«Спорт — гэта высокае мастацтва» — такі тэзіс не выклікае сумневаў, і таму адпаведную назву мае выстаўка, якая праходзіць у сталічным Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, што па вуліцы Някрасава, 3. Экспазіцыя працягне сваю работу да 14 верасня. А ўжо сёння ў 18.30 яе можна паглядзець разам з куратарам Дзінай Даніловіч.
У міжнароднай выстаўцы прымаюць удзел фатографы і мастакі з 12 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Іспаніі, Літвы, Польшчы, Расіі, Славакіі. Гасцям і жыхарам сталіцы прадстаўлена маштабная экспазіцыя архіўнага фота і сучасных фатаграфічных праектаў, плакатаў, відэазапісаў, скульптурных аб'ектаў, звесткі пра перформансы. Усе гэтыя матэрыялы даследуюць тэму спорту ў шырокім культуралагічным, гістарычным і сацыяльным кантэксце.
Зыходным пунктам экспазіцыі стала калекцыя архіўных фатаграфій і кіназапісаў са збору Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якая ілюструе асаблівасці культуры спартыўнага цела ў савецкі перыяд (1940—1970-я гады). Фотаздымкі і кінакадры спартыўных спаборніцтваў, усесаюзных спартакіяд, спартыўных парадаў, працэсу падрыхтоўкі і трэніроўкі атлетаў, партрэты выдатных спартсменаў таго часу з'яўляюцца дакументамі цэлай эпохі, калі культ здаровага, моцнага цела асацыяваўся з маладосцю і сілай краіны, а масавае захапленне спортам было часткай глабальнага працэсу выхавання «чалавека будучыні».
Трапіць на выстаўку можна па ўваходных білетах у Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў.
Васіль КАРАБЛЁЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[3] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[4] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[5] https://zviazda.by/be/tags/sport