Больш за 80 % медыкаў, па звестках Міністэрства аховы здароўя, застаюцца працаваць на тых месцах, дзе праходзілі размеркаванне. Сёлета 1 жніўня больш за 9 тысяч маладых спецыялістаў папоўнілі ўстановы аховы здароўя ва ўсёй краіне. Сярод іх 5,5 тысячы ўрачоў і інтэрнаў і больш за 3,5 тысячы чалавек сярэдняга медыцынскага персаналу. Найбольшы недахоп урачоў адчуваўся ў Мінску і Мінскай вобласці, сярэдняга медыцынскага персаналу — у Гомельскай і Гродзенскай абласцях. Пра тое, як медыкаў заахвочваюць заставацца ў рэгіёнах, пра вялікія магчымасці малых гарадоў, а таксама пра тое, чым урач агульнай практыкі адрозніваецца ад ўчастковага тэрапеўта, расказалі спецыялісты падчас наведвання журналістамі 39-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска.
— Самай актуальнай праблемай пры замацаванні кадраў з'яўляецца забеспячэнне іх жыллём, прычым якасным, каб спецыяліст адчуваў сябе камфортна, — арэнднай кватэрай ці домам. У тых рэгіёнах, дзе гэта пытанне вырашана, не маюць «кадравага голаду», — расказвае начальнік упраўлення кадравай палітыкі, устаноў адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольга МАРШАЛКА. — Асаблівасць нашага размеркавання ў тым, што на яго прыязджаюць наймальнікі і набіраюць спецыялістаў, у якіх маюць патрэбу. І такім чынам многія ўстановы аховы здароўя «закрыты пад ключ» — цалкам запоўнілі вакансіі. Наймальнік расказвае, у якіх умовах будзе жыць і працаваць малады спецыяліст, якой будзе заработная плата, некаторыя адвозяць і знаёмяць з сітуацыяй на месцах. Такім чынам, малады доктар загадзя ведае, у якіх умовах будзе працаваць — і ехаць не страшна.
Зарплата медыка, падкрэслівае Вольга Маршалка, часта вышэйшая менавіта ў невялікіх гарадах. Акрамя ўсіх выплат і кампенсацый, якія гарантавана атрымлівае любы малады спецыяліст, гэта яшчэ і так званыя сельскія пад'ёмныя, а таксама магчымасць працаваць больш чым на адну стаўку.
— У маленькіх гарадках не заўсёды ёсць поўная стаўка вузкага спецыяліста. Калі малады ўрач пажадае прайсці перападрыхтоўку, ён зможа заняць гэтыя 0,25 ці 0,5 стаўкі і атрымліваць большую зарплату. У сталіцы ж усе стаўкі звычайна запоўнены, не заўсёды ёсць магчымасць маладому спецыялісту знайсці падпрацоўку.
Калі ўрач-інтэрн атрымлівае ў сталіцы 520 рублёў у месяц, малады спецыяліст — каля 600, то ў невялікіх гарадах іх зарплата складае адпаведна 650—700 рублёў. Галоўны ўрач 39-й гарадской клінічнай паліклінікі Мінска Вольга ЕСМАНЧЫК на прыкладзе сваёй установы расказала, што маладым спецыялістам выплачваюцца пад'ёмныя — сродкі ў памеры апошняй стыпендыі. Тым, хто змяніў месца жыхарства — кампенсацыя ў сувязі з пераездам. Надбаўка па кантракце складае 50 %, каля 20 % — прэмія. Кожнаму ўстанаўліваецца індывідуальная надбаўка за складанасць і напружанасць працы. Акрамя гэтага, існуюць квартальныя выплаты ў памеры базавай велічыні. Пры прадстаўленні дагавора найму жылля таксама існуе кампенсацыя — ад 1 да 3 базавых велічынь.
Павышаць кваліфікацыю сваіх спецыялістаў імкнецца кожны кіраўнік медыцынскай установы, бо ён зацікаўлены ва ўкамплектаванні кадрамі, кажа Вольга Есманчык.
— У 2014 годзе да нас размеркавалася памочнік урача, з 1 жніўня гэтага года яна ўжо прызначана старшай медыцынскай сястрой паліклінікі. Яна неаднойчы праходзіла павышэнне кваліфікацыі, здала на ўсе кваліфікацыйныя катэгорыі. Зараз завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю, і я падтрымліваю яе імкненні, зацікаўлена, каб спецыяліст у нас заставаўся працаваць, таму прызначыла яе старшай медыцынскай сястрой.
Вольга Есманчык расказвае, што паліклініка (а яна адкрылася ў новым мікрараёне сталіцы ў 2014 годзе) укамплектавана медыцынскімі кадрамі з сярэдне-спецыяльнай адукацыяй на 86 %, вышэйшай — на 96 %. Штогод сюды размяркоўваецца 19—20 маладых спецыялістаў. Сёлета з 1 жніўня на работу выйшла 15 новых урачоў, тры памочнікі ўрача, фельчар-лабарант і медыцынская сястра.
— Як кіраўнік, я адчуваю радасць, што вакансіі запоўнены. З іншага боку, гэта вялікая адказнасць. Кожнаму маладому спецыялісту мы прызначаем настаўніка з ліку самых вопытных спецыялістаў, які яго курыруе.
Цякучасць кадраў у паліклініцы невялікая, падкрэслівае Вольга Есманчык. Штогод звальняецца адзін-тры чалавекі, сёлета, напрыклад, сышоў адзін урач і дзве медыцынскія сястры.
— Мы размаўляем са спецыялістамі і ведаем іх патрэбы. Гэта дазваляе захаваць людзей. Напрыклад, наш урач-тэрапеўт пасля адпрацоўкі размеркавання пажадала прайсці перападрыхтоўку і цяпер працуе эндакрынолагам. Пры жаданні накіроўваем на курсы павышэння кваліфікацыі, каб была магчымасць здаць на кваліфікацыйную катэгорыю і павысіць зарплату. Таксама стараемся забяспечваць ложка-месцам ці пакоем у інтэрнаце. Сёлета адной сям'і далі пакой у інтэрнаце, двум медсёстрам — ложка-месцы.
Каментуючы тэму адтоку медыцынскіх кадраў, Вольга Маршалка адзначыла, што ў Беларусі забяспечанасць медыкамі адна з самых высокіх у свеце. Згодна са статыстыкай, на 10 тысяч насельніцтва ў нас прыходзіцца 55 урачоў. У еўрапейскіх краінах гэты паказчык складае 38.
— Даступнасць нашай медыцыны — адна з самых высокіх у свеце. У Францыі, напрыклад, трохмесячныя чэргі чакання прыёму спецыяліста. Так, у нас 20 % работнікаў знаходзіцца ў дэкрэтных адпачынках, бо 85 % працуючых у галіне — жанчыны. І гэта добра, што ўрачы нараджаюць і вырашаюць дэмаграфічную праблему. Пры гэтым ёсць добры «запас» — пенсіянеры. Сёння ў сістэме аховы здароўя іх каля 18 %. Мы рыхтуем шэраг праектаў па прыцягненні ў медыцыну хлопцаў. Дарэчы, закон аб адтэрміноўках сыграў нам на карысць: той, хто не паступіў ва ўніверсітэты, пайшоў вучыцца ў каледжы.
Спецыяліст падкрэсліла, што за мяжу выязджае не так шмат медыкаў, як некаторыя лічаць:
— Наша ўпраўленне выдае афіцыйныя пісьмы, якія неабходны для ўладкавання на работу за мяжой. І мы вядзём улік гэтых спецыялістаў. Апошнія два гады лічба тых, хто з'язджае, стабільная — 190—200 чалавек. Гэта няшмат, улічваючы што ў сістэме працуе 53 тысячы ўрачоў. Без афіцыйнага пісьма можна таксама паехаць у некаторыя краіны, напрыклад Расію. Але апошнім часам там змянілася сістэма допуску да работы, і пачаўся адваротны адток. Гэтыя спецыялісты таксама прыходзяць да нас, каб атрымаць допуск да работы ў Беларусі. Пастаянная працоўная міграцыя існавала і будзе існаваць, гэта нармальная з'ява. Мы прапрацоўваем нарматыўны дакумент, які дазволіць падчас доўгай стажыроўкі за мяжой не звальняцца з нашай медыцынскай установы. Асноўная прычына тых, хто з'язджае, дарэчы, — выйшла замуж за грамадзяніна іншай краіны.Той, хто едзе ў рабочым фармаце, часта вяртаецца назад. Малады спецыяліст на старце атрымлівае ў Еўропе дзве тысячы еўра. З усімі выплатамі і расходамі яму застаецца тысяча ці нават менш. Прайшоўшы перападрыхтоўку на кардыёлага, скажам, і працуючы на паўтары стаўкі, у нас можна зарабляць не нашмат менш. Пасля пяці гадоў работы можна сумяшчаць з практыкай у прыватным медыцынскім цэнтры.
Вольга Маршалка адзначыла, што сёлета лічбы набору ў медыцынскія ВНУ і каледжы былі павялічаны: ва ўніверсітэты — на 200 чалавек, каледжы — на 450. Конкурс, дарэчы, быў надзвычай высокі:
— Сёлета ён складаў да пяці чалавек на месца — такога мы не бачылі некалькі апошніх гадоў. І нас гэта радуе. За ўзровень падрыхтоўкі нашых спецыялістаў за мяжой не сорамна.
Наша краіна, дарэчы, адна з нямногіх, дзе ўрачы пасля заканчэння ВНУ могуць ажыццяўляць дзейнасць па 19 кірунках — хірург, кардыёлаг, гінеколаг, эндакрынолаг, неўролаг і іншых. Спецыялізацыя пачынаецца з 6-га курса і працягваецца падчас праходжання інтэрнатуры. За мяжой усе выпускнікі спачатку працуюць урачамі агульнай практыкі, а спецыялізацыю атрымліваюць на працягу трох-чатырох гадоў (па некаторых спецыяльнасцях — да 10 гадоў). Таму наша адукацыя, на думку спецыялістаў, прыцягвае замежных студэнтаў. Сёння ў беларускіх медуніверсітэтах вучыцца пяць тысяч студэнтаў з 72 краін свету.
Масавая падрыхтоўка ўрачоў агульнай практыкі пачалася ў Беларусі з 2016 года. І да 2020 года ў паліклініках яны цалкам заменяць участковых тэрапеўтаў. Цяпер вядзецца іх перападрыхтоўка, яе прайшлі каля 65 % спецыялістаў. Урач агульнай практыкі будзе сумяшчаць шмат кірункаў дзейнасці і зможа выконваць функцыі неўролага, лор-урача, кардыёлага, эндакрынолага і іншыя. Такі спецыяліст працуе ў камандзе з памочнікам урача і медыцынскай сястрой. Будзе павялічаны і час прыёму: калі ўрач працуе ў тым ліку і з дзецьмі — да 20 хвілін, толькі з дарослым насельніцтвам — да 18 хвілін. Раней на аднаго пацыента ўчастковаму тэрапеўту адводзілася 12—15 хвілін. Зменшыцца і колькасць насельніцтва, якое абслугоўвае ўрач агульнай практыкі — з 1700 да 1500 чалавек. Кабінеты ўрача агульнай практыкі аснашчаюцца неабходным медыцынскім абсталяваннем.
У Беларусі ў сістэме аховы здароўя працуе 300 тысяч работнікаў, з іх 170 тысяч — медыкі, у тым ліку 53 тысячы з вышэйшай адукацыяй, 115 тысяч — з сярэдне-спецыяльнай.
Алена КРАВЕЦ
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/maladyya-specyyalisty
[5] https://zviazda.by/be/tags/medyki
[6] https://zviazda.by/be/tags/paliklinika
[7] https://zviazda.by/be/tags/balnica