У Палаце прадстаўнікоў адбылося першае пасяджэнне міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы законапраекта, які прадугледжвае змяненне Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь».
Праект змяненняў плануецца ўключыць у План падрыхтоўкі законапраектаў на 2020 год. Дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях з'яўляюцца ў гэтым выпадку суб'ектамі заканадаўчай ініцыятывы і працуюць разам з профільным міністэрствам. На пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы былі абмеркаваны канцэптуальныя падыходы па ўсіх артыкулах закона, якія прапануецца змяніць.
— Гэта пытанні, якія датычацца павышэння дапамогі па беспрацоўі да памеру пражытачнага мінімуму, — патлумачыла журналістам старшыня парламенцкай камісіі Тамара Красоўская. — Прапануем змяніць паняційны апарат, падыходы да пераліку асоб, якія пры рэгістрацыі ў цэнтрах занятасці маюць патрэбу ў рэабілітацыі. Мы хочам, каб статус беспрацоўных мелі тыя, хто праходзіў лячэнне ў лячэбна-працоўных прафілакторыях Міністэрства ўнутраных спраў. Каб яны мелі тыя ж правы і гарантыі, што і астатнія беспрацоўныя.
Дэпутаты таксама прапануюць прапісаць у заканадаўстве магчымасць індывідуальнай рэабілітацыйнай праграмы для апошняй катэгорыяй грамадзян. Яшчэ адна прапанова — пашырэнне гарантый у сферы занятасці для сацыяльна ўразлівых катэгорый людзей, такіх як інваліды, шматдзетныя маці і іншыя.
Першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч расказаў пра асноўныя змяненні, якія дзяржаўны рэгулятар жадае ўбачыць у праекце закона са свайго боку:
У большасці гэтыя прапановы супадаюць з тымі, якія ініцыююць дэпутаты.
«Думаю, што надышоў час перагледзець само паняцце «занятасць», зрабіць яго вызначэнне больш шырокім, больш сучасным, — дадала Тамара Красоўская. — Каб яно ахапіла нестандартныя віды работ, самазанятасць, грамадска карысную дзейнасць, догляд дзяцей». Адна з прапаноў дэпутатаў — замяніць паняцце «работнікі, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення» на больш агульнае паняцце «работнікі, якія знаходзяцца ў групе рызыкі звальнення»...
Наступны этап работы над законапраектам — разгляд профільным міністэрствам тых прапаноў дэпутатаў, якія адрозніваюцца ад сфармуляваных спецыялістамі ведамства.
Вольга Мядзведзева
Прэв'ю: 24.kz
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/zakonapraekt-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/deputat
[5] https://zviazda.by/be/tags/zanyatasc-naselnictva
[6] https://zviazda.by/be/tags/bespracoue