Перасадка органаў і тканак — галіна медыцыны, якая ў Беларусі развіваецца вельмі імкліва. На мільён жыхароў прыходзіцца крыху больш за 50 трансплантацый штогод. І колькасць гэтая толькі павялічваецца. Менавіта таму парламентарыі бачаць неабходнасць максімальнага прыстасавання закона «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека» да цяперашніх рэалій.
Сярод іншага, змяненні гэтага закона адкрываюць новыя магчымасці не толькі для донараў, але і для тых, хто мае патрэбу ў іх дапамозе. Аб навацыях дакумента расказаў член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Алег Румо.
Праект закона «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека» быў разгледжаны на шостай сесіі Савета Рэспублікі. Алег Румо адзначыў, што акцэнт у ім зроблены на трох асноўных пытаннях.
— Першае з іх датычыцца пашырэння колькасці донараў. Мы вырашылі ўключыць у гэтае кола і стрыечных братоў і сясцёр — сваякоў «другой рукі». Гэта абумоўлена шэрагам абставін. Галоўная з іх — тое, што нашы сем'і ў асноўным невялікія. Як вынік, вельмі складана знайсці ў іх блізкіх па сваяцтве донараў, каб перасадка дала максімальна станоўчы эфект. У сваю чаргу, гэта становіцца прычынай таго, што колькасць трансплантацый ад жывых донараў у нашай краіне вельмі нізкая. Напрыклад, аперацый па трансплантацыі ныркі ад жывога донара мы выконваем менш за два працэнты. І для нас вельмі неабходна пашырыць гэтае кола — натуральна, за кошт людзей, якія дабравольна на гэта пагодзяцца.
У сувязі з гэтым уводзіцца заканадаўчае паняцце перакрыжаванага донарства. Што гэта такое? Напрыклад, ёсць чалавек, якому трэба перасадзіць печань. Але яго сваяк, які гатовы стаць донарам, мае іншую групу крыві. Як вынік — несумяшчальнасць. Пры гэтым у іншай сям'і існуе такая ж праблема, але іх донар ідэальна падыходзіць таму, хто мае патрэбу ў трансплантацыі з першай сям'і, і наадварот. Цяпер яны змогуць дапамагчы адно аднаму. Гэта значыць, стане магчымым абмен органамі паміж жывымі донарамі, якія не з'яўляюцца сваякамі.
— Гэта вельмі модная навела ў трансплантацыйным заканадаўстве ўсіх еўрапейскіх краін, а таксама ЗША, Аўстраліі, Канады, Паўднёвай Карэі, Кітая, — сцвярджае Алег Румо.
Другая частка пытанняў датычылася міжнароднага супрацоўніцтва.
— Дагэтуль у нашым заканадаўстве гэтыя аспекты асобна не пазначаліся. А час наспеў. Беларусь сёння — актыўны ўдзельнік еўрапейскага і сусветнага трансплантацыйнага супрацоўніцтва. Наша краіна стала паўнавартасным членам міжнароднай арганізацыі Fоеdus, мэтай якой з'яўляецца абмен органамі для трансплантацыі на бязвыплатнай аснове. І гэта вельмі важна замацаваць заканадаўча з мэтай аптымальнага падбору прадмета трансплантацыі.
— Краіна наша невялікая. І таму падабраць пару «донар — рэцыпіент» будзе куды прасцей пры большай колькасці донараў, у тым ліку і з краін замежжа, — кажа старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка. — На жаль, былі ў нас выпадкі, калі для тых, хто меў патрэбу ў дапамозе, не знаходзілася донара, чый орган максімальна б падыходзіў.
Трэцяя частка актуальнай тэмы шліфуе праблемы, звязаныя з адзіным рэгістрам трансплантацыі, з пытаннямі згоды і адклікання такой згоды. Гэта прававая норма больш дакладна вызначае, як гэтая згода можа быць прадстаўлена.
Міністр аховы здароўя Валерый Малашка адзначыў, што неабходнасць увозу і вывазу з краіны органаў, іх частак і тканак чалавека для аптымальнага падбору пары «донар — рэцыпіент» прымаецца Міністэрствам аховы здароўя. Робіцца гэта ў межах беларускага і міжнароднага заканадаўства. І абавязкова на бязвыплатнай аснове. Гэта неабходна для таго, каб выключыць нядобрасумленныя здзелкі.
Асобна Валерый Малашка спыніўся на пытанні адмовы ад забору органаў для трансплантацыі. Справа ў тым, што ў Беларусі дзейнічае так званы «нулявы» прынцып — калі чалавек пры сваім жыцці не напісаў заяву аб тым, што ён супраць таго, каб пасля яго смерці ў яго забіралі органы для перасадкі, то лічыцца, што ён аўтаматычна дае згоду на трансплантацыю. Праўда, бываюць выпадкі, калі «адмоўнік» раптоўна перадумаў і хоча ануляваць заяву.
— Змяненні ў закон рэгламентуюць парадак адклікання такой заявы. Акрамя таго, будзе канкрэтызаваны пералік тых, каму будзе дазволена гэта зрабіць, і механізм выключэння адпаведнай інфармацыі з адзінага рэгістра трансплантацыі.
А вось у апошні мяркуецца ўносіць людзей, у якіх ужо забралі орган, або яго частку, ці тканку.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-pyasecki
[3] https://zviazda.by/be/palityka
[4] https://zviazda.by/be/urad
[5] https://zviazda.by/be/gramadstva
[6] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/transplantacyya-organau
[8] https://zviazda.by/be/tags/medycyna
[9] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne