Латвія плануе да 2023 года завяршыць электрыфікацыю чыгункі ў напрамку Беларусі, паведаміў міністр зносін Латвіі Таліс Лінкайтс на палях Беларускага транспартнага тыдня, перадае БЕЛТА [1].
"Нас радуе грузапаток з Беларусі, і мы імкнемся да ўдасканалення аказання паслуг. Вядзецца праца над электрыфікацыяй чыгуначнай лініі ў напрамку Беларусі, каб па завяршэнні праекта ў 2023 годзе наш сэрвіс стаў хутчэй і зручней і для грузаперавозчыкаў, і для пасажыраў", - сказаў Таліс Лінкайтс.
Паводле яго слоў, цяпер з Беларусі ў Латвію ходзяць два пасажырскія цягнікі: Мінск - Рыга і Кіеў - Мінск - Вільнюс - Рыга. "Абодва цягнікі запатрабаваныя, і мы бачым, што ў летнім сезоне ёсць магчымасць павялічыць колькасць цягнікоў у кірунку Беларусь - Латвія, - адзначыў міністр. - Кантэйнерны экспрэс-цягнік Рыга - Мінск, пушчаны ў пачатку 2018 года, таксама паказаў сваю канкурэнтаздольнасць. Грузаўладальнікі атрымалі магчымасць рэгулярна дастаўляць груз па чыгунцы на працягу 22 гадзін, карыстацца паслугамі палегчанага перасячэння мяжы і электроннай транспартнай накладной".
Таліс Лінкайтс перакананы, што патэнцыял перавозак паміж Мінскам і Рыгай ў будучыні будзе толькі расці ўслед за развіццём Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". "У кантэксце індустрыяльнага парку "Вялікі камень" мы бачым вялікі патэнцыял для падаўжэння новага Шаўковага шляху ў рэгіён Паўночнай Еўропы на базе трохбаковага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Кітаем і Беларуссю", - дадаў ён.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/latvija-planiruet-k-2023-godu-zavershit-elektrifikatsiju-zheleznoj-dorogi-v-napravlenii-belarusi-364103-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/latviya
[3] https://zviazda.by/be/tags/elektryfikacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/chygunka