Беларусь у час праводзімага ў сталіцы Туркменістана Ашхабадзе Савета міністраў замежных спраў давяла да калег у СНД сваю пазіцыю па пытаннях рэгіянальнай бяспекі. Аб важных пытаннях у парадку дня і падыходах беларускага боку перад пачаткам пасяджэння расказаў журналістам кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Уладзімір Макей, перадае [1] БЕЛТА.
"У час традыцыйнага абмену думкамі па сітуацыі ў рэгіёне мы давядзём пазіцыю Беларусі па шэрагу актуальных пытанняў, звязаных з забеспячэннем міру, бяспекі, эканамічнага развіцця ў нашай краіне і вакол яе ў Еўрапейскім рэгіёне і на постсавецкай прасторы. Гэта вельмі важна. Мы праінфармуем аб тых ініцыятывах, якія былі вылучаны апошнім часам кіраўніком дзяржавы, і якія накіраваны на забеспячэнне міру і бяспекі", - сказаў міністр.
На пасяджэнні СМЗС таксама абмеркавана праграма ўзаемадзеяння паміж знешнепалітычнымі ведамствамі на будучы перыяд.
У ліку важных пытанняў пасяджэння Уладзімір Макей згадаў праект стратэгіі забеспячэння інфармацыйнай бяспекі краін СНД. "Сёння гэта тэма выходзіць у лік прыярытэтных. Вы бачыце, якія прэтэнзіі прад'яўляюцца ў адносінах адзін да аднаго. Мы з'яўляемся сведкамі хакерскіх атак супраць не толькі нейкіх устаноў, але і цэлых краін. Таму гэта тэма будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні СМЗС, і на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў. І Беларусі ёсць аб чым праінфармаваць калег. У нас прынята адпаведная канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі, існуе шэраг ініцыятыў, накіраваных на ўдасканаленне гэтай дзейнасці", - адзначыў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства.
У ліку важных дакументаў таксама пагадненне аб супрацоўніцтве ў процідзеянні карупцыі, праграма супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і іншымі насільнымі праявамі экстрэмізму на 2020-2022 гады.
Акрамя таго, на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў 11 кастрычніка плануецца прыняць зварот да народаў краін Садружнасці і сусветнай грамадскасці ў сувязі з 75-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У сувязі з гэтым на мерапрыемствах па лініі СНД абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай да святкавання ў наступным годзе гэтай памятнай даты.
"Пасяджэнне з'яўляецца вельмі важным, канкрэтным і прадметным. Гэта дае добрую магчымасць сустрэцца і абмеркаваць бягучыя пытанні і ўзаемадзеянне, якое накіравана на забеспячэнне большага супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы", - падкрэсліў Уладзімір Макей.
Спасылкі
[1] https://blr.belta.by/politics/view/belarus-na-pljatsoutsy-snd-davjala-pazitsyju-pa-pytannjah-regijanalnaj-bjaspeki-82010-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/snd
[3] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka
[4] https://zviazda.by/be/tags/infarmacyynaya-byaspeka
[5] https://zviazda.by/be/tags/regiyanalnaya-byaspeka