Сёлета яго тэма называлася «Развіццё айчыннай журналістыкі на сучасным этапе і яе адказнасць перад грамадствам». Для таго каб павысіць свае прафесійныя навыкі, там сабралася каля двухсот маладых спецыялістаў, студэнтаў і выкладчыкаў факультэта.
На пленарным пасяджэнні намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч адзначыў, што тэма форума сімвалічная.
— Адказнасць перад грамадствам — гэта галоўнае, што адрознівае журналіста ад іншых суб'ектаў стварэння інфармацыі, — сказаў ён. — Як і 10, 50 і 100 гадоў таму, прадстаўнік СМІ павінен памятаць аб сваёй галоўнай місіі — пошуку ісціны і служэнні грамадству, у якім жыве.
Закрануў Андрэй Кунцэвіч і пытанні, якія ўзнікаюць у сувязі з трансфармацыяй інфармацыйнай прасторы: як супрацьстаяць фэйкавым навінам, якое месца прафесійнага журналіста ў сучасным грамадстве, дзе кожны, у каго ёсць смартфон, можа генерыраваць медыйны кантэнт і ўплываць на аўдыторыю. Знайсці адказ павінны маладыя спецыялісты, заўтрашнія кіраўнікі СМІ, лічыць ён.
— Сёння медыя фарміруе не толькі наша ўяўленне пра рэчаіснасць, а фактычна мадэлюе саму рэальнасць, дынаміку падзей нацыянальнага і міжнароднага ўзроўняў, — падкрэсліў спікер. — Яшчэ некалькі гадоў таму было цяжка ўявіць, што Yоutubе стане сур'ёзным канкурэнтам тэлебачання, а блогі і каналы ў месенджарах будуць адчувальна ўплываць на навіны рэгіёнаў і нават краін.
Не абмінуў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта праблему ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадства, дзе СМІ павінны стаць своеасаблівымі медыятарамі, садзейнічаць эфектыўнасці механізма зваротнай сувязі ўлады і насельніцтва. «Дзяржаўная інфармацыйная палітыка — не замоўчванне праблем, а іх вырашэнне ў канструктыўным дыялогу з людзьмі», — сказаў Андрэй Кунцэвіч.
Пра неабходнасць выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі, быць актыўнымі ў сацыяльных сетках, уплываць сваім меркаваннем на маладзейшае пакаленне казаў першы сакратар ЦК ГА «БРСМ» Дзмітрый Варанюк. А дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук папрасіў сачыць за сваім іміджам у сацсетках і заставацца вернымі сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Нягледзячы на тое што журналісты аддаюць шмат часу і ўвагі інтэрнэту, дырэктар — галоўны рэдактар РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» Павел Сухарукаў упэўнены, што гэта — толькі сродак, а не змест; тэхналогіі, а не Слова, якое можа несці толькі чалавек.
Таксама на форуме адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў «Дэбют». Лепшымі сталі карэспандэнты газеты «СБ. Беларусь сегодня», агенцтва «Мінск-Навіны», БелТА, а таксама супрацоўнікі рэгіянальных СМІ з Брэсцкай, Гродзенскай, Віцебскай абласцей.
Пасля афіцыйнай часткі спецыялісты сабраліся абмеркаваць тэндэнцыі ў прававых, этычных асновах журналістыкі, а таксама шляхі вырашэння сацыяльных праблем, новыя тэндэнцыі і тэхналогіі сучаснай журналістыкі ў адмысловых секцыях.
Відэа з мерапрыемства глядзіце на сайце [4].
Юлія АДАМОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yuliya-adamovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] http://www.zviazda.by/be/news/20191129/1575018322-andrey-kuncevich-blogi-farmuyuc-infarmacyyny-paradak-dnya-regiyonau
[5] https://zviazda.by/be/tags/medyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/zhurnalistyka
[7] https://zviazda.by/be/tags/forum