Беларускія кнігавыдаўцы часта ўдзельнічаюць і ў замежных кніжных выставах
У лістападзе беларускія кнігі прэзентаваліся ў Туркменістане й на Мальце. “У век новых тэхналогій трэба сачыць за сучаснымі тэндэнцыямі ў кнігавыдавецкай дзейнасці, і тут нам у дапамогу — наведванне кніжных выстаў”, — адзначыў начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Уладзімір Андрыевіч на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы. А кніжкі ж па свеце розныя: напрыклад, на усходзе любяць іх багата аздабляць каляровымі малюнкамі, бліжэй на захад — перавагу аддаюць тэксту, робячы выданні таннейшымі. А прафесіяналы шукаюць “залатую сярэдзіну”.
У сталіцы Туркменістана 5–6 лістапада праходзіла XІІІ Міжнародная кніжная выстава-кірмаш і канферэнцыя “Кніга — шлях супрацоўніцтва і прагрэсу”. Многія з асобнікаў беларускіх кніжак засталіся ў Ашхабадзе. Магчыма, у хуткім часе будзе наладжана пастаўка й туркменскай літаратуры ў беларускія кнігарні. Пра гэта расказаў Генадзь Сілінскі, першы намеснік гендырэктара ААТ “Белкніга”. Да выставы газета “Літаратура і мастацтва” зрабіла спецвыпуск, прысвечаны літаратуры й культуры Туркменістана, які ў Ашхабадзе прэзентаваў галоўны рэдактар выдання Аляксей Чарота. “Я ўпершыню, колькі даводзілася ездзіць на падобныя імпрэзы, бачыў такую зацікаўленасць: ніводнага экзэмпляра не засталося. У нас бралі інтэрв’ю тэлежурналісты, адзін з часопісаў. Быў круглы стол, прысвечаны перакладам, паказаны па тэлебачанні. Мы ўсе, як слухачы, былі на навуковай канферэнцыі. Сапраўды, цікавасць да Беларусі ў туркменаў вельмі вялікая”, — дзяліўся Аляксей уражаннямі.
Беларускія выдавецтвы ў Ашхабадзе прадставілі свае лепшыя выданні, атрымалі 5 дыпломаў у 7 намінацыях. Адзначаны 4 кнігі выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”: у намінацыі “Кніга года” — “Музеі Беларусі. Энцыклапедыя”, у намінацыі “Мастацкае выданне” — “В. К. Бялыницкий-Бируля. И вновь зацвела весна”, у намінацыі “Лепшае паліграфічнае выкананне кнігі” — “Победа одна на всех. Беларусь — Узбекистан”, у намінацыі “Навукова-папулярнае выданне” — серыя “Беларусь. Трагедыя і праўда Памяці” (у яе ўваходзяць кнігі “Хатынь. Трагедыя беларускага народа”, “Трасцянец. Трагедыя народаў Еўропы”, “Боль і гнеў. Халакост і супраціўленне ў Навагрудку”). У намінацыі “Дзіцячая кніга” перамагла “Жаласлівая каралеўна” выдавецтва “Мастацкая літаратура”.
Туркменскія кнігавыдаўцы атрымалі запрашэнні наведаць Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш (пройдзе 5–9 лютага 2020 года), Міжнародны сімпозіум літаратараў “Пісьменнік і час” і Мінскі міжнародны медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні”.
На Мальтыйскім міжнародным фестывалі, які праходзіў 6 лістапада, беларускія кнігавыдаўцы былі ўпершыню, павезлі няшмат кніжак: каля 20. Прайшла важная сустрэча з галоўным менеджарам Нацыянальнага кніжнага савета Мальты спадарыняй Сімонай Касана. Беларусь прадстаўлялі рэферэнт упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Мінінфармацыі Вікторыя Лукашутэ і дырэктар выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна. Мальтыйскі бок прыняў запрашэнне прыехаць на Мінскую кніжную выставу-кірмаш, сімпозіум “Пісьменнік і час”. Для ўдзелу ў імпрэзах прапанавана кандыдатура Ларан Веллы, уладальніцы Нацыянальнай літаратурнай прэміі Мальты. Вялікую цікаўнасць на Мальце выклікалі нашы кнігі “А хто там ідзе? на мовах свету” (пераклады верша Янкі Купалы), “Францыск Скарына на мовах народаў свету” (пераклады знакамітай прадмовы з кнігі “Юдзіф”), “Моя золотая Бенгалия на языках народов света” (пераклад вядомага твора Рабіндраната Тагора). На Мальце ёсць некалькі фондаў, якія падтрымліваюць выданне літаратуры, у тым ліку перакладной, і беларусы спадзяюцца, што будуць сумесныя праекты.
Ганна Лагун
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/gr-22-2019-small_compressed.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/vestki