсе праблемы. Але першапачатковая легкаважная танальнасць у спектаклі горкаўцаў паступова зменіцца на сур’ёзную… Сама бачыла, як некаторыя дамы ў зале выціралі слёзы пасля спектакля.
Рэжысёр услед за аўтарам сумленна агаляе сутнасць жаночага сяброўства. Хтосьці з сябровак бліжэй адна да адной, кагосьці церпяць па звычцы, маўляў, куды ж дзенешся ад юнацкага сяброўства. Гэтая роля дасталася Кацярыне Шатровай. Яе Марта, гэткая дама-ментар, якая, што б ні рабіла, бачыць ва ўсім сябе, паспяховую. Яна мяркуе, што апошняе слова павінна заставацца за ёй: яна ж — вышэйшая за іншых. Таму што разумная, шчодрая, забяспечаная. Здолела дамагчыся мэтаў, якія ставіла перад сабой. Па амерыканскіх стандартах, у яе ў лепшай частцы горада — пентхаус, багаты жаніх. У Марты ўсё ідзе па плане: спачатку кар’ера, потым замужжа, шлюбны кантракт і дзіця ў перспектыве. Марта — гэта і жаданне аблегчыць жыццё ўсіх вакол. Гэта яна, а не іншыя дае лепшыя парады тым, хто менш паспяховы.
І як жа цяжка свабодалюбнай Клер (Вольга Здзярская), якая чакае дзіця, мірыцца з Мартай! У яе іншы падыход да жыцця. Яна падобна да яркага матылька. Маўляў, гэта маё жыццё, і я не хачу маркотнага і сумнага ў ім існавання. У наяўнасці ў спектаклі канфлікт двух жыццёвых пазіцый. А паміж імі — іншыя…
Менавіта Марта, паўтаруся, тая сяброўка, якую астатнія церпяць. І калі ўсе астатнія даведаюцца, што за ўсёй гэтай дэманстратыўнай раскошай, якая падкрэсліваецца, хаваецца асабістае няшчасце, то даруюць Марце яе спецыфічны характар, зрэшты, як і яе занудства. Марта няшчасная па-свойму, таму сяброўкі змаўкаюць, даведваючыся ў фінале спектакля, што ў яе, як і ў кожнай з іх, свая прычына для асабістага болю. Гэтае ўсіх урэшце рэшт мірыць.
Барацьба з няўдалым інтымным досведам, нявернасцю мужа, пакуты ад хваробы маці — усё, як у жыцці, вядома ж. Колькі такога вакол нас! Варта толькі адцягнуцца ад спектакля, паварушыць памяць, прыгадаеш падобныя сюжэты.
Джэсі Веранікі Пляшкевіч — паспяховая журналістка. Гэта да яе прыходзяць сяброўкі. Паступова мы даведваемся, што яна развядзёнка. Дзесяць гадоў шлюбу для Джэсі — цудоўная нагода зразумець, што побач быў не той чалавек, а можа і яна сама была не тая для яго. Джэсі стамілася пакутаваць ад крыўдаў, вылічваць, хто вінаваты, а хто не. Менавіта бясконца лічыцца і абвінавачваць адзін аднаго — галоўная прычына ў адносінах, шлюбных ці проста сур’ёзных. Незадоўга да сустрэчы з сяброўкамі яна перажыла першую захапляльна-рамантычную за доўгі час любоўную прыгоду…
Чым бліжэй становяцца Марта, Джэсі, Клер, Сью Кэрал (Алена Стацэнка), Ніна (Аляксандра Камісарава), Лісбэт (Іна Савянкова), калі дзеляцца сваімі праблемамі, адкрываюць душу, тым больш становіцца моцнай іх жаданне быць шчаслівымі і прымаць жыццё такім, як яно складваецца.
Для гераінь, можна выказаць такую здагадку, гэтая сустрэча стане лёсавызначальнай у асэнсаванні пражытага: мінулае перагледжана, а што будзе заўтра — невядома. А можа стане лепш? Таму Марта адмаўляецца ад важнай вячэры ў дарагім рэстаране, Ніна перастае думаць пра дыеты, Сью паверыць у сябе… Вядома, мы не ведаем, што чакае сябровак у будучыні, ці хопіць у іх сіл змагацца з нягодамі жыцця. Але хочацца верыць, што ўсё ў іх атрымаецца.
Ніна, уладальніца салона прыгажосці, прыходзіць да Джэсікі першай. Яе страсць — ежа і сэкс, з чым Ніна ўвесь час змагаецца, і ў чым сябе абмяжоўвае. А цяпер у яе на руках хворая маці, якую яна даглядае.
Сью Кэрал — актрыса з невялікага правінцыйнага гарадка, яна замужам за прыгажуном і бабнікам. Ён, кажа, яе свята і праклён. Таму Сью жыве з ім у пастаянным імкненні развесціся. Яна — не ў сілах мірыцца з яго прыгодамі, і ў той жа час не ў сілах растацца. І здаецца, што з гэтых «складаных» адносін, як з калодзежа ваду, яна чэрпае для сябе энергію, упіваючыся сітуацыяй. У Стацэнкі гэта выдатна атрымліваецца: гэткі тэатр у тэатры. Артыстычная кар’ера Сью перажывае не лепшыя часы. Сью чакаюць дарослыя характарныя ролі, ды і то яны пакуль у перспектыве. З‑за медыцынскай памылкі яна не можа стаць маці. Боб, кажа, нанёс мне ўсе крыўды, якія толькі мог. Ужо ў гэтым ён майстар — любому фору дасць. У гэтай катэгорыі ён самы лепшы… Вось і атрымліваецца, што ён і сапраўды для яе такі.
Лісбэт — былая мадэль, са сваімі дзівацтвамі, марыць пра кватэру з фіксаванай арэнднай платай. Яна перажыла раман з жанатым мужчынам, а ён, вядома, не разводзіцца выключна з пачуцця абавязку да сваёй няшчаснай жонкі і любімага сабакі. Дарэчы, гэта самы незразумелы для мяне вобраз у спектаклі. Па-мойму, нечага ў ім не хапае. Мяркую, што так ён выпісаны ў драматурга. Такі вось лёс Лісбэт Савянковай, якая пагружана ў ілюзіі.
Зрэшты, усе гераіні ў ілюзіях, вялікіх ці меншых. Але ў характары кожнай, якім яго лепіць тая ці іншая актрыса, можна знайсці разыначкі. Як па мне — усе яны, што галоўнае, добрыя па сутнасці сваёй. Клер Здзярскай пазітыўная, лёгкая, нібы зямлі не датыкаецца. Актрыса вельмі пластычная і абаяльная, у ролі быццам іскрыцца. І адначасова погляд яе скіраваны ўнутр самой сябе, як гэта бывае ў цяжарных жанчын. І верыш: усё ў яе ў свой час будзе добра, бо менавіта пазітыўны погляд на свет і падзеі ў Клер — у крыві. Ніна Камісаравай — прадуманая, як гавораць, да мозгу касцей, з катэгорыі практычных жанчын, якія разумеюць, што робяць. І ўнутранае напружанне яе думак: а можа нешта я раблю ўсё ж такі, не так — адчувальнае ў дыялогах з арганічнай Пляшкевіч — Джэсі. Марце, якой іграе яе Шатрова, самой з сабою цяжка, хоць і пазіцыянуе сябе яна зусім інакш. Гранічна дакладная Стацэнка — Сью. Дарэчы, псіхалагізм шматлікіх работ гэтай актрысы на сцэне Рускага тэатра — відавочны. Стацэнка валодае здольнасцю адлюстроўваць унутранае жыццё сваіх персанажаў. Тое ж магу сказаць і пра Пляшкевіч, чый унутраны неспакой такі відавочны ў пачатковых сцэнах спектакля. І нават хуткі тэмпарытм дзеяння не перашкаджае яго адчуваць. А ўжо ў фінале спектакля Джэсі спакойная і ўраўнаважаная.
Апранутыя нашы гераіні — ой, як стыльна! Шматслойнасць у строях з тканін рознай фактуры, элегантная «шаўковая» стрыманасць або «бавоўняная» простасць адлюстроўвае іх характары. Заўважу, Таццяна Лісавенка — мастак па касцюмах таленавіты. І не пабачыць тое немагчыма. Лісавенка, як правіла, — гэта густ, стыль, гарманічнае спалучэнне колераў і адценняў. І для музыкаў рок-гурта «ТТТ», што рэпеціруюць на другім паверсе дома, дзе жыве Джэсіка, яна таксама прыдумала адпаведныя касцюмы. Дарэчы, мужчын у п’есе Лоры Канінгем няма. Музыкі — прыдумка Ераньковай. І цалкам удалая. Такім чынам ілюструецца галоўная і вызначальная роля мужчын у лёсах нашых сябровак. Гэтая роля выпала Сяргею Чэкерэсу, заслужанаму артысту Беларусі, Уладзіміру Глотаву, Сяргею Жбанкову, Паўлу Еўтушэнку, Андрэю Сенькіну, якія рэпеціруюць будучы канцэрт. І час ад часу шасцёрка гераінь цікавіцца, хто ж там, наверсе, творыць.
Як я ўжо сказала, новы спектакль горкаўцаў, завяршаючы юбілейны паказ работ Валянціны Ераньковай, гледачоў на генеральным прагоне, у ліку якіх была і я, парадаваў. Вядома ж, калі глядзець без прэтэнзій, як яго трэба было б зрабіць, і якімі павінны быць гераіні гэтай лірычнай камедыі, можна толькі выйграць, атрымліваючы шмат пазітыўных эмоцый ад добрага гумару ў пастаноўцы, ад жыццёвасці лёсаў і іншых складнікаў сцэнічнага дзеяння. Урэшце ў «Дзявочніку» ёсць што глядзець і над чым думаць. Напэўна, з часам, невялікія шурпатасці, якія можна дараваць, улічваючы тое, што гэта самы першы паказ на гледача, згладзяцца. І спектакль зойме сваю нішу ў рэпертуары тэатра, як адзін са спектакляў Валянціны Ераньковай, прафесійнага рэжысёра са сваім почыркам. Бо ён апавядае пра тое, як жыве прыгожая частка чалавецтва: ваюе са сваёй прыродай ці ідзе ў яе, як кажуць рускія, «на поводу». Так здараецца і ў жыцці. Дарэчы, у песнях, якія спяваюцца сяброўкамі, нібы гучыць лепшая, узнёслая частка прыроды кожнай гераіні.
Рэжысура — мая стыхія
Нагадаю чытачам: Валянціна Еранькова працуе ў Рускім тэатры ужо амаль 25 гадоў. І нікому не даказвае, што жаночая рэжысура мае права на існаванне нароўні з мужчынскай, альбо ў чымсьці яе пераўзыходзіць. І працягвае ў прафесіі ўдасканальвацца. Кажа: «Жыццё маё — гэта і гульня, і пастаяннае развіццё. Без чаго ўсё бессэнсоўна. Нават калі гатуеш на кухні, увесь час хочацца дадаць нейкую фішку ў стравы. А тут спектакль, велізарны віртуальны свет… Таму я і не хачу нікому нічога даказваць, нібы ў мяне штосьці лепш атрымліваецца, чым у маіх калег-мужчын. Проста раблю тое, што мне падабаецца. У мяне быў спектакль «Папа-папа, бедный папа, ты не вылезешь из шкапа, ты повешен нашей мамой между платьем и пижамой…». Свае меркаванні пра тое, як нам, жанчынам, варта адносіцца да мужчын, я і выказала ў гэтым спектаклі.
Вось і ў «Дзявочніку» яны ёсць. Без мужчын нам апрыёры сумна. І адзінока, таму і шукаем іх. Я глыбока перакананая: у любой прафесіі не трэба перамагаць мужчын, даказваць, што ты нешта ўмееш рабіць лепш. Ён, мужчына, нібы скала, аб якую разбіваецца хваля, ідучы да берага. Мужчына заўсёды наперадзе, таму што па прыродзе сваёй ён — абаронца, а прыроду не падманеш. Таму больш разумна — адступаць і даваць магчымасць мужчыну быць наперадзе. А наогул, з гадамі я зразумела, што меркаванні пра нежаночую прафесію рэжысёра ўласцівыя толькі закамплексаваным мужчынам. Таму цяпер аддаю перавагу прапускаць падобныя заўвагі міма вушэй і працягваю ўмацоўвацца ў прафесіі. Да таго ж я так даўно стаўлю спектаклі, што часам здаецца: усё сваё жыццё толькі тое і раблю. І мне гэта падабаецца».
Валянціна Еранькова паставіла дзясяткі спектакляў на розных сцэнах Беларусі і замежжа, стала дасведчаным паважаным рэжысёрам, з імем якой заўсёды асацыюецца пошук, эксперымент. У сваім прафесіяналізме Валя не спынілася, ёй па-ранейшаму цікава выяўляцца ў розных рэжысёрскіх жанрах, лічыць, што працэс спасціжэння новага трымае рэжысёра не толькі ў добрым творчым тонусе, але і ўзбагачае.
Таму я не магу не ўспомніць пра выдатны, глыбока псіхалагічны спектакль Ераньковай «Эсфір» па творы Людмілы Уліцкай. Ён доўга трымаўся ў рэпертуары як адзін з запатрабаваных публікай. Сама глядзела тройчы гэтую пранізлівую пастаноўку, дзе няма ні танцаў, ні песняў.
Не магу зноў не ўспомніць таксама, пра што раней пісала, і адзін з першых досведаў Валянціны як рэжысёра-пастаноўшчыка — спектакль «Гісторыя кахання Паласатага Ката і сеньярыты Ластаўкі» Жоржы Амаду. Пра яго, легенду пачатку 80‑х, і потым яшчэ доўгі час гаварыў увесь горад. Дарэчы, спектакль увайшоў у гісторыю беларускага тэатра як неардынарная падзея ў тэатральным свеце. Іграўся ён на прыступках вялікай мармуровай лесвіцы ТЮГа, якая служыла «малой сцэнай», а глядзельная зала на 50 чалавек арганізоўвалася прама ў фае тэатра. Спектакль перагледзела большасць акцёраў мінскіх тэатраў, не кажучы ўжо пра студэнтаў гуманітарных вну і гледачоў, што называецца, з вуліцы. Добра памятаю ажыятаж вакол пастаноўкі і тое, як цяжка было стрымліваць націск натоўпу тэатралаў, якія спрабавалі штурмам узяць уваход у фае тэатра, куды ўсё ж набівалася да сотні гледачоў. Мне не забыць пра шчаслівыя твары тых, каму ўдалося патрапіць на прэм’еру. Гэта быў выдатны спектакль пра каханне. І па рэжысуры, і па акцёрскіх працах.
Чацвёрты год на сцэне Рускага тэатра ідзе спектакль «Пясняр» Валянціны Ераньковай, пастаўлены паводле п’есы маладога беларускага драматурга Васіля Дранько-Майсюка. Гэтая алегарычная гісторыя пра сучасніка, выбітнага музыканта, народнага артыста СССР, заснавальніка і нязменнага кіраўніка легендарнага ансамбля «Песняры» не пакідае нікога ў зале абыякавым.
У пастаноўцы гучаць песні з рэпертуару ансамбля «Песняры» у выкананні трупы тэатра. Дарэчы, у 2015 годзе «Пясняр» быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва.
Зусім нядаўна ў Гомельскім гарадскім Маладзёжным тэатры Еранькова паставіла спектакль «Дзіўная місіс Сэвідж» па п’есе Джона Патрыка, якая ўваходзіць у залаты фонд драматургіі. Ці задаволеная яна працай з акцёрскай трупай?
— О так, у Маладзёжным тэатры — цудоўная творчая дысцыпліна! І я гэта цаню. Тут мне камфортна працавалася.
Па ўсім відаць: рэжысура — гэта і сапраўды стыхія Валянціны Ераньковай. Вось як яна пра тое яшчэ казала:
— Мне так камфортна ў гэтай прафесіі, так цяжка і так лёгка адначасова, што магу сцвярджаць: рэжысура дае мне жыццё, дорыць адчуванне вечнай маладосці, я шчыра жыву ў яе плыні. У маёй прафесіі я заўсёды ў руху, у пошуку, я ўвесь час энергічная, мой інтэлект у штодзённым трэнінгу, я ўвесь час намагаюся нешта стварыць і аддаць іншым. Ідзе пастаянны энергаабмен з людзьмі. Мне вельмі падабаецца спасцігаць новае ў рэжысуры, чаму-небудзь вучыцца, адкрываць для сябе. Цяпер такі дзіўны час! Столькі ў ім інфармацыі! І мне падабаецца гэтая імклівая плынь жыцця.
Валянціна Ждановіч
Фота Івана Ждановіча
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[2] https://zviazda.by/be/tags/teatr