Праваахоўнікі затрымалі 41-гадовага гараджаніна, датычнага да крадзяжоў з прыватных дамоў, учыненых у Барысаўскім і Крупскім раёнах з мая па лістапад бягучага года. Напярэдадні мужчына паспеў залесці ў чарговы прыватны дом у вёсцы Востраў Барысаўскага раёна.
У аператыўна-дзяжурную службу паступіў званок ад усхваляванай жыхаркі сельскага населенага пункта. Жанчына паведаміла пра крадзеж: невядомы разбіў шкло на першым паверсе, пранік у дом, дзе выкраў ювелірныя вырабы, дарагі алкаголь, 100 долараў, 120 еўра, а таксама розныя прадукты харчавання. Матэрыяльны ўрон склаў больш за 2,3 тысячы рублёў.
У ходзе правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў аператыўнікі выйшлі на след 41-гадовага жыхара раённага цэнтра, які раней дзевяць разоў быў судзімы за маёмасныя злачынствы.
Як паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Мінскага аблвыканкама, характэрна, што месцамі здзяйснення крадзяжоў зламысніка станавіліся населеныя пункты па маршруце руху электрычкі Мінск -- Орша. Менавіта такім спосабам мужчына дабіраўся ў чарговы пункт прызначэння. На рахунку затрыманага крадзяжы з прыватных домаўладанняў у вёсках Востраў, Навасады, пасёлку Крупскі. Зараз устаноўлена восем эпізодаў.
Па прызнанні мужчыны на здзяйсненне крадзяжоў яго падштурхнулі часовыя фінансавыя цяжкасці. Выкрадзеныя грошы фігурант марнаваў на пагашэнне сваіх даўгавых абавязацельстваў і асабістыя патрэбы, а іншае крадзенага рэалізоўваў, каб тым самым падзарабіць.
У дачыненні да барысаўчаніна заведзена крымінальная справа за крадзеж. Мужчыну пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв'ю: news.rambler.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[2] https://zviazda.by/be/tags/kryminalnaya-adkaznasc