Што найперш хвалюе іншагародніх студэнтаў, калі тыя распачынаюць чарговы навучальны год? Правільна, жыллё. Цэны на сталічныя арэндныя кватэры і нават пакоі іншым часам «кусаюцца», таму не дзіўна, што многія хочуць пазбавіцца ад думак пра дадатковыя выдаткі. Найлепшым варыянтам, вядома, заўсёды з'яўляўся інтэрнат. Толькі як атрымаць там месца? Гэтае і шэраг іншых пытанняў узнікае ў былых абітурыентаў і іх бацькоў кожны год. Мы зазірнулі ў Студэнцкую вёску БДУ, каб убачыць на свае вочы, як прайшла падрыхтоўка да новага навучальнага года, а таксама пагутарылі з намеснікам дырэктара Студэнцкага гарадка БДУ па выхаваўчай рабоце Рыгорам ПАСРЭДНІКАМ.
— Колькі сёлета ахвотных атрымалі ў вас месцы?
— Студэнцкая вёска БДУ — гэта дзесяць інтэрнатаў розных тыпаў пражывання. Больш за восем тысяч студэнтаў розных курсаў і формаў навучання ўжо маюць на руках ключы ад сваіх пакояў, з іх іншагародніх — каля 80 працэнтаў. Найбольшая колькасць выдзеленых месцаў у інтэрнатах № 7 і № 3 — іх больш за 1200, у №№ 2, 3, 4 і 10 — каля 700 у кожным, у астатніх — менш. Перш за ўсё пакоі атрымліваюць іншагароднія першакурснікі, сіроты, дзеці са шматдзетных сем'яў, студэнты, якія пражываюць у раёнах, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
— Што было зроблена сёлета перад тым, як сюды заехалі новыя пастаяльцы?
— Кожнае лета ў нас функцыянуе студэнцкі атрад па добраўпарадкаванні інтэрнатаў. Сёлета на працягу чэрвеня і ліпеня 180 чалавек — па 20—30 на адзін інтэрнат — наводзілі парадак у памяшканнях да новага навучальнага года. Фарбавалі сцены, батарэі, рамантавалі і ўстанаўлівалі мэблю, выконвалі іншыя дробныя работы. Інтэрнаты № 4 і № 11 былі задзейнічаны ў ІІ Еўрапейскіх гульнях, да іх там быў зроблены касметычны рамонт. Да таго ж у гэтым годзе пачаўся капітальны рамонт у інтэрнаце № 6 — замена вокнаў у блоках і абнаўленне фасада. Складзены праект на такі ж рамонт у інтэрнаце № 10 — там з'явіцца новы цеплавузел, таксама заменяць вокны, уцепляць фасад і абновяць дах. Такія работы праводзяцца без адсялення студэнтаў з пакояў.
— Што прапануецца насельнікам для баўлення вольнага часу?
— Інтэрнат — другі дом для студэнта, а для некага і першы. Тут яны праводзяць большую частку свайго дня, таму зразумела, што без арганізацыі розных заняткаў па інтарэсах не абысціся. У кожным інтэрнаце ёсць пакоі адпачынку, самакіравання, самападрыхтоўкі. Акрамя таго, трэнажорныя і чытальныя залы, спартзала. Актыўна развіваецца студэнцкае самакіраванне — тыя, хто адчуваюць патрэбу ў рэалізацыі творчых і кіраўніцкіх здольнасцяў, могуць далучыцца, прымаюцца ўсе ахвотныя. Для таго каб зрабіць добрыя ўмовы для пражывання студэнтаў з абмежаванымі магчымасцямі, у інтэрнатах №№ 2, 3, 4 і 11, устаноўлены пандусы і ліфты-пад'ёмнікі.
— Ці можна «заслужыць» месцы ў інтэрнаце?
— У першую чаргу яны даюцца льготнікам. Калі вы не ўваходзіце ў іх лік, атрымаць месца таксама можна, для гэтага трэба папрацаваць у студатрадзе або быць часткай будатрада інтэрнатаў — ахвотных, дарэчы, хапае. Мы не бяром студэнтаў-старшакурснікаў з запазычанасцямі па вучобе, бо лічым, што навучанне ва ўніверсітэце павінна быць на першым месцы.
— А чаго рабіць не трэба, каб не страціць атрыманае?
— Інтэрнат — гэта месца, дзе у кожнага ёсць свае інтарэсы і асабістыя межы, якія трэба паважаць. Тут забаронена курыць, ужываць спіртныя напоі, парушаць нормы цішыні і санітарныя нормы. Пакаранне за парушэнне бывае рознае: можна атрымаць папярэджанне, а можна — вымову са скасаваннем дамовы. Гэта значыць, што на наступны навучальны год верагоднасці, што залічаць у інтэрнат нават пры наяўнасці льготаў або добрых паказчыкаў па вучобе, няма.
— Нагадайце пра аплату пражывання...
— Яна залежыць ад тыпу інтэрната. За пражыванне ў пакоі кватэрнага тыпу — 1,2 базавай велічыні, блочнага — 0,8, калідорнага — 0,4. У студэнтаў-бюджэтнікаў гэтая сума можа адымацца ад стыпендыі па іх пісьмовых заявах. Тым, хто вучыцца на платнай аснове, і тым, хто страціў права на атрыманне стыпендыі, да 25-га чысла кожнага месяца трэба ўносіць аплату ў любым банку, інфакіёску, банкамаце ці праз інтэрнэт-банкінг па нумары студэнцкага білета.
Дар'я ШЛАПАКОВА
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/adukacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/chyrvonaya-zmena-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya
[7] https://zviazda.by/be/tags/internat