У Пінску да канца бягучага года пачнуць будаўніцтва новага мікрараёна шматпавярховай забудовы, паведаміў БЕЛТА [1] намеснік старшыні гарвыканкама Генадзь Дубойскі.
У паўднёва-заходняй частцы горада пад пляма забудовы выдзелены ўчастак плошчай 15 га. Мікрараён размесціцца на тэрыторыі былога льнозавода. Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі ўжо завершана. На гэтай будпляцоўцы плануецца ўзвесці 13 дзевяці- і дзесяціпавярховых жылых дамоў. Прадугледжана размяшчэнне парковачных месцаў, дзіцячых гульнявых комплексаў, малых архітэктурных формаў. Прапрацоўваецца пытанне будаўніцтва дзіцячага саду.
"Да будаўніцтва будзем прыступаць у чацвёртым квартале, першыя чатыры дамы ўвядзём у 2020 годзе. Зараз ідуць падрыхтоўчыя працы па выраўноўванні ўчасткаў, пракладцы інжынерных сетак. Мікрараён узводзіцца пераважна для шматдзетных і маладых сем'яў, якія будуць будаваць кватэры з прыцягненнем адраснага жыллёвага субсідзіравання", - адзначыў Генадзь Дубойский.
Пінск - трэці па велічыні горад Брэсцкай вобласці, яго насельніцтва пастаянна павялічваецца. З улікам гэтага мясцовыя ўлады разглядаюць перспектывы далейшага развіцця горада. У прыватнасці, у планах ушчыльненне існуючай забудовы па вуліцы Чарняхоўскага, засваенне тэрыторыі былой вайсковай часткі па вуліцы Я. Янішчыц. Гэтыя пляцоўкі могуць быць адведзены пад будаўніцтва шматпавярховага жылля.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/novyj-mikrorajon-nachnut-vozvodit-v-pinske-v-kontse-goda-355795-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/pinsk